Госьці эфіру — публіцыст, былы журналіст Радыё Свабода Сяргей Навумчык, а таксама Яфім Фіштэйн, былы супрацоўнік Радыё Свабода і падпісант «Хартыі’77».
«Я скептычны што да магчымасьцяў Эўропы ўзяць на сябе фінансаваньне РС. У цэнтральных дзяржавах Эўропы ёсць свае інфармацыйныя крыніцы, сваё замежнае вяшчаньне. Магчыма, і мацнейшыя, чым Свабода. Напрыклад, BBC у Вялікай Брытаніі, RFI, DW. Таму я скептычны, што Эўропа пацягне яшчэ адну радыёстанцыю. Беларусы — эўрапейскі народ, магчыма, вяшчаньне ў нейкай форме мела б сэнс. Але я пакуль ня бачу ахвочых узяць на сябе такі абавязак», — сказаў Яфім Фіштэйн.
«Сэнс захаваць РС ёсьць, бо ў сьвеце нічога не бывае вечнага. У 30-я гады Чэхаславаччына была дэмакратычнай, а праз пару гадоў стала пратэктаратам Трэцяга Рэйху. У Расеі ў 90-я, здавалася, усё ішло да дэмакратыі, а пасьля прыйшоў палкоўнік КДБ і стаў пагражаць усяму сьвету. Усё, што робіць чалавек, ён робіць на падставе таго, што мае ў галаве. Таму варта ўплываць — праз інфармацыю, паступовую эвалюцыю. А мэдыі адыгрываюць у гэтым істотную ролю. Гэта лепш, чым ваяваць», — сказаў Сяргей Навумчык.
Што папярэднічала
14 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, накіраваны на скарачэньне сямі фэдэральных агенцтваў, у тым ліку Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM).
«Цягам 7 дзён з даты падпісаньня гэтага ўказу кіраўнік кожнай зь пералічаных [у дакумэнце] дзяржаўных установаў павінен падаць дырэктару Адміністрацыйна-бюджэтнага ўпраўленьня справаздачу, якая пацьвярджае поўнае выкананьне ўказу, а таксама тлумачыць, якія падразьдзелы ці функцыі гэтай установы прадпісаныя законам і ў якой ступені», — гаварылася ў тэксьце ўказу.
Празь некалькі гадзін пасьля публікацыі ўказу СМІ распаўсюдзілі ліст USAGM, у якім гаварылася, што ўхвалены Кангрэсам грант, які фінансуе RFE/RL, спынены.
Ліст падпісала Кэры Лэйк, якая пазначыла сваю пасаду як старшая дарадца выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара (USAGM) з паўнамоцтвамі, дэлегаванымі выканаўцам абавязкаў генэральнага дырэктара.
Судовы пазоў
Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЭ/РС) падало ў суд на Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM), а таксама на прадстаўнікоў USAGM Кэры Лэйк і Віктара Маралеса, каб заблякаваць іхную спробу скасаваць фэдэральны грант на дзейнасьць РСЭ/РС.
Паводле пазову, пададзенага РСЭ/РС у Акруговы суд ЗША для акругі Калюмбія ў Вашынгтоне, скасаваньне гранту парушае фэдэральныя законы і Канстытуцыю ЗША. Адмова ў сродках, якія ўжо выдаткаваў Кангрэс ЗША, пярэчыць Канстытуцыі, якая надзяляе Кангрэс выключным правам вызначаць фэдэральныя выдаткі.
Справу будзе разглядаць суд акругі Калюмбія, Вашынгтон.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум