У аэрапорт бэльгійскага Астэндэ чатыры разы прыляталі самалёты беларускай кампаніі Rada Airlines, піша «Эўрарадыё». Гэта парушэньне санкцый, паколькі з чэрвеня 2021 году беларускія самалёты ня маюць права знаходзіцца ў паветранай прасторы Эўразьвязу.
Сьцьвярджаецца, што самалёты перавозяць гуманітарную дапамогу ў Афганістан праз Грузію. Але на зьнятым у Астэндэ відэа гаворыцца, што самалёт прыляцеў са сталіцы Лібіі Трыпалі.
Раней Rada Airlines падазравалі ў пастаўках зброі вайсковай хунце, якая захапіла ўладу ў М’янме і якую таксама падтрымалі Расея і Кітай. 10 лютага грузавая варыяцыя Іл-62, што належыць беларускай кампаніі, прызямлілася ў аэрапорце Янгону з грузам, падобным да скрыняў са зброяй.