Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі гандлёвы цэнтар «Беларусь» пасьля пажару зьнясуць


Пажар у віцебскім гандлёвым цэнтры «Беларусь» 13 сьнежня
Пажар у віцебскім гандлёвым цэнтры «Беларусь» 13 сьнежня

Пра пляны зносу віцебскага ГЦ расказалі ў адміністрацыі Лукашэнкі.

«У будынку сур’ёзна пацярпелі ў тым ліку і перакрыцьці. Улічваючы тэхнічны стан будынку, ён будзе, хутчэй за ўсё, зьнесены. На гэтым месцы і ўладамі Віцебску і ўладамі вобласьці будзе прапанавана зрабіць іншы аб’ект, больш адпаведны цэнтральнай частцы гораду», — сказаў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітры Круты.

Віктару Вялюгу, які ў сярэдзіне 2000-х перабудаваў яго з кінатэатру ў ГЦ, трэба быць гатовым, што праверкі прыйдуць на іншыя аб’екты, якія належаць яму. Іх у яго толькі ў Віцебску каля 10, адзначае газэта «Белорусы и рынок».

Што тычыцца арандатараў, то ім выплацяць страхоўкі. Яны атрымаюць ільготныя ўмовы на іншых аб’ектах Вялюгі і кампэнсацыі ад яго.

«У сьпісе пацярпелых арандатараў у нас каля 200-300 чалавек. На ўзроўні выканкаму ў нас створана каардынацыйная група, якая працуе з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Цяпер мы спрабуем зразумець, якая частка маёмасьці была застрахаваная і падлягае клясычнай кампэнсацыі за кошт страхоўкі. Але большасьць людзей, у якіх пацярпелі дакумэнты, разьлічвае на кампэнсацыю. Улічваючы, што ва ўласьніка былі дапушчаныя шматлікія парушэньні і ў яго ёсьць іншыя аб’екты ў Віцебску, людзям будзе дадзена магчымасьць працаваць на іншых аб’ектах па льготных тарыфах, а таксама кампэнсаваць памер шкоды. Суму зараз вызначаюць экспэрты», — заявіў Круты.

У пятніцу 13 сьнежня ў Віцебску загарэўся ГЦ «Беларусь». Падчас пажару пацярпелі 16 чалавек, яшчэ чатыры чалавекі зьвярнуліся па псыхалягічную дапамогу.

Пажар ахапіў 2 тысячы квадратных мэтраў, на тушэньні працавалі 90 працаўнікоў МНС і 21 адзінка спэцтэхнікі. З будынку эвакуавалі 215 чалавек. Каб патушыць пажар, ратавальнікам спатрэбілася каля 5 з паловай гадзін.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG