1. Грошы на самы дарагі лек
Сёлета беларусы сабралі сродкі на прэпарат Zolgensma прынамсі траім дзецям. Гэтыя лекі ўжываюцца пры сьпінальнай цяглічнай атрафіі, яны спыняюць разьвіцьцё хваробы. Прэпарат можна ўвесьці толькі ў раньнім дзяцінстве. Дастаткова адной іньекцыі, але яна каштуе каля 2 мільёнаў даляраў.
У лютым сабралі неабходную суму для цяпер ужо 5-гадовай Лізы Церабавец з Мазыра. У красавіку ёй зрабілі ўкол Zolgensma. У сваіх сацыяльных сетках сям’я паведамляла, што пасьля ўколу дзяўчынка праходзіла курсы рэабілітацыі, навучылася хадзіць на каленях, прысядаць, вучылася хадзіць па сходах без апоры.
У сакавіку закрылі збор для цяпер ужо 4-гадовай Веранікі Хылкоўскай з Горадні. У красавіку дзяўчынцы ўвялі прэпарат Zolgensma. У сваіх сацыяльных сетках сям’я паведамляла, што потым Вераніка прайшла курс рэабілітацыі. Паходка ў дзяўчынкі стала больш роўнай.
У студзені сабралі поўную суму на Zolgensma для цяпер ужо 4-гадовай Рыты Юшкевіч зь Ліды. Аднак дзіцяці дагэтуль не зрабілі іньекцыі. Ужо пасьля збору грошай у яе выявілі надта высокі ўзровень антыцелаў у крыві на прэпарат. Аналізы рабілі некалькі разоў, аднак антыцелы ня падаюць. Перад гэтым антыцелы былі ў норме. Наступную спробу аналізаў на антыцелы плянуюць зрабіць у студзені 2025 году. Увесьці прэпарат Zolgensma можна ў клініцы ў Маскве, пакуль дзіця важыць менш за 13,5 кіляграма. У Дубаі мяжа дапушчальнай вагі — 21 кіляграм.
Сьпінальная мускульная атрафія (СМА) — шэраг захворваньняў, пры якіх слабеюць і адміраюць цягліцы ног, шыі, галавы. Такім дзецям складана смактаць, глытаць, трымаць галаву, поўзаць. СМА можа праявіцца як у раньнім дзяцінстве, так і ў дарослым узросьце. Гэтая хвароба зьвязаная з парушэньнямі ў генах. Калі яе не лячыць, то перастаюць працаваць лёгкія і чалавек памірае. У Беларусі жывуць каля 150 чалавек з СМА.
2. Краўдфандынгавая плятформа
Плятформа Gronka зьявілся ў ліпені. Яна падтрымлівае культурніцкія, адукацыйныя, тэхналягічныя праекты, прадпрымальнікаў і творцаў, у тым ліку ўнутры Беларусі. «Гронку» стварылі пераважна ананімныя энтузіясты. Яны працуюць як валянтэры, расказаў адзін са стваральнікаў плятформы «Гронка» Павал Лібер.
Пасьля таго, як у 2020 годзе ўлады закрылі плятформы падтрымкі творцаў MolaMola і Ulej, аналягаў іх у беларусаў не было.
За паўгода існаваньня праз «Гронку» цалкам або часткова сабралі грошы больш як на 10 праектаў.
3. Беларуска выйграла маратон у ЗША
Беларуская бягуха Вольга Мазуронак, якая пераехала ў ЗША, стала пераможцай Grandma’s Marathon. Гэты штогадовы маратон праводзіцца ў горадзе Дулут (штат Мінэсота). Беларуска паказала найлепшы час у сваёй кар’еры — 2 гадзіны 23 хвіліны і 52 сэкунды. Гэта таксама найлепшы вынік у гісторыі маратонаў у Дулуце.
Пасьля выбараў у Беларусі ў 2020 годзе Вольга Мазуронак падпісала ліст вольных спартоўцаў супраць гвалту. Яна казала, што яе Алімпійскія гульні за Беларусь скончыліся. Мазуронак чэмпіёнка Эўропы 2018 году. Выступала на двух Алімпійскіх гульнях (у 2016 і 2021 гадах) і абодва разы займала 5-е месца.
4. Кампанія-«аднарог»
Кампанія Flo, якая стварыла праграму для здароўя жанчын, стала каштаваць больш за мільярд даляраў. Перад гэтым яна прыцягнула 200 мільёнаў даляраў інвэстыцыяў. Пра гэта стала вядома ў ліпені. Аплікацыя Flo Health дапамагае жанчынам сачыць за мэнструальным цыклем, назіраць за цяжарнасьцю.
Flo — гэта IT-кампанія, якую стварылі беларусы. Галоўны офіс месьціцца ў Вільні, штаб-кватэра — у Лёндане, прадстаўніцтвы — у Нідэрляндах і ЗША. Менскі офіс цяпер закрыты. На сёньня Flo абслужыла каля 380 мільёнаў карыстальніц ва ўсім сьвеце. Flo — другая кампанія-аднарог зь беларускімі каранямі. Першай у 2021 годзе стала PandaDoc.
5. Марыя Калесьнікава сустрэлася з бацькам
У лістападзе палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай дазволілі сустрэцца з бацькам Аляксандрам. Амаль два гады ад яе не было навінаў, не прыходзілі лісты, не дазвалялі спатканьняў з роднымі. Былыя палітзьняволеныя пазналі месца здымкаў, гэта турэмная лякарня.
Дагэтуль адзінае спатканьне Калесьнікавай з бацькам было яшчэ ў сьнежні 2022 году, адразу пасьля яе апэрацыі, і доўжылася каля 10 хвілін у мэдчастцы калёніі. Сваякі Калесьнікавай ня мелі ніякай сувязі з Марыяй і навінаў ад яе зь сярэдзіны лютага 2023 году.
6. Твор беларускай пісьменьніцы трапіў у сьпіс найважнейшых кніг XXI стагодзьдзя
Кніга Сьвятланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд» заняла 72-ю пазыцыю ў сьпісе. Твор выдалі ў 2013 годзе. Ён расказвае пра савецкага «чырвонага чалавека» і траўмы ад распаду СССР. Гэта мастацка-дакумэнтальная проза, non-fiction. Паводле кнігі ўжо ставілі спэктаклі ў Беларусі.
Рэйтынг склала The New York Times. Яны апыталі 503 празаікаў, аўтараў нон-фікшн, паэтаў, крытыкаў і іншых аматараў кніг. Выданьне называе свой сьпіс рэйтынгам найбольш важных і ўплывовых кніг эпохі. Ацэньвалі кнігі, якія выйшлі пасьля 1 студзеня 2000 году.
7. Больш за 200 эвакуацый
Фонд BySol за год арганізаваў 228 эвакуацый людзей зь Беларусі, праз палітычны перасьлед. Падчас аднаго выезду часам вывозяць па некалькі чалавек, сем’і, паведаміў прадстаўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак.
«За кожнай эвакуацыяй стаіць розны аб’ём работы і розны ўзровень складанасьці. Ад простай кансультацыі да „вядзеньня за руку“», — напісаў у Facebook Андрэй Стрыжак.
8. Беларусістыка вярнулася ў Кіеў
Набор на вывучэньне беларускай мовы сёлета зноў адкрылі ў Кіеўскім нацыянальным унівэрсытэце імя Тараса Шаўчэнкі. Спэцыяльнасьць называецца «Беларуская мова і літаратура, украінская мова і літаратура і ангельская мова». Бакаляўрэат доўжыцца 4 гады. Студэнты становяцца бакаляўрамі філялёгіі.
Беларускую мову ў кіеўскім унівэрсытэце вывучалі з 2010 году. Аднак пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне набору на беларусістыку не было.
Вывучэньне беларускай мовы таксама могуць вярнуць у Беластоцкі ўнівэрсытэт. Вучэльня плянуе запусьціць новы кірунак «Беларуская этнаграфілялёгія», дзе студэнты змогуць вывучаць беларускую мову, культуру і гісторыю. Цяпер ВНУ праводзіць апытаньне, наколькі патрэбны гэты кірунак.
9. Вызвалілі раней за тэрмін больш за 200 палітвязьняў
За год праз памілаваньне на волю выйшлі 227 зьняволеных, асуджаных паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў (63 жанчыны і 164 мужчыны). Некаторыя зь іх мелі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Сярод вызваленых — хворы на рак экс-старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў, маці дваіх малых дзяцей Антаніна Канавалава, журналістка Ксенія Луцкіна, якая мела пухліну мозгу.
Людзей выпускалі раней за тэрмін падчас васьмі хваляў памілаваньня зь ліпеня па сьнежань:
- 3 ліпеня — 18 палітвязьняў (4 жанчыны і 14 мужчын);
- 16 жніўня — 30 чалавек (14 жанчын і 16 мужчын, сярод іх былі пэнсіянэры);
- 4 верасьня — 30 чалавек (7 жанчын і 23 мужчыны, большасьць — бацькі непаўналетніх дзяцей);
- 16 верасьня — 37 чалавек (6 жанчын і 31 мужчына, сярод іх людзі з захворваньнямі, інваліднасьцю, пэнсіянэры);
- 7 лістапада — 31 чалавек (2 жанчыны і 29 мужчын);
- 20 лістапада — 32 чалавекі (8 жанчын і 24 мужчыны, зь іх 17 маюць хранічныя захворваньні, адзін — інваліднасьць);
- 9 сьнежня — 29 чалавек (11 жанчын і 18 мужчын).
- 28 сьнежня — 20 чалавек (11 жанчын і 9 мужчын).
Адным з памілаваных у ліпені быў грамадзянін Нямеччыны Рыка Крыгер. Яго асудзілі ў Беларусі на сьмяротную кару. Іншаземца абвінавацілі ў выбуху на станцыі Азярышча пад Менскам. Крыгер нарадзіўся ў Бэрліне. Працаваў санітарам-ратавальнікам у Нямецкім Чырвоным Крыжы. У Беларусь прыехаў як турыст у кастрычніку 2023 году. Ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў BelPol заявіла, што прыезд Крыгера ў Беларусь справакавалі сілавікі, а працэс над ім сфальсыфікавалі. Аналітыкі назвалі гэтую спэцапэрацыю вакол грамадзяніна Нямеччыны гульнёй.
10. Знайшлі зьніклую кветку
Кустоўнік лекавы (Nasturtium officinale L) — каштоўная лекавая і харчовая расьліна. Доўгі час лічылася, што яна зьнікла. Аднак супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук падчас падрыхтоўкі пятага выданьня Чырвонай кнігі Беларусі знайшлі кустоўнік лекавы на Горадзеншчыне. Паводле літаратурных зьвестак ХІХ стагодзьдзя, гэтую кветку таксама фіксавалі ў Горадзенскай губэрні. Яна расла па берагах ручаёў з хуткай плыньню.
Форум