Ва Ўкраіне 26 жніўня разьбіўся адзін са зьнішчальнікаў F-16, піша The Wall Street Journal са спасылкай на амэрыканскага чыноўніка. Пазьней інфармацыю пацьвердзілі ў Генштабе Ўзброеных сіл Украіны.
Інцыдэнт адбыўся падчас расейскага масаванага ракетнага ўдару. Паводле папярэдніх зьвестак, самалёт ня быў зьбіты варожым агнём: прычынай яго крушэньня, хутчэй за ўсё, стала памылка пілёта, расказаў суразмоўца WSJ.
Пазьней Генштаб УСУ пацьвердзіў інфармацыю пра крушэньне аднаго са зьнішчальнікаў F-16 падчас адбіцьця ракетнага ўдару Расеі па тэрыторыі Ўкраіны.
«Падчас паветранага бою самалёты F-16 прадэманстравалі сваю высокую эфэктыўнасьць, бартавым узбраеньнем былі зьбітыя чатыры крылатыя ракеты ворага. Падчас заходу на наступную цэль з адным з самалётаў была страчаная сувязь. Як высьветлілася пазьней, самалёт пацярпеў крушэньне, лётчык загінуў», — гаворыцца ў паведамленьні Генштабу УСУ.
Для высьвятленьня прычынаў аварыі прызначылі спэцыяльную камісію Міністэрства абароны Ўкраіны, якая працуе ў раёне падзеньня самалёта.
Тэлеграм-канал Shot 28 жніўня са спасылкай на неназваную крыніцу паведаміў, што першы ўкраінскі F-16 мог быць зьнішчаны падчас удару па аэрадроме Стараканстанцінаў у Хмяльніцкай вобласьці.
- Улады Ўкраіны прасілі перадаць зьнішчальнікі заходняй вытворчасьці ад самага пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі. У 2023 годзе некалькі краінаў са згоды ЗША прынялі рашэньне перадаць Кіеву такія самалёты.
- У канцы траўня першая група ўкраінскіх пілётаў завяршыла курс навучаньня на зьнішчальніках F-16 у ЗША. Пасьля гэтага пілёты адправіліся ў Эўропу дадаткова рыхтавацца.
- У сакавіку The New York Times сьцьвярджала, што да ліпеня 2024 году Ўкраіна можа атрымаць шэсьць F-16, для якіх будуць падрыхтаваныя 12 пілётаў.
- 5 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Паветраныя сілы Ўкраіны ўжо пачалі выкарыстоўваць перададзеныя эўрапейскімі краінамі баявыя самалёты F-16.
- General Dynamics F-16 вырабляюць зь сярэдзіны 70-х гадоў ХХ стагодзьдзя, гэта адзін з самых масавых зьнішчальнікаў чацьвёртага пакаленьня. Ён прызначаны як для перахопу паветраных цэляў, так і для нанясеньня ўдараў па наземных аб’ектах. Ён быў на ўзбраеньні больш як 20 краінаў. На 2023 год у складзе ВПС розных дзяржаваў было больш за 2100 такіх самалётаў.
Форум