Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Міжнародныя банкі спынілі фінансаваньне інвэстпраектаў у Беларусі на 19 мільёнаў эўра, — Інстытут эканомікі НАН

Міжнародныя банкі спынілі фінансаваньне інвэстпраектаў у Беларусі на 19 мільёнаў эўра, — Інстытут эканомікі НАН


Сымбаль эўра ў Франкфурце-на-Майне. Ілюстрацыйнае фота
Сымбаль эўра ў Франкфурце-на-Майне. Ілюстрацыйнае фота

За апошнія гады міжнародныя банкі спынілі фінансаваньне інвэстыцыйных праектаў у Беларусі «на суму звыш 18,8 млн эўра», гаворыцца ў артыкуле загадчыцы сэктару інвэстыцыйнай палітыкі Інстытуту эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Марыі Саломкі ў лютаўскім нумары часопіса «Фінансы. Улік. Аўдыт», які цытуе «Позірк».

У артыкуле сьцьвярджаецца, што «вонкавыя пагрозы эканамічнай бясьпецы» Беларусі шмат у чым вызначаюцца санкцыйнымі абмежаваньнямі з боку так званых «недружалюбных краін».

Найбольш актуальнымі зь іх аўтарка называе забарону на экспарт і імпарт беларускіх тавараў, «шырокамаштабнае нэгатыўнае ўзьдзеяньне на асноўных контрагентаў для прымусу да адмовы ад двухбаковага супрацоўніцтва», «табу на разьмяшчэньне новых інвэстыцыяў з боку ўрадаў», «дэманстрацыйны выхад буйных інвэстараў з рынку».

Таксама ў артыкуле згадваюцца абмежаваньні на дзейнасьць за мяжой прадпрыемстваў зь беларускім капіталам, арышт і канфіскацыя замежных беларускіх актываў і «дыскрымінацыйныя меры на сусьветных рынках прамысловага экспарту».

Аналізуючы замежныя паступленьні ў інвэстыцыях у асноўны капітал за 2016–2013 гады, аўтарка адзначае «вельмі моцнае скарачэньне аб’ёмаў крэдытаў замежных банкаў і атрыманых па замежных крэдытных лініях [запазычаньняў], у 8 і 16 разоў адпаведна».

«Санкцыі на фінансавы сэктар Беларусі звузілі магчымасьці для прыцягненьня вонкавага фінансаваньня, уключаючы ажыцьцяўленьне дзяржаўных пазык на глябальных рынках. Адзначым, што адбылося рэзкае падзеньне замежных інвэстыцыяў з другога кварталу 2022 году. У той жа час у першых двух кварталах 2024 году яны (без крэдытаў і пазык замежных банкаў) вярнуліся на ўзровень 2021-га», — гаворыцца ў артыкуле.

Аўтарка артыкулу канстатуе «адчувальнае памяншэньне» замежных інвэстыцыяў з так званых «недружалюбных краін» — з 3,5 мільярда даляраў у 2016 годзе да 2 мільярдаў у 2023-м (амаль на 43%). Асноўную іх долю займаюць сродкі краін ЭЗ. Найбольш значнымі інвэстарамі названыя Аўстрыя, Нямеччына, Кіпр, Літва, Польшча і Вялікая Брытанія:

«Амаль усе яны істотна здалі пазыцыі. За гэты пэрыяд толькі інвэстыцыі Кіпру павялічыліся ўдвая, але тут гаворка ідзе пра краіну-афшора».

Падобнай названа сытуацыя з прамымі замежнымі інвэстыцыямі:

«У той час як у пачатку пэрыяду доля недружалюбных краін складала 42,8% ад ПЗІ, дык у 2023 годзе — толькі 33,2%», — гаворыцца ў артыкуле. Пры гэтым «за студзень–чэрвень мінулага году прыток ПЗІ ад іх асеў да 815,5 млн даляраў» (26,6% ад агульнага абʼёму), што ў тры разы горш за вынікі за аналягічны пэрыяд 2018 году (56,3%)», — адзначае Марыя Саломка.

Адначасова яна зазначае, што Эўразьвяз зьяўляецца «найбуйнейшым пастаўшчыком прамых інвэстыцый». Адной з асноўных крыніц на працягу некалькіх гадоў названа Вялікая Брытанія, але з выхадам яе з ЭЗ, «пачынаючы з 2020 году, прыток ПЗІ адтуль рэзка скараціўся і працягвае зьніжацца», канстатуе аўтарка артыкулу.

Таксама яна адзначанае скарачэньне паступленьняў з ЗША і рост з Канады — «больш як удвая (хай і да нязначных 7,8 млн даляраў)».

Паводле зьвестак прадстаўніцы Інстытуту эканомікі НАН, беларускія прадпрыемствы, якія рэалізуюць праекты з замежным фінансаваньнем, сутыкнуліся з шэрагам праблем, «ня бачных з статыстыкі», сярод іх — прыпыненьне саміх праектаў; парушэньне дамоваў на пастаўку абсталяваньня, абмежаваньне імпарту сыравіны, матэрыялаў, камплектных частак. Аўтарка піша, што «значна» пацярпелі прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, горназдабыўнай, аўтамабільнай прамысловасьці, сэктару электратранспарту.

  • Супрацоўніцтва Групы Сусьветнага банка зь Беларусьсю ў выглядзе даваньня новых крэдытаў ці інвэстыцыяў было прыпынена ў другой палове 2020 году пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў і маштабных пасьлявыбарных рэпрэсій у краіне. Увесну 2022 году Група Сусьветнага банка спыніла ўсе свае праграмы ў краіне.
  • Эўрапейскі банк рэканстукцыі і разьвіцьця ў сакавіку 2022 году прыпыніў на няпэўны тэрмін доступ да фінансаў і сваёй экспэртнай дапамогі для Беларусі і Расеі ў сувязі з пачаткам поўнамаштабнай вайны супраць Украіны. Менскі офіс ЭБРР зачынілі.
  • У красавіку 2022 году ўрад Беларусі пастановай зацьвердзіў пералік «недружалюбных» дзяржаў, у які ўключылі ўсе краіны Эўразьвязу, а таксама Новую Зэляндыю, Альбанію, Ісьляндыю, Паўночную Македонію, Вялікую Брытанію, ЗША, Чарнагорыю, Швайцарыю.
  • У ліпені 2022 году урад Беларусі вызначыў сьпіс з 190 беларускіх юрыдычных асобаў з уласьнікамі зь «недружалюбных» дзяржаў, якім забаранілі адчужаць свае долі (акцыі) у статутных фондах. Пасьля яго некалькі разоў пераглядалі.
  • У верасьні 2023 году зьявіўся ўказ № 285, якім устаноўлены асаблівы парадак атрыманьня прыбытку і дывідэндаў асобамі зь замежных дзяржаў, якія «зьдзяйсьняюць недружалюбныя дзеяньні» ў дачыненьні да Беларусі. Гэтыя грошы ім цяпер могуць пералічыць толькі на спэцыяльныя рахункі ў беларускіх банках, яны могуць выкарыстоўвацца толькі на фінансаваньне інвэстпраектаў у Беларусі, пагашэньне запазычанасьці па асобных крэдытах банкаў, разьмяшчэньне ў безадзыўныя банкаўскія ўклады на тэрмін ня менш за год у банку і «іншыя мэты», узгодненыя ўрадам з Лукашэнка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG