Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Польшча і краіны Балтыі агучылі пляны выхаду з дамовы аб супрацьпяхотных мінах, спасылаючыся на пагрозу ад Расеі

Польшча і краіны Балтыі агучылі пляны выхаду з дамовы аб супрацьпяхотных мінах, спасылаючыся на пагрозу ад Расеі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларусь далучылася да Атаўскай канвэнцыі ў 2003 годзе і зьнішчыла свой арсэнал супрацьпяхотных мін, сёмы ў сьвеце паводле колькасьці.

Польшча і тры балтыйскія краіны заявілі ў аўторак, што хочуць выйсьці зь міжнароднай канвэнцыі, якая забараняе супрацьпяхотныя міны, праз рост пагрозы для прыфрантавых дзяржаваў NATO з боку Расеі, паведамляе AP.

Міністры абароны Польшчы, Літвы, Латвіі й Эстоніі выступілі з сумеснай заявай пра тое, што яны «аднагалосна рэкамэндуюць выйсьці з Атаўскай канвэнцыі» — міжнароднай канвэнцыі аб забароне супрацьпяхотных мінаў, якая ўступіла ў сілу ў 1999 годзе.

Яны сьцьвярджаюць, што сытуацыя з бясьпекай уздоўж усходняга флянгу NATO «фундамэнтальна пагоршылася» з таго часу, як яны падпісалі Канвэнцыю аб забароне супрацьпяхотных мінаў, і што «ваенныя пагрозы краінам-сябрам NATO, якія мяжуюць з Расеяй і Беларусьсю, значна ўзрасьлі».

«Гэтым рашэньнем мы пасылаем яснае паведамленьне: нашы краіны гатовыя і могуць выкарыстоўваць усе неабходныя меры для абароны нашай тэрыторыі і свабоды», — напісалі яны.

Нягледзячы на намер выйсьці з дамовы, яны заявілі, што застануцца прыхільнымі гуманітарнаму праву, у тым ліку абароне цывільных асобаў падчас узброенага канфлікту.

Атаўская канвэнцыя была падпісана ў 1997 і ўступіла ў сілу ў 1999 годзе. Амаль тры дзясяткі краін не далучыліся да яе, у тым ліку некаторыя асноўныя цяперашнія і мінулыя вытворцы і карыстальнікі наземных мінаў, такія як ЗША, Кітай, Індыя, Пакістан, Паўднёвая Карэя і Расея.

У апублікаванай летась справаздачы міжнародны назіральны орган Landmine Monitor заявіў, што наземныя міны ўсё яшчэ актыўна выкарыстоўваліся ў 2023 і 2024 гадах Расеяй, М’янмай, Іранам і Паўночнай Карэяй.

А што ў Беларусі

Беларусь далучылася да Атаўскай канвэнцыі ў 2003 годзе. У сьнежні 2010 году Беларусь падпісала кантракт з гішпанскай фірмай на зьнішчэньне сваіх мінных запасаў цягам 28 месяцаў.

У 2017 годзе Беларусь канчаткова пазбавілася свайго міннага арсэналу, такім чынам выканаўшы свае абавязаньні ў рамках Атаўскай канвэнцыі аб забароне супрацьпяхотных мінаў, заяўляў намесьнік начальніка ўпраўленьня міжнароднай бясьпекі і кантролю над узбраеньнямі МЗС Беларусі Мікалай Аўсянка.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG