Расейскі грузавы самалёт раніцай 14 сьнежня вылецеў з авіябазы Хмэймім у Сырыі ў напрамку Лібіі, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на сырыйскага чыноўніка, які адсочвае тое, што адбываецца на базе.
Паводле яго зьвестак, у найбліжэйшыя дні чакаецца вылет з базы яшчэ некалькіх транспартных самалётаў. Раніцай 14 сьнежня на базе, у прыватнасьці, знаходзіўся грузавы самалёт Іл-76, а таксама верталёты, якія, як паведамляецца, прыляцелі туды з іншых рэгіёнаў Сырыі, дзе расейскія вайскоўцы пакідаюць свае пазыыі.
Як высьветліла Руская служба Радыё Свабода на падставе спадарожнікавых здымкаў, расейскі Іл-76 раней на гэтым тыдні, 10 сьнежня, прызямліўся ў Лібіі на авіябазе Аль-Джуфра. Няма зьвестак аб тым, адкуль прыляцеў гэты самалёт і куды ён пасьля накіраваўся.
Напярэдадні на аснове аналізу спадарожнікавых здымкаў СМІ паведамлялі пра прысутнасьць на базе найбуйнейшых грузавых самалётаў Ан-124, а таксама Іл-76, Ан-32 і Ан-72. Пра вылет грузавога самалёта ў Лібію, дзе таксама прысутнічаюць расейскія вайскоўцы, з базы Хмэймім паведамляецца ўпершыню з моманту зьвяржэньня рэжыму сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада і прыходу ў Сырыі да ўлады ўзброенай апазыцыі, пасьля якога будучыня расейскіх базаў у краіне застаецца незразумелай.
Шэраг заходніх СМІ, у прыватнасьці Financial Times і Washington Post, са спасылкай на свае крыніцы і аналітыкаў пішуць, што Расея пачала «згортваць ваенныя сілы і сродкі» ў Сырыі, абсталяваньне і ваенную тэхніку паступова вывозяць з краіны. OSINT-аналітыкі і журналісты таксама выяўляюць усё больш прыкметаў таго, што Масква вывозіць як мінімум частку сваёй тэхнікі. Так, як паведамляла напярэдадні Радыё Свабода, быў знойдзены падрыхтаваны да адпраўкі ваенна-транспартным самалётам радыёлякацыйны комплекс 91Н6Е. Ён выкарыстоўваецца з ракетнымі комплексамі С-300 і С-400. Самі ракетныя комплексы, мяркуючы па відэа, пакуль знаходзяцца на сваім звычайным месцы на авіябазе, аднак іх пускавыя ўстаноўкі не прыведзеныя ў боегатоўнасьць. На ўсіх спадарожнікавых здымках, зробленых да падзеньня рэжыму Башара Асада ў пачатку сьнежня, С-300 і С-400 стаялі ў стане поўнай боегатоўнасьці.
Карэспандэнт брытанскай газэты The Times у Сырыі Самэр Аль-Атруш 13 сьнежня апублікаваў відэа расейскай тэхнікі, якая прыбывае на авіябазу Хмэймім. Ён таксама пагутарыў з узброенымі людзьмі, якія ахоўваюць галоўны ўезд на базу, з прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і іншых краінах сьвету групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам», якая адыграла вырашальную ролю ў зьвяржэньні рэжыму Асада. Ахоўнікі базы сказалі журналісту, што, паводле іх зьвестак, Расея выводзіць свае войскі з краіны.
Раней зьвесткі з адкрытых крыніц дазволілі ўстанавіць, што Расея адправіла ў Сырыю некалькі дэсантных караблёў і грамадзянскіх судоў. У той жа час расейскія ваенныя караблі, што базаваліся ў порце Тартус, вывелі ў мора. Таксама расейскія вайскоўцы пакінулі невялікія базы ў Манбіджы і Кобане, паведаміла сырыйскае інфармацыйнае агенцтва North Press Agency.
Расейскі тэлеграм-канал ЕЖ публікуе відэа перакідваньня расейскай вайсковай тэхнікі на базу Хмэймім, пры гэтым аднаму з вайскоўцаў задаюць пытаньне, ці адпраўляюцца расейскія вайскоўцы «дадому». Той адказвае, што яны зьбіраюцца «ў Расею».
Bloomberg раней паведамляла, што Расея вядзе перамовы з новымі ўладамі аб захаваньні базаў у Сырыі.
- Расейскія базы ў Сырыі былі створаныя пасьля таго, як расейскія вайскоўцы ўмяшаліся ў грамадзянскую вайну ў Сырыі ў 2015 годзе і пачалі надаваць дапамогу Башару Асаду. У апошнія гады, калі ў Сырыі амаль не вяліся актыўныя баявыя дзеяньні, яны служылі галоўным чынам як лягістычны хаб для забесьпячэньня апэрацый расейскіх вайскоўцаў і наймітаў у Афрыцы, у тым ліку згаданую вышэй Лібію. З пачатку 2024 году Расея пачала нарошчваць вайсковую прысутнасьць у гэтай краіне: туды перакідваюць кадравых вайскоўцаў Мінабароны пад выглядам наймітаў, а таксама навабранцаў «афрыканскага» накірунку былой ПВК «Вагнэр».
- Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі і магчымае закрыцьцё раейскіх базаў у краіне можа значна ўскладніць ваенныя апэрацыі Расеі ў Афрыцы, дзе вайскоўцы і найміты знаходзяцца таксама ў Судане, ЦАР, Малі, Нігеры, Буркіна-Фасо. Пра гэта, у прыватнасьці, кажа аналітык нямецкага фонду Адэнаўэра Ульф Лесінг, якога цытуе Bloomberg.
- 8 сьнежня, у дзень, калі супернікі Асада занялі Дамаск, расейскія ўлады заявілі, што Башар Асад і ягоная сям’я знаходзяцца ў Расеі, дзе атрымалі прытулак. Паводле Reuters, Масква адмовілася дапамагаць Асаду ў адбіцьці апошняга наступу ягоных супернікаў, але прапанавала забясьпечыць яго ўцёкі. Асад пагадзіўся.
- Праціўнікаў Асада афіцыйная Масква да апошняга моманту называла «тэрарыстамі» і «экстрэмістамі». Цяпер афіцыйная рыторыка ў дачыненьні да іх крыху зьмянілася.
Форум