Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ паведамілі, што Беларусь у абход санкцый перавозіць у Бэнгазі «таямнічыя» грузы


Лібія, ілюстрацыйнае фота
Лібія, ілюстрацыйнае фота

Палёты пачаліся пасьля візыту ў Менск Садама Хафтара, аднаго з сыноў кіраўніка Нацыянальнай арміі Лібіі Халіфы Хафтара. У складзе дэлегацыі быў брыгадны генэрал Мухамад аль-Манфур аль-Амін, які камандуе Акадэміяй авіяцыі ва ўсходняй Лібіі.

Найбольшы ў Бразыліі авіяцыйны сайт AEROIN паведаміў, што беларускі грузавы самалёт у абыход санкцый ажыцьцяўляе «таямнічыя» рэйсы ў Лібію.

«Дзейнічае складаная сетка авіярэйсаў паміж Беларусьсю і лібійскім Бэнгазі, прычым авіякампанія Rada Airlines выконвае рэгулярныя рэйсы, мэта якіх, як мяркуецца, перавозіць зброю для сіл вайсковага камандзіра Халіфы Хафтара, кіраўніка Нацыянальнай арміі Лібіі», — піша выданьне.

Паводле выданьня, сэрыя палётаў пачалася пасьля візыту ў Менск Садама Хафтара, аднаго з сыноў Халіфы. У часе гэтага наведваньня, якое адбылося сёлета 11 кастрычніка, яго суправаджаў брыгадны генэрал Мухамад аль-Манфур аль-Амін, які камандуе Акадэміяй авіяцыі ва ўсходняй Лібіі.

Празь месяц пасьля гэтага візыту, 12 лістапада 2024 году, першы рэйс у гэтай незвычайнай сэрыі вылецеў з былой авіябазы ў Беларусі ў бок Бенгазі. Гаворка ідзе пра самалёт расейскай вытворчасьці Іл-62, пераабсталяваны з пасажырскага на грузавы.

Самалёт, зарэгістраваны пад рэгістрацыйным нумарам EW-450TR, ляцеў па нетыповым маршруце, у абыход паветранай прасторы Турэччыны, над тэрыторыямі Ірану, Іраку і Сырыі. Але назад у Беларусь ён вяртаўся па кароткім маршруце над Турэччынай.

Паводле выданьня, абыход тэрыторыі Турэччыны можа сьведчыць аб характары грузу, які перавозіўся ў Лібію, бо турэцкі бок падтрымлівае ўрад у Трыпалі і, імаверна, не дазволіў бы перавозіць зброю праз тэрыторыю сваёй краіны.

«У перапынку паміж палётамі 14 лістапада самалёт зноў вылецеў з Воршы ў Бэнгазі, захоўваючы стратэгію абыходу паветранай прасторы Турэччыны. У наступныя дні адбыліся новыя рэйсы, у тым ліку вяртаньне ў Менск, і кожны раз яны пазьбягалі маршрутаў, што маглі б прыцягнуць увагу ўладаў, якія выступаюць супраць транспартаваньня зброі», — піша выданьне.

Гэтыя рэйсы, адзначаецца ў матэрыяле, сьведчаць аб складанай лягістыцы вайсковага і матэрыяльна-тэхнічнага падтрыманьня лібійскага канфлікту, у якой выкарыстоўваюць прабелы ў міжнародных санкцыях.

Што вядома пра беларускую кампанію Rada Airlines

На афіцыйным сайце, які падтрымліваецца толькі на ангельскай мове, адзначаецца, што Rada Airlines зьяўляецца прыватнай беларускай авіякампаніяй, створанай у 2015 годзе.

Флёт кампаніі складаецца з двух самалётаў Іл-62М, якія маюць міжнародную сэртыфікацыю, у тым ліку Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ІКАО). Адзначаецца, што самалёты могуць перавозіць любыя віды грузаў, у тым ліку небясьпечныя.

Паводле зьвестак, разьмешаных у Wikipedia, кампанія мае тры самалёты Іл-62МГр, адзін зь якіх атрымала восеньню 2020 году.

«Заходнія кампаніі часам выкарыстоўваюць самалёты авіякампаніі Rada Airlines для кірункаў зь вялікімі рызыкамі», — адзначаецца ў артыкуле Wikipedia.

Адзначаецца таксама, што ў канцы студзеня 2020 году Іл-62 авіякампаніі Rada Airlines вылецеў з Базэля (Швайцарыя) з мэдыкамэнтамі ў Дамаск.

9 жніўня 2024 году кампанію і яе кіраўніцтва ўключылі ў санкцыйны сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзян і заблякаваных асобаў ЗША.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG