Стэндап-коміка Славу Камісаранку завочна асудзілі на 6 гадоў калёніі, ягоную справу ў Менскім гарадзкім судзе завочна разглядала судзьдзя Анастасія Папко, паведамляе «Вясна».
39-гадовага коміка Славу Камісаранку абвінавачвацілі ў «паклёпе на прэзыдэнта» (ч. 2 арт. 367 КК), «абразе прэзыдэнта» (ч. 1 арт. 368 КК) і «распальваньні варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК).
У дачыненьні Вячаслава Камісаранкі правялі спэцыяльнае вядзеньне справы.
- Слава Камісаранка — вядомы стэндап-комік, нарадзіўся ў Беларусі. Штогод даваў канцэрты ў розных гарадах Беларусі.
- Пасьля выбараў 2020 году Камісаранка неаднаразова выказваўся пра фальсыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі і асуджаў гвалт з боку сілавікоў.
- Таксама пасьля выбараў ён стаў часта жартаваць з Лукашэнкі ў сваіх стэндапах.
- Камісаранка лічыцца галоўным папулярызатарам мэму «Чык-чырык» пра Лукашэнку.
- Аднойчы, падчас размовы з комікам Русланам Белым, яны пажартавалі, што Лукашэнка — адзіны прэзыдэнт, які ня можа паляцець у адпачынак, бо яго не пускаюць шмат у якія краіны. «Аляксандра Рыгоравіча не пусьцілі на самалёт, а ён адказаў: «Ах, тады сам палячу! Чык-чырык», — пажартаваў тады Камісаранка.
- На пачатку 2021 году Камісаранку забаранілі выступаць у Менску, ануляваўшы гастрольныя пасьведчаньні.
- У студзені 2022 году Слава Камісаранка расказаў, што КДБ Беларусі абвясьціла яго ў вышук. Паводле яго, беларускія сілавікі яму «тэлефанавалі і пісалі SMS», але ён на той момант ужо зьехаў у Кіеў. Таксама ён расказаў, што супрацоўнікі КДБ шукалі ягоных бацькоў.