Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нізкая загрузка, страты для рэгіёну. Як працуе Мазырскі НПЗ, па якім Лукашэнка нібыта прапаноўваў ударыць Зяленскаму на пачатку вайны


 Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, архіўнае фота
Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, архіўнае фота

Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію амэрыканскаму падкастэру Лексу Фрыдману расказаў, што Лукашэнка прапаноўваў яму ўдарыць па Мазырскім НПЗ на пачатку вайны.

Глядзім, што цяпер з заводам, як ён працуе і куды можа пастаўляць прадукцыю.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі расказаў, што Лукашэнка нібыта выбачаўся перад ім у першыя дні вайны за пуск ракет з тэрыторыі Беларусі. Зяленскі згадаў пра гэта ў інтэрвію амэрыканскаму падкастэру Лексу Фрыдману.

«Ён сказаў, што «гэта ня я, гэта Пуцін запусьціў ракеты з маёй тэрыторыі». Гэта ягоныя словы, у мяне ёсьць сьведкі. Ён папрасіў прабачэньня, сказаў: «Павер, Валодзя, гэта ня я, я яму сказаў „ня трэба“, гэта было безь мяне», — пераказаў Зяленскі.

Сярод іншага Ўладзімер Зяленскі згадаў і Мазырскі НПЗ, адно з самых значных прадпрыемстваў Беларусі.

«Зразумейце, з расейцамі ваяваць нельга». Я яму кажу: «Як ты дазволіў?». Кажа: «Ну біце па НПЗ, ведаеце, колькі гэта для мяне значыць». Я яму сказаў: «Пра што вы кажаце?» — расказаў прэзыдэнт Украіны.

Прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант у размове з РБК адмаўляла, што з боку Лукашэнкі гучалі выбачэньні. Пра Мазырскі НПЗ Эйсмант не камэнтавала.

У ліпені 2022 году Лукашэнка таксама згадваў пра Мазырскі НПЗ як мішэнь для Ўкраіны, але ў нішым кантэксьце.

«Мы не зьбіраемся нікуды заходзіць, пакуль вы не перайшлі чырвонай лініі. Як толькі вы пяройдзеце нашу мяжу ці будзеце нацэльваць на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод (у іх такая шалёная думка была), мы імгненна адкажам. Таму вы нас не чапайце, мы да вас не зьбіраемся ісьці», — заявіў ён.

З чэрвеня 2021 году беларуская нафтаапрацоўчая галіна працуе пад санкцыямі — пастаўкі ў Эўразьвяз беларускіх нафтапрадуктаў забароненыя. З пачаткам поўнамасштабнай вайны для Беларусі таксама страчаны і ўкраінскі рынак нафтапрадуктаў. Глядзім, што цяпер з Мазырскім НПЗ і як ён працуе.

Расейская вайсковая тэхніка ў Мазыры, сакавік 2022
Расейская вайсковая тэхніка ў Мазыры, сакавік 2022

Нізкая загрузка, невялікая доля расейскага рынку

Беларуская нафтаапрацоўчая галіна мае два буйныя прадпрыемствы: Мазырскі НПЗ і наваполацкі «Нафтан». Апошні больш спэцыялізуецца на палімэрах, а Мазырскі завод — на прадуктах высокай ступені перапрацоўваньня нафты, такіх як якасны бэнзін. У дасанкцыйны пэрыяд завод купляў па нафтаправодзе «Дружба» нафту з Расеі, перапрацоўваў яе, а якаснае паліва ішло на заходні рынак і ва Ўкраіну.

З 2021 году Мазырскі НПЗ перастаў публікаваць у адкрытым доступе справаздачу аб фінансавай дзейнасьці. За 2020 год завод зарабіў 327,4 мільёна рублёў чыстага прыбытку, ці 134,7 мільёна даляраў.

Ёсьць таксама статыстыка за студзень—сакавік 2021 году — 21,4 мільёна рублёў чыстага прыбытку (8,2 мільёна даляраў).

Пасьля ўвядзеньня санкцый у 2021 годзе і страты ўкраінскага рынку ў 2022-м ранейшая схема працы прадпрыемства цалкам зламалася, кажа ў размове са Свабодай эканаміст Аляксей Харкевіч. Некаторы час прыбытак у заводу быў за кошт падатковага манэўру ў Расеі: калі прадпрыемству кампэнсавалі страты з прычыны зьніжэньня мыта і больш высокай цаны на нафту.

«Вядома, што яны пачалі пастаўляць у Расею авіяцыйнае паліва. Іх тэхналёгіі дазваляюць гэта рабіць, для гэтага закуплялася абсталяваньне. Таксама яны скарацілі аб’ёмы перапрацоўваньня з прычыны ўрагану мінулым летам», — кажа суразмоўца.

У траўні пра пастаўку рэактыўнага паліва зь беларускіх НПЗ у Расею паведамляла Аб’яднаньне беларускіх чыгуначнікаў.

Летась у ліпені ў Беларусі прайшоў ураган, празь які Мазырскі НПЗ на некаторы час застаўся без электрычнасьці і пацярпеў страты на некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў. Выданьне «Флагшток» са спасылкай на сваіх суразмоўцаў называла лічбу ў 35 мільёнаў.

Пасьля гэтага завод так і не ўзнавіўся. Па словах суразмоўцаў Свабоды, знаёмых з сытуацыяй, да Новага году завод працаваў з загрузкай, ніжэйшай за сярэднюю. Працы на прадпрыемстве стала меней, ад гэтага зьнізіліся заробкі.

«Пасьля ўрагану яны спыніліся на некаторы час, а цяпер, паводле ўскосных зьвестак, папярэдніх аб’ёмаў так і не нарасьцілі. І справа не ва ўрагане ці паломках, проста яны ня бачаць у гэтым сэнсу. Яны штучна прыпынілі некаторыя работы, каб ня трапіць у фінансавую залежнасьць ад крэдытораў ці банкаў», — мяркуе Аляксей Харкевіч.

Згодна са статыстыкай Белстату, чыстыя страты ўсіх арганізацый Мазырскага раёну за студзень—кастрычнік мінулага году перавысілі 1 мільярд рублёў. Летась за такі ж пэрыяд быў прыбытак — 676 мільёнаў.

Такія лічбы атрымаліся якраз праз праблемы на Мазырскім НПЗ, лічыць Аляксей Харкевіч.

«Гэта зьвязана з Мазырскім НПЗ, бо раней у справаздачнасьці дадзеныя па раёне і заводзе пераклікаліся. Гэты завод — адзін з найбуйнейшых падаткаплатнікаў, усе лічбы раёну адлюстроўваюць працу НПЗ», — зазначае эканаміст.

Пры гэтым Мазырскі НПЗ застаецца гігантам беларускай прамысловасьці. Завод здольны генэраваць даходы, але зараз гэтага не адбываецца. Калі такая сытуацыя расьцягнецца на гады, то прадпрыемства будзе прыходзіць у заняпад, кажа Аляксей Харкевіч.

«Нават без прыбытку каштоўнасьць прадпрыемства не зьмянілася карэнным чынам. Аднак калі праблемная сытуацыя будзе цягам 5 гадоў, будзе заняпад. Тады капіталізацыі і патэнцыял для эканомікі гэтага заводу зьменіцца», — гаворыць суразмоўца.

Мазырскі НПЗ можа перапрацаваць да 14 мільёнаў тонаў нафты за год. Толькі ў 2022 годзе загрузку заводу зьнізілі ўдвая, там перапрацоўвалі каля 5 мільёнаў тонаў на год. Зараз аб’ёмы могуць быць яшчэ меншымі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG