Журналістка газэты The New York Times Эліс Кэлаган, якая мае доктарскую ступень у галіне нутрыцыялёгіі, сабрала інфармацыю аб узьдзеяньні алькаголю на стрававальны тракт чалавека. Яна піша, што калі летась газэта апублікавала артыкул аб розных спосабах, якімі алькаголь зьмяняе кішэчны мікрабіём, рэакцыя чытачоў была ашаламляльнай. Многія людзі напісалі, як пазбавіліся ад праблем са страваваньнем, калі адмовіліся ад алькаголю або зьменшылі яго спажываньне.
У сувязі з гэтым Эліс Кэлаган пагутарыла зь лекарамі і апісала шэсьць спосабаў адмоўнага ўзьдзеяньня алькаголю на стрававальны тракт.
1. Кіслотны рэфлюкс
Ужываньне алькаголю прыводзіць да паслабленьня ўсіх цягліц арганізму, у тым ліку кляпану, які ізалюе страўнік ад стрававода і таксама складаецца зь цягліц. У выніку кляпан адкрываецца больш, чым трэба, што дазваляе страўнікавай кіслаце трапляць у стрававод. Гэта выклікае пякотку, кашаль, боль і іншыя сымптомы рэфлюксу.
Асабліва спрыяюць рэфлюксу кіслыя напоі накшталт сухога віна ці сідару.
2. Запаленьне і крывацёк
Нават невялікая доза алькаголю, ужытая ўсяго на працягу аднаго вечара, можа выклікаць запаленьне сьлізістай абалонкі страўніка. Ад гэтага могуць зьявіцца такія сымптомы, як млоснасьць, боль ці іншы дыскамфорт у вобласьці жывата. Яны могуць назірацца на працягу аднаго ці двух дзён. Такое запаленьне часовае і можа хутка загаіцца — як апёк у роце ад гарачай ежы, які таксама гоіцца некалькіх дзён, сказала выданьню гастраэнтэроляг з Унівэрсытэту Маямі Морган Шэйн.
Таксама алькаголь павышае рызыку крывацёку ў стрававальным тракце. У амэрыканскім дасьледаваньні 2016 году з удзелам каля 50 000 мужчын, за якімі назіралі 26 гадоў, выявілася, што тыя, хто ўжываў адзін-два напоі ў дзень, на 67 працэнтаў часьцей, чым тыя, хто наогул ня піў, мелі страўнікава-кішэчны крывацёк.
3. Газы і ўздуцьце жывата
Калі чалавек ўжывае алькаголь, страўнік паглынае невялікую яго колькасьць, астатняе ўсмоктвае і расшчапляе кішэчнік. Але калі выпіць занадта шмат і адразу — больш, чым арганізм можа засвоіць, — то ў канчатковым выніку, кажа дацэнт Каліфарнійскага ўнівэрсытэту, гастраэнтэроляг Сінція Сю, алькаголь зьмяшаецца зь мікробамі ў кішэчніку. Мікробы могуць расшчапляць алькаголь, але ў выніку гэтага ўтвараюцца газы, зьяўляецца пачуцьцё раздутага жывата і боль.
Яшчэ адзін важны вынік рэгулярнага ці празьмернага ўжываньня алькаголю — зьяўленьне дысбалянсу ў тыпах і колькасьці мікробаў, якія жывуць у кішэчніку, што патэнцыйна спрыяе хранічнаму ўздуцьцю жывата і іншым нездаровым сымптомам.
4. Няправільная праца кішэчніка
Алькаголь зацягвае ваду ў кішэчнік, што можа выклікаць вадкі стул, кажа доктарка Шэйн.
Сьпіртное таксама ўплывае на нэрвовую сыстэму ў сьценках кішэчніка, якая кантралюе рух яго зьмесьціва. У выніку, кажа прафэсар мэдыцыны з Гарвардзкага ўнівэрсытэту Д’ёнджы Сабо, гэты рух паскараецца і ўзьнікае дыярэя. Па ня вельмі зразумелых прычынах, дадала яна, алькаголь можа дзейнічаць і наадварот, выклікаючы запоры.
Празьмернае ўжываньне алькаголю таксама можа выклікаць (або пагаршыць) непераноснасьць ляктозы. Прычыны ў тым, што алькаголь парушае працу клетак, якія выпрацоўваюць фэрмэнт для расшчапленьня натуральныя цукру ў малацэ. Гэта таксама павышае верагоднасьць дыярэі.
5. Пранікальнасьць кішэчніка
Дасьледаваньні паказваюць, што нават адзін запой (які цяпер вызначаецца як чатыры ці больш напояў на працягу дзьвюх гадзін для жанчын і пяць або больш для мужчын) можа зрабіць абалонку кішэчніка больш пранікальнай або «працякальнай», кажа доктарка Сабо. Гэта можа дазволіць таксінам з кішэчніка пранікаць у крывацёк, выклікаючы запаленьне па ўсім целе.
У дасьледаваньні, праведзеным у лябараторыі доктаркі Сабо, 25 дарослых выпілі порцыю гарэлкі, зьмяшанай з апэльсінава-клубнічным сокам, каб зьнізіць канцэнтрацыю алькаголю ў крыві да 0,08, што зьяўляецца дапушчальнай мяжой для кіраваньня аўтамабілем ў ЗША. Аказалася, што праз 30 хвілін пасьля гэтага ў крыві ўдзельнікаў дасьледаваньня павысіўся ўзровень таксінаў і маркераў запаленьня, а ў кантрольных удзельнікаў, якія пілі толькі апэльсінавы сок, гэтага не адбылося.
Запаленьне кішэчніка і яго пранікальнасьць не выклікаюць імгненных сымптомаў, дадае прафэсар гастраэнтэралёгіі Ўнівэрсытэту Чыкага Алі Кешаварзіян. Але больш пранікальная сьлізістая абалонка стварае пагрозу хваробаў печані, бо дазваляе таксінам з кішэчніка пападаць у печань і выклікаць яе запаленьне.
6. Рызыка раку
У студзені 2025 году былы галоўны хірург ЗША доктар Вівэк Мурці папярэдзіў, што ўжываньне алькаголю можа павялічыць рызыку прынамсі сямі тыпаў раку, уключаючы рак рота, горла, стрававода, печані, тоўстай і прамой кішкі.
Доктар Кешаварзіян кажа, што нават нізкія дозы алькаголю, напрыклад, адзін напой у дзень, могуць павялічваць рызыку раку рознымі спосабамі. Паводле доктара, алькаголь можа спрыяць шкодным працэсам у арганізьме, якія прыводзяць да запаленьня, бо здольны пашкоджваць клеткі, бялкі і нават ДНК.
Форум