Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода падало ў суд, каб аднавіць фінансаваньне


Студыя Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода
Студыя Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода

Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЭ/РС) падало ў суд на Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM), а таксама на прадстаўнікоў USAGM Кэры Лэйк і Віктара Маралеса, каб заблякаваць іхную спробу скасаваць фэдэральны грант на дзейнасьць РСЭ/РС.

Паводле пазову, пададзенага РСЭ/РС у Акруговы суд у Вашынгтоне, скасаваньне гранту парушае фэдэральныя законы і Канстытуцыю ЗША. Адмова ў сродках, якія ўжо выдаткаваў Кангрэс ЗША, пярэчыць Канстытуцыі, якая надзяляе Кангрэс выключным правам вызначаць фэдэральныя выдаткі.

Справу будзе разглядаць Акруговы суд Злучаных Штатаў для акругі Калюмбія ў Вашынгтоне.

Прэзыдэнт і галоўны выканаўчы дырэктар RFE/RL Стывэн Капус сказаў:

«Цяпер ня час саступаць тэрыторыю прапагандзе і цэнзуры з боку праціўнікаў Амэрыкі. Мы лічым, што закон на нашым баку і што сьвяткаваньне нашай сьмерці дэспатамі ўва ўсім сьвеце заўчаснае».

14 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, накіраваны на скарачэньне сямі фэдэральных агенцтваў, у тым ліку Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM).

«Цягам 7 дзён з даты падпісаньня гэтага ўказу кіраўнік кожнай зь пералічаных [у дакумэнце] дзяржаўных установаў павінен падаць дырэктару Адміністрацыйна-бюджэтнага ўпраўленьня справаздачу, якая пацьвярджае поўнае выкананьне ўказу, а таксама тлумачыць, якія падразьдзелы ці функцыі гэтай установы прадпісаныя законам і ў якой ступені», — гаварылася ў тэксьце ўказу.

Празь некалькі гадзін пасьля публікацыі ўказу СМІ распаўсюдзілі ліст USAGM, у якім гаварылася, што ўхвалены Кангрэсам грант, які фінансуе RFE/RL, спынены.

Ліст падпісала Кэры Лэйк, якая пазначыла сваю пасаду як старэйшая дарадца выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара (USAGM) з паўнамоцтвамі, дэлегаванымі выканаўцам абавязкаў генэральнага дырэктара.

Лэйк была вылучана Трампам на пасаду кіраўніка «Голасу Амэрыкі», хоць яе кандыдатура яшчэ павінна быць ухваленая кансультацыйнай радай міжнароднага вяшчаньня.

  • Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода — некамэрцыйная мэдыякарпарацыя, якая распаўсюджвае інфармацыю на розных плятформах для аўдыторыі ў 23 краінах Усходняй, Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы, Каўказу, Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі на 27 мовах. Місія карпарацыі — несьці дэмакратычныя каштоўнасьці праз дакладныя, нецэнзураваныя навіны і адкрытыя дыскусіі ў краінах, дзе свабодная прэса пад пагрозай і навязваецца дэзынфармацыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG