Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слава Камісаранка, Макс Корж, Ціма Беларускіх: у новы сьпіс забароненых у Расеі артыстаў трапілі беларусы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У распараджэньні выданьня «Вёрстка» апынуўся новы сьпіс забароненых у Расеі артыстаў. У ім 79 чалавек і гуртоў — гэта і праціўнікі вайны, і артысты, якія зьмянілі сваю думку аб уварваньні ва Ўкраіну, і нават прыхільнікі Пуціна. У сьпісе апынуліся і беларускія артысты.

Новы сьпіс забароненых артыстаў у пачатку верасьня разаслалі супрацоўнікам расейскіх рэклямных агенцтваў і кампаній па арганізацыі мерапрыемстваў, расказалі «Вёрстцы» дзьве крыніцы ў гэтых сфэрах. У «стоп-лісьце» 79 пазыцый — сольныя выканаўцы, музычныя гурты, комікі і тыктокеры.

У сьпісе апынуліся і беларускія артысты, а таксама ўраджэнцы Беларусі: гэта стэндап-комікі Слава Камісаранка, Ідрак Мірзалідзэ, Ірына Прыходзька і Ваня Ўсовіч, сьпевакі Макс Корж, Ціма Беларускіх і Натальля Падольская, беларускія гурты ЛСП і 5diez.

Цікава, што ў лік «забароненых» залічылі ня толькі беларусаў, якія актыўна выказвалі сваю антываенную пазыцыю (як Макс Корж) ці выступалі супраць рэжыму Лукашэнкі (напрыклад, Слава Камісаранка), але і «нэўтральныя» выканаўцы, якія нават выступалі на праўладных расейскіх канцэртах — як беларуска-расейская сьпявачка Натальля Падольская (выступала на «Крымскай вясьне-2022» у Лужніках).

Як кажа суразмоўца «Вёрстки», трэкі ўсіх выканаўцаў, якія ўвайшлі ў новы «стоп-ліст», забаронена выкарыстоўваць у рэклямных кампаніях, а саміх зорак — у прасоўваньні расейскіх брэндаў. Іншая крыніца выданьня дадала, што забарона фармальна носіць рэкамэндацыйны характар, але па факце «ўсе разумеюць, што выкарыстоўваць гэтых людзей не варыянт».

Большасьць у сьпісе — артысты, якія выступаюць на расейскай мове (як выканаўцы, якія сталі папулярнымі ў апошнія некалькі гадоў, так і зоркі сцэны); апроч іх, у сьпіс уключылі і заходніх «зорак»: Beyonce, Lana Del Rey, Metallica, Florence and the Machine, Hozier і IAMX. Сьпіс цалкам можна паглядзець тут.

Як тлумачыць адна з крыніц, іх трэкі забаранілі выкарыстоўваць на публічных мерапрыемствах. Ці пашыраецца забарона да выключэньня песень гэтых зорак з рэпэртуараў кавэр-гуртоў, суразмоўца не ўдакладніў.

Калі раней трапляньне ў падобныя сьпісы большасьці зорак забясьпечвалі выступы супраць уладаў або неадназначныя заявы пра вайну і палітыку Пуціна, дык цяпер зьявілася яшчэ адна прычына — сяброўства і зносіны зь іншымі знакамітасьцямі, якія робяць падобныя заявы, якія выехалі з Расеі ці маюць відавочна антываенную пазыцыю.

Разам з гэтым у пераліку выключаных з-пад забароны, якую таксама атрымалі супрацоўнікі рэклямных і піяр-агенцтваў, сярод шасьці артыстаў згадваецца і Міша Марвін, які асудзіў вайну і выехаў з Расеі на паўгода.

  • Першыя такія сьпісы «забароненых артыстаў» пачалі зьяўляцца ў Расеі яшчэ да поўнамаштабнай вайны супраць Украіны. У іх звычайна ўключалі адкрытых супернікаў Пуціна і ўдзельнікаў апазыцыйных пратэстаў, пасьля чаго такім артыстам часта адмянялі і зрывалі канцэрты. Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну сьпісы пачалі пашыраць, у асноўным за кошт тых, хто выступіў супраць ваеннай агрэсіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG