Партал TasteAtlas абнавіў свой штогадовы каталёг-рэйтынг найлепшых кухняў сьвету. Беларусь у спісе таксама ёсьць, хаця і далёка не на першай пазыцыі, заўважыла выданьне Blizko.by.
Сёлетні рэйтынг заснаваны на 477 287 ацэнках-водгуках на 15 478 страў сьвету. За сваю краіну галасаваць нельга. Агулам у сьпіс патрапілі 100 краін.
На першым месцы ў рэйтынгу сёлета аказалася Грэцыя зь сярэднім балам ацэнкі 4,6. Яна пасунула на другое месца Італію, якая ў мінулым годзе была лідэрам з рэйтынгам 4,65, а цяпер мае сярэднюю ацэнку ў 4,59 бала (Грэцыя летась была трэцяй з ацэнкай 4,64, сярэдні бал лідэраў крыху зьменшыўся).
У топ-10 найлепшых кухняў сьвету таксама трапілі Мэксыка (4,52), Гішпанія (4,5), Партугалія (4,5), Турэччына (4,5), Інданэзія (4,48), Францыя (4,48), Японія (4,47) і Кітай (4,45).
Беларусь з рэйтынгам 4 балы знаходзіцца на 75-ым месцы.
Пры гэтым асобных стравах нашай краіны рэйтынг такі:
- калдуны — 4,5 бала,
- жур — 4,4 бала,
- сырнікі — 4,4,
- мачанка — 4,4,
- лазанкі — 4,3,
- дранікі — толькі 4,2.
Год таму ў Беларусі было 71-е месца (3,99) у рэйтынгу — сёлета лічба рэйтынгу Беларусі нязначна палепшылася, а пазыцыя ў сьпісе нязначна пагоршылася.
TasteAtlas — онлайн-даведнік па традыцыйнай кухні. Ён грунтуецца на водгуках турыстаў, якія хочуць вывучаць іншыя культуры, і ў ім сабраныя аўтэнтычныя рэцэпты, агляды рэстаранных крытыкаў, а таксама навуковыя артыкулы пра папулярныя стравы і інгрэдыенты.
Форум