Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі затрымалі яшчэ аднаго грамадзяніна Японіі, зноў у справе аб шпіянажы


Сьцяг Японіі
Сьцяг Японіі

У Беларусі затрымалі другога грамадзяніна Японіі, які нібыта здымаў дарогу, паведаміла 17 сьнежня пасольства Японіі ў Беларусі.

Міністэрства замежных спраў Беларусі паведаміла амбасадзе Японіі аб затрыманьні 16 сьнежня, піша The Asahi Shimbun.

У пачатку сьнежня беларускія незалежныя СМІ паведамілі пра затрыманьне грамадзяніна Японіі.

СМІ паведамлялі, што чалавек здымаў на відэа эстакаду, якая перасякае чыгуначнае палатно на паўднёвым усходзе Гомельскай вобласьці. Вобласьць мяжуе з Украінай, якая вядзе вайну з Расеяй, блізкім хаўрусьнікам Беларусі, нагадвае выданьне.

Пасольства Японіі ў Беларусі зьвярнулася па пацьвярджэньне ў МЗС Беларусі і атрымала адказ. Аднак у амбасадзе заявілі, што ня могуць назваць імя затрыманага і абвінавачаньні супраць яго.

У ліпені па падазрэньні ў шпіянажы беларускія спэцслужбы ўжо затрымалі аднаго японца, Масатосі Наканісі, які працаваў выкладчыкам японскай мовы ў мясцовым унівэрсытэце. Аднак у праграме пра гэтага чалавека, паказанай на дзяржаўнай тэлевізіі ў верасьні, размовы ў мэсэнджары LINE, якія лічыліся доказам яго «злачынства», відавочна ня мелі ніякага дачыненьня да шпіёнскай дзейнасьці, піша японскі партал.

Затрыманага раней Масатосі Наканісі абвінавачваюць у агентурнай дзейнасьці (арт. 358-1 Крымінальнага кодэксу). Яго трымаюць у сьледчым ізалятары КДБ.

У сюжэце дзяржаўнага тэлеканалу гаварылася, што Наканісі нібыта зьбіраў у Беларусі інфармацыю, якую «зьбіраўся перадаць» у японскую спэцслужбу «Кока Коан Іінкай». Сьцьвярджаецца, што ягоным «куратарам» нібыта быў былы муж ягонай малодшай сястры Масанаі Сато, у якога «ёсьць сувязі ў спэцслужбах».

Там сьцвярджалі, што японец таксама «езьдзіў у населеныя пункты побач з украінскай мяжой», дзе нібыта фатаграфаваў дарогі, масты, вакзалы і аэрапорты, а таксама інфраструктуру вайсковых аб’ектаў і чыгуначныя каляіны, агулам нібыта зрабіў 9 тысяч фатаздымкаў.

Месца, дзе ўтрымліваюць другога затрыманага японца, невядомае.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG