Увечары 15 студзеня на тэлеканале АНТ паказалі другую сэрыю прапагандысцкага фільма пад назвай «Свабода слова».
У 25-хвілінным роліку паказалі журналіста Свабоды Ігара Лосіка, якога затрымалі 25 чэрвеня 2020 году і асудзілі на 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Грамадзкасьці вядома, што апошні ліст ад Ігара прыйшоў бацькам 20 лютага 2023 году. Адпаведна, каля двух гадоў Ігар знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада — бяз сувязі з вонкавым сьветам.
На відэа Ігар выглядае схуднелым. Гутарыць зь ім прапагандыст Андрэй Аляксандраў (Козел), вядомы тым, што разам зь сілавікамі езьдзіць на палітычныя затрыманьні апанэнтаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Гутарка з Лосікам запісвалася ў турэмных умовах: відаць, што зьверху падае сьнег, вакол краты і турэмныя сьцены. Ігар каротка пастрыжаны. З рота ў Лосіка і прапагандыста Козела ідзе пара, што сьведчыць пра нізкую тэмпэратуру. Ігар у час запісу згорблены.
Запіс, імаверна, адбываўся ў сьледчым ізалятары КДБ у Менску, вядомым як «Амэрыканка», пра што сьведчыць, напрыклад, знакамітая вінтавая лесьвіца ў турме.
Перад пачаткам запісу канваір вядзе яго па крутой лесьвіцы з закладзенымі ззаду рукамі, нейкі час ён стаіць тварам да сьценкі. Запіс зроблены ў цёмны час сутак, у паўзмроку, на фоне кратаў. Ігар бяз шапкі, у турэмнай куртцы.
Радыё Свабода кіруецца правілам не цытаваць выказваньняў, невядома якім чынам атрыманых ад чалавека, які знаходзіцца ў зьняволеньні.
У канцы відэа зьявіўся анонс наступнай сэрыі фільму прапагандыстаў, у якім мае зьявіцца былы журналіст Радыё Свабода Ігар Карней, затрыманы ў ліпені 2023 году. Сэрыю зь ім зьбіраюцца паказаць 16 студзеня.
Як вынікае з праграмы АНТ на гэты тыдзень, таксама плянуюць паказаць і размову з апазыцыйным актывістам Юрасём Зянковічам, фігурантам так званай «справы змоўнікаў», які мае беларускае і амэрыканскае грамадзянства.
14 студзеня ў першай сэрыі прапагандысцкага праекту «Свабода слова» тэлеканал АНТ паказаў зьняволенага ўжо тры гады журналіста Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка.
Перасьлед Ігара Лосіка
Ігара Лосіка затрымалі ранкам 25 чэрвеня 2020 году ў яго дома ў Баранавічах. Яго абвінавацілі паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх»), а пазьней яшчэ паводле двух артыкулаў — 293-га і 130-га. Цягам 41 дня (з 15 сьнежня 2020 па 25 студзеня 2021 году) Ігар трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць выстаўленьня новых абвінавачаньняў у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Пасьля выстаўленьня яшчэ і трэцяга артыкула ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ.
14 сьнежня 2021 году Гомельскі абласны суд на закрытым паседжаньні ў СІЗА-3 прыгаварыў Лосіка да 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Камэнтуючы прысуд праз жонку Дар‘ю, Ігар расказаў, што ў ягонай справе не было ніводнай экспэртызы і ніводнага паста, які б даказваў яго віну па прад’яўленых артыкулах.
18 кастрычніка 2022 году сілавікі затрымалі жонку Ігара Дар‘ю Лосік, якая змагалася за вызваленьне мужа. Яе абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Дар’ю Лосік асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Яна датэрмінова выйшла на волю 3 ліпеня 2024 году.
Пасьля прысуду Ігара Лосіка ўтрымліваюць у Наваполацкай калёніі № 1. Шмат месяцаў ён правёў у памяшканьні камэрнага тыпу, неаднаразова яго пасылалі ў штрафны ізалятар. Праваабаронцам стала вядома, што ў сакавіку 2023 году Ігар у адказ на прэсінг з боку адміністрацыі калёніі лязом парэзаў сабе руку і шыю.
Усе адвакаты Ігара Лосіка (а іх было ня менш за 4) былі вымушаныя або выехаць з краіны, або разьвіталіся з адвакацкай ліцэнзіяй. Апошняя, пятая па ліку абаронца з Наваполацкай адвакацкай канторы сама прапанавала бацькам Ігара скасаваць дамову, калі даведалася, хто яе падабаронны і які тэрмін ён атрымаў. Вядома, што апошні ліст ад сына бацькам прыйшоў 20 лютага 2023 году.
Праваабаронцы прызналі Ігара і Дар’ю Лосікаў палітзьняволенымі. Рабочая група Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у адвольных затрыманьнях прызнала, што ўрад Беларусі парушыў міжнароднае права ў галіне правоў чалавека, кінуўшы яго за краты.
Перасьлед Андрэя Кузьнечыка
25 лістапада 2021 году журналіста Свабоды Андрэя Кузьнечыка затрымалі каля дому, у кватэры ўчынілі ператрус, забраўшы грошы, тэхніку і іншыя прадметы. Спачатку яму двойчы прысудзілі па 10 сутак арышту нібыта за «дробнае хуліганства», а 23 сьнежня 2021 году стала вядома, што супраць яго завялі крымінальную справу. Сям’я і грамадзкасьць даведаліся пра сутнасьць абвінавачаньня толькі праз паўгода пасьля затрыманьня.
8 чэрвеня 2022 году Магілёўскі абласны суд пакараў Андрэя Кузьнечыка 6 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня». Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя. Сваёй віны Андрэй Кузьнечык не прызнаў. За дзень да затрыманьня ён напісаў своеасаблівы маніфэст, у якім патлумачыў сваё рашэньне застацца ў Беларусі, нягледзячы на пагрозы.
У верасьні 2022 году МУС уключыла Кузьнечыка ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці». Праваабаронцы прызналі яго палітзьняволеным.
Перасьлед Радыё Свабода
- У жніўні 2020 году ўлады Беларусі заблякавалі доступ да сайта Радыё Свабода і яшчэ больш як да 40 выданьняў на тэрыторыі краіны. Журналістаў Беларускай службы Радыё Свабода пазбавілі акрэдытацый.
- У ліпені 2021 году сілавікі ўварваліся ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе, сканфіскавалі тэхніку.
- 3 сьнежня 2021 году суд Цэнтральнага раёну Менску па матэрыялах ГУБАЗіК МУС Беларусі прызнаў інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-каналу «Радыё Свабода — Беларусь», яе аналягі ў сацыяльных сетках і на відэагостынгу YouTube экстрэмісцкімі матэрыяламі.
- 23 сьнежня 2021 году МУС Беларусі прызнала «групу грамадзян, якія аб’ядналіся праз інтэрнэт-рэсурсы „Радыё Свабода“», экстрэмісцкім фармаваньнем, фактычна крыміналізаваўшы дзейнасьць мэдыяарганізацыі, яе журналістаў і аўдыторыі.
- Згодна зь міжнароднай арганізацыяй «Рэпартэры бязь межаў», у сусьветным рэйтынгу свабоды прэсы Беларусь за год апусьцілася на 10 пазыцый і цяпер займае 167-ы радок сярод 180 краінаў сьвету.
- Цяпер за кратамі ў Беларусі застаюцца 42 прадстаўнікі незалежных мэдыя.