У Міністэрстве транспарту Казахстану паведамілі аб рашэньні накіраваць бартавыя самапісцы («чорныя скрыні») самалёта Azerbaijan Airlines, што пацярпеў крушэньне 25 сьнежня, у Цэнтар расьсьледаваньня і перадухіленьня авіяцыйных здарэньняў Бразыліі (CENIPA).
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, такое рашэньне ўхвалілі на падставе рэкамэндацый Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ІКАО), а таксама з улікам праведзеных кансультацый з Расеяй і Азэрбайджанам.
«Цэнтар (CENIPA) мае ўсе неабходныя магчымасьці, адпаведнае абсталяваньне і сэртыфікаваную лябараторыю для іх расшыфроўваньня», — адзначылі ў Міністэрстве транспарту Казахстану.
Апроч таго, Бразылія таксама зьяўляецца краінай-вытворцай паветранага судна Embraer.
Што папярэднічала
28 сьнежня адбылася тэлефонная размова азэрбайджанскага прэзыдэнта Ільхама Аліева з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, які выбачыўся за тое, што «трагічны інцыдэнт адбыўся ў паветранай прасторы Расеі», і выказаў спачуваньні сем’ям загінулых.
29 сьнежня Ільхам Аліеў заявіў, што самалёт атрымаў пашкоджаньні «з прычыны абстрэлу зь зямлі». Паводле яго, паветранае судна AZAL зьбілі «не спэцыяльна», але некаторыя колы ў Расеі хацелі «замяць пытаньне».
Самалёт Embraer авіякампаніі AZAL упаў недалёка ад казахстанскага горада Актаў 25 сьнежня. Пры гэтым лайнэр рабіў рэйс з Баку ў Грозны. На борце знаходзіліся 67 чалавек, у тым ліку 5 членаў экіпажа. 38 чалавек загінулі, 29 выжылі. 42 чалавекі былі грамадзянамі Азэрбайджана, 16 — грамадзяне Расеі, 6 — Казахстана, 3 — Кіргізстана.
У «Росавиации» першапачаткова выказалі вэрсію аб сутыкненьні самалёта са зграяй птушак. Але яшчэ ў дзень трагедыі ў сетцы зьявіліся запісы пашкоджаньняў самалёта, на якіх заўважылі сьляды, падобныя на ўзьдзеяньне паражаючых элемэнтаў у хваставой частцы.
Пасьля некалькі СМІ, у прыватнасьці тэлеканал Euronews і агенцтва Reuters, са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе Азэрбайджана перадалі, што самалёт маглі пашкодзіць расейскай ракетай СПА з комплексу «Панцыр» у раёне Грознага. Суразмоўцы Euronews расказалі, што пашкоджанаму борту не дазволілі прызямліцца ні ў адным з расейскіх аэрапортаў, нягледзячы на просьбы пілётаў аб экстранай пасадцы. У выніку экіпаж атрымаў каманду ляцець праз Касьпійскае мора ў кірунку казахстанскага Актау.
У самой авіякампаніі AZAL («Азэрбайджанскія авіялініі»), папярэдняй вэрсіяй катастрофы 27 сьнежня назвалі «фізычнае і тэхнічнае вонкавае ўмяшаньне».
Форум