Натальля Мацкевіч бараніла Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Марфу Рабкову, іншых палітвязьняў, а раней была адвакаткай у справе «Белага легіёну» ды іншых гучных палітычных справах.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
— Прапаную пачаць размову зь сёньняшняй навіны дня — зьяўленьня відэа з палітвязьнем Віктарам Бабарыкам, вестак ад якога не было амаль два гады. Вы адна з тых, хто бачыў Віктара Дзьмітрыевіча за кратамі. Як ён зьмяніўся — і ці зьмяніўся сутнасна?
— Я бачыла Віктара Бабарыку даўно, пры канцы 2021 году. З таго, што я бачу, ён больш схуднеў. Тады ўжо схуднеў, а цяпер бачна, што яшчэ больш схуднеў. Але гэты ягоны погляд, сьветлы, гарачы, добрыя словы — гэта ўсё Віктар Дзьмітрыевіч. Я вельмі рада, што ён сумеў у сабе сапраўды захаваць сваю сутнасьць. Чаму ўлады паказалі Бабарыку? Складана сказаць. Магчыма, гэта высілкі тых, хто гаворыць пра палітвязьняў, пра рэжым інкамунікада. Хочацца спадзявацца, што ў гэтым ёсьць роля міжнародных мэханізмаў, спэцпрацэдураў ААН. Можа, гэта нейкі жэст у пэрыяд электаральнай кампаніі. Раней да электаральных кампаній сытуацыя з палітвязьнямі мянялася. Як будзе гэтым разам, меркаваць вельмі складана. Я маю асьцярожную надзею.
Калі мы апошні раз бачыліся зь Віктарам Бабарыкам, гэта было ў верасьні 2021 году, мы ня думалі, што гэта будзе наша заключная сустрэча на гэтым этапе. Таму мы ўрачыста не разьвітваліся, а вырашалі побытавыя пытаньні, якія трэба вырашыць. У асноўным пра ўмовы працы, пра тое, як ён сябе адчувае, як кнігі можна перадаваць ці пасылаць. Простыя рэчы.
— Палітычны зьняволены блогер Сяргей Ціханоўскі застаецца ў рэжыме інкамунікада, у поўнай ізаляцыі ад сьвету, без магчымасьці бачыць сям’ю, абменьвацца лістамі амаль два гады, больш за 670 дзён. У дакумэнтальным фільме «Адзін з нас», кансультанткай і ўдзельніцай якога вы былі, даволі падрабязна аналізуецца ягоная роля ў падзеях 2020 году. Чаму вы вырашылі зрабіць гэты фільм? Чаму важна было нагадаць беларусам і сьвету пра зьняволенага на 19 гадоў Ціханоўскага?
— Любы чалавек, асабліва такая яркая асоба, як Ціханоўскі, заслугоўвае таго, каб на яго навесьці гэтую кругавую лямпу і падсьвяціць значнасьць гэтай асобы. Тым больш падзеі 2020 году былі сапраўды падзеямі, бо яны мелі эфэкт на жыцьцё кожнага з нас і на гістарычную пэрспэктыву. Маё меркаваньне як адваката — такія творы зьяўляюцца выказваньнем, зваротам да грамадзкай думкі, а празь яе — на тых, хто можа паўплываць на прыняцьце рашэньняў і на дзеяньні рэжыму. Гэта абсалютна легітымная мэта, таму што юрыдычныя сродкі мы не перастаем выкарыстоўваць і на нацыянальным, і на міжнародным узроўні, а гэта яшчэ адзін інструмэнт, сродак абароны чалавека. У яго такі сталінскі тэрмін выключна за словы. Ён знаходзіцца ў бядзе, у інкамунікада бяз сувязі з вонкавым сьветам. У міжнароднай практыцы гэта разглядаецца як гвалтоўнае зьнікненьне. Я бачу гэты фільм як адзін са сродкаў абароны.
Гэта патрэбна ня толькі палітвязьню Сяргею Ціханоўскаму. Гэта трэба ўсім нам, бо мы, кожны, напэўна, унутры сябе вядзе гэтую барацьбу за сябе, за тое, каб заставацца ў рэчышчы нармальнасьці, чалавечнасьці, каб заставацца людзьмі. Гэта спачуваньне... Гэта вельмі важна для нацыянальнай памяці, для грамадзкасьці. Мы ўсе маем права на памяць, права на праўду. Каб усё не закрывалася цёмным шклом нашых бедаў і часу, важна, каб у розных формах адбывалася дакумэнтаваньне і рэфлексія асабістых успамінаў удзельнікаў падзеі і экспэртаў.
— Вы шчыльна кантактавалі зь Ціханоўскім на розных этапах яго зьняволеньня. Як мяняўся, ці мяняўся Ціханоўскі і ваша стаўленьне да яго?
— Я не была знаёмая зь ім да таго, як пачала яго абарону. Мне падаецца, што людзі не мяняюцца. Я проста лепей пазнавала ягоныя якасьці. Мяняліся толькі паводзіны на розных этапах. Спачатку падавалася, што вызваленьне блізка... І Сяргей ставіў сабе пытаньні, што можна зрабіць і ці ўсё робіцца. Бліжэй да суду і падчас суду стала ясна, што гэта надоўга і прыйдзецца сядзець нейкі час. Ён неяк супакоіўся. Гэта ня значыць, што ён слабасьць праявіў, наадварот, у гэтым сіла. Разумеў, што трэба засяродзіцца на судовым працэсе, якім працэс застанецца ў гісторыі. І на самазахаваньні. Прыводзіў вядомую цытату вязьня канцлягера, што першыя загінулі тыя, хто думаў, што гэта хутка скончыцца, потым тыя, хто думаў, што гэта ніколі ня скончыцца, а выжылі тыя, хто засяродзіўся на сваіх паўсядзённых справах.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум