Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне суд забараніў рэалізацыю арыштаваных угнаеньняў «Беларуськалію»


Пазоў Міністэрства юстыцыі будзе разглядаць Найвышэйшы антыкарупцыйны суд. Ілюстрацыйнае фота
Пазоў Міністэрства юстыцыі будзе разглядаць Найвышэйшы антыкарупцыйны суд. Ілюстрацыйнае фота

Раней суд забараніў Агенцтву вышуку і мэнэджмэнту актываў (АРМА) прадаваць чыгуначныя вагоны, якія належалі беларускаму прадпрыемству.

Найвышэйшы антыкарупцыйны суд забараніў АРМА рэалізацыю арыштаваных угнаеньняў, якія належалі прадпрыемству «Беларуськалій».

У прыватнасьці, як стала вядома Свабодзе, рашэньне суду тычыцца ўгнаеньняў, якія знаходзяцца ў 85 вагонах. Пасьля падтрыманага Беларусьсю расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ўкраінскія ўлады арыштавалі 753 чыгуначныя вагоны з угнаеньнямі «Беларуськалію» і яшчэ частку пустых вагонаў. Частку зь іх ужо пасьпелі прадаць на аўкцыёнах, якія ініцыявала агенцтва з пачатку 2025 году.

Суд ухваліў гэтае рашэньне для забесьпячэньня разгляду пазову Міністэрства юстыцыі Ўкраіны аб спагнаньні ў даход дзяржавы ўкраінскіх актываў «Беларуськалію». Раней суд забараніў АРМА прадаваць чыгуначныя вагоны, якія належалі беларускаму прадпрыемству.

У той жа час, як вынікае з сайту аб продажы арыштаванай маёмасьці, два конкурсы, якія абвясьцілі на продаж 6993 тысяч калійных угнаеньняў, пакуль не скасаваныя. Яны мусяць адбыцца 28 і 31 сакавіка. У выніку яшчэ двух конкурсаў — на 22,6 і 27,6 мільёна грыўняў (адпаведна 690 і 566 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС) — АРМА чакае аплаты.

На якія актывы «Беларуськалію» прэтэндуе Ўкраіна

Згодна з пазовам Міністэрства юстыцыі Ўкраіны, ідзецца аб спагнаньні ў даход дзяржавы амаль 80 тысяч тон калійных угнаеньняў, 1545 вагонаў, 53,5 мільёна грыўняў, атрыманых АРМА за рэалізацыю ўгнаеньняў (прыблізна 1,4 мільёна даляраў у эквіваленце. — РС), 73,5 тысячы эўра і 20,1 тысячы грыўняў з рахункаў «Беларуськалію» ў «Банк Кредит Дніпро», а таксама 48% статутнага капіталу ТАА «Агророзквіт» у памеры 86 400 грыўняў, якімі празь Беларускую калійную кампанію валодае «Беларуськалій».

Апроч таго, Міністэрства юстыцыі патрабуе перадаць у даход дзяржавы «права патрабаваньня ААТ „Беларуськалій“ на вяртаньне прымусова адчужанай маёмасьці», якую забралі на патрэбы дзяржавы ва ўмовах ваеннага становішча на падставе загадаў камандаваньня адной з вайсковых частак Міністэрства абароны Ўкраіны. У чэрвені і кастрычніку 2022 году вайскоўцы сканфіскавалі 17 515 тон калійных угнаеньняў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG