Пра тое, што Мікалай Халезін і сузаснавальніца Беларускага Свабоднага тэатру Натальля Каляда ўганараваныя званьнямі чальцоў ордэна, стала вядома 17 чэрвеня летась. Натальлі Калядзе ўручылі ордэн 3 лістапада.
Ордэн Брытанскай імпэрыі Мікалаю Халезіну меўся ўручаць кароль Вялікай Брытаніі Карл ІІІ, аднак ён напярэдадні трапіў у шпіталь. Таму ўзнагароджаньне праводзіла прынцэса Анна.
Мікалай Халезін апублікаваў здымкі з уручэньня ў сваім фэйсбуку.
Уручэньне адбылося ў Віндзарскім замку — рэзыдэнцыі каралеўскай сям’і.
Ордэн Брытанскай імпэрыі — рыцарскі ордэн, заснаваны брытанскім каралём Георгам V 4 чэрвеня 1917 году.
Беларускі Свабодны тэатар быў заснаваны ў Беларусі ў 2005 годзе. Цяпер ён базуецца цяпер у Лёндане і, як адзначаецца на сайце тэатру, «зьяўляецца адзіным тэатрам у Эўропе, забароненым урадам з палітычных матываў». Тэатар адзначаны такімі ўзнагародамі, як Прэмія Францускай Рэспублікі па правах чалавека (2007 год), Прэмія Атлянтычнай рады (2011 год) і Прэмія Вацлава Гаўла за творчае іншадумства (2018 год).
У 2023 годзе адбылася сусьветная прэм’ера спэктаклю «Дзікае паляваньне караля Стаха» паводле аднайменнага раману Ўладзімера Караткевіча. Рэжысэрамі спэктаклю выступілі Мікалай Халезін і Натальля Каляда. Сусьветная прэм’ера прайшла 16 верасьня ў прэстыжным лёнданскім тэатры «Барбікан». Culture Whisper унёс опэру «Дзікае паляваньне караля Стаха» ў сьпіс найлепшых спэктакляў верасьня 2023 году ў Лёндане.
У чэрвені 2023 году заснавальнікі беларускага «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін і Натальля Каляда атрымалі ўзнагароды караля Вялікай Брытаніі. Ім далі званьні членаў Ордэна Брытанскай імпэрыі (MBE) за заслугі перад тэатрам.
Як і многія іншыя дзеячы культуры і іншых сфэр, Мікалаю Халезіну закрыты шлях у Беларусь. На радзіме Telegram-чат рэжысэра «Khalezin Chat» трапіў у сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».