Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы дасьледавалі працу ў беларускіх калёніях і высьветлілі памеры яе аплаты


Папраўчая калёнія ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Папраўчая калёнія ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Перапрацоўваньне, шкодная вытворчасьць, бясплатная праца ў холадзе. Такія праблемы ў беларускіх вязьняў на працы.

З парушэньнем працоўных правоў сутыкаюцца ўсе зьняволеныя ў Беларусі, аднак палітвязьні знаходзяцца ў найбольш уразьлівым становішчы, сьцьвярджаюць праваабаронцы «Вясны» і каардынатар грамадзкай кампаніі Respect-Protect-Fulfill Марыя Сьляпцова.

Паводле беларускага закону, працоўны тыдзень у папраўчай калёніі не павінен перавышаць 40 гадзін. Насуперак гэтаму зьняволеныя часта працуюць па сем дзён на тыдзень, з выхадным раз на два тыдні, што перавышае ўсе вызначаныя нарматывы.

Палітвязьням дастаецца самая брудная і небясьпечная праца, за якую плацяць літаральна капейкі або ня плацяць увогуле, адзначаюць праваабаронцы.

«Бегаюць дзесяць чалавек па асфальце і ганяюць лужыны»

У Наваполацкай калёніі ўзмоцненага рэжыму № 1 зьняволеныя сартуюць пластыкавыя адходы з прамысловых прадпрыемстваў, вырабляюць вугаль, пераапрацоўваюць другасную сыравіну, займаюцца дрэваапрацоўкай і іншай некваліфікаванай працай.

Былы палітзьняволены Арцём Хвашчэўскі ўспамінае, што атрымліваў за месяц усяго 2 рублі.

«Маёй працай было прыбіраць тэрыторыю прамзоны: улетку гэта нескладана. Трэба зганяць велізарныя лужыны пасьля дажджу ў вадасьцёк сьнегапрыбіральнымі шчытамі — вось так бегаюць дзесяць чалавек па асфальце і ганяюць лужыны. Яшчэ трэба было прыбіраць трэскі, якія разлятаюцца па ўсёй прамзоне падчас дрэваапрацоўкі, і кару, якая застаецца пасьля даставак на складзкое памяшканьне. Мы рабілі гэта адмысловымі шчоткамі, якія звалі „пудзелямі“ (выглядалі яны адпаведна). За гэтую працу пасьля вылічэньня за пражываньне і харчаваньне, наколькі я разумею, на атаварку закідвалі два рублі», — казаў Арцём Хвашчэўскі.

Віктар Бабарыка вымушаны быў працаваць па 9 гадзін 6 дзён на тыдзень

Самай шкоднай працай у калёніі № 1 зьняволеныя называюць выпальваньне драўнянага вугалю. Гэтай працай адзін час мусіў займацца і былы кандыдат на прэзыдэнта Віктар Бабарыка, які пачынаў адбываць пакараньне менавіта ў калёніі № 1.

«Зьняволеныя спальваюць дровы ў мэталічных бочках бяз доступу кіслароду, дыхаюць дымам, сажа ўядаецца ў скуру. На такую працу ў лістападзе 2022 году перавялі Віктара Бабарыку. Ён знаходзіўся на вуліцы бяз доступу ў бытавое памяшканне, падымаў цяжары, нягледзячы на проціпаказаньні па стане здароўя,» — цытуюць праваабаронцы тэлеграм-канал зьняволенага палітыка.

Колькі плацілі былому банкіру за шкодную працу ў калёніі, дакладна не вядома. З лютага 2023 году Віктара Бабарыку ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада. Няма пэўных зьвестак, дзе цяпер працуе вядомы палітвязень і як ён пачуваецца.

«Пабудзеш дзень на промцы, а потым смаркаесься — усё чорнае»

Былога палітзьняволенага Глеба Гатоўку ў наваполацкай калёніі прымушалі займацца сартаваньнем паліэтылену, што таксама лічыцца вельмі шкоднай вытворчасьцю.

«Умовы працы аб’ектыўна былі жудаснымі. Мяне прымусілі перабіраць „бубкі“ (паліэтылен высокага ціску — упаковачны матэрыял, які мае высокую хімічную ўстойлівасьць). Гэта абсалютна шкодная праца. Калі мы працавалі, то ў цэху падымаўся плястыкавы пыл. Мы пастаянна дыхалі гэтым. Пабудзеш дзень на промцы, а потым смаркаесься — усё чорнае. Я надзяваў мэдыцынскую маску, але праз пару гадзін знаходжаньня ў цэху на ёй утваралася чорная пляма на ўзроўні носа, там, дзе дыхаеш. Таму на промцы вельмі хутка і лёгка можна пасадзіць сабе лёгкія. Апроч гэтага, усё робіцца без пальчатак, голымі рукамі. Вязьні, якія сядзяць даўно, расказвалі, што пасьля месяцаў такой працы пачынаюць злазіць пазногці, скура робіцца жоўтай і забіваецца, пальцы распухаюць. Таксама гэтую працу можна лічыць бясплатнай. Вязьням могуць залічыць на рахунак пару капеек за месяц, і ўсё», — расказаў Глеб Гатоўка праваабаронцам.

У ПК-22 гуму апрацоўвалі бясплатна

Былы зьняволены Яўген, які адбываў пакараньне ў папраўчай калоніі № −22 у Івацэвічах, пасьля карантыну быў разьмеркаваны на дрэваапрацоўку, але неўзабаве яго перавялі на перапрацоўваньне мэталу, што лічыцца ня проста цяжкай, а найперш небясьпечнай працай.

«Меў неасьцярожнасьць сказаць кіраўніку сталярнага цэху, што ён займаецца адкрытым глупствам — ператварае якасную драўніну ў нейкае пілавіньне і наадварот, зь нейкага сіняга гнілога лесу спрабуе зрабіць мэблевыя шчыты для „Ікеі“. За гэта я хутка трапіў на мэтал», — прыгадвае Яўген тое, як апынуўся на ўчастку, дзе з гумы, якую пастаўляе «Белшына», яны мусілі здабываць мэталічны корд.

«За дзьве гадзіны зьняволеныя мусілі апрацаваць кіляграм сырой гумы. За невыкананьне нормы асуджаных адпраўлялі ў ШЫЗА. Працу „на гуме“ не аплачвалі, а тым, хто працаваў на дадатковай зьмене, плацілі рубель на месяц», — расказаў праваабаронцам вязень Яўген.

«Прафіляктычныя» работы ў жаночай калёніі

Паводле дасьледаваньня праваабаронцаў, ня менш жорсткія патрабаваньні выстаўляюць і да зьняволеных жанчын.

Былая палітзьняволеная Натальля Кукішава расказала аб прафіляктычных работах у Гомельскай жаночай калёніі № 4.

«У атрадзе ты так проста не сядзіш. Цябе заўсёды накіроўваюць на прафіляктычныя работы. Напрыклад, зімою я ніколі не абувала шлёпанцы, заўсёды была ў вулічным абутку. Бо нас пастаянна ганялі на прыбіраньне тэрыторыі: чысьціць сьнег або прыбіраць лужыны. Спачатку ты шуфлямі і венікамі зганяеш ваду ў каналізацыйны люк, які па ўзроўні знаходзіцца вышэй за лужыну. Гэта робіцца, нават калі ідзе дождж. Калі чакаецца буйная праверка, то трэба было дадаткова выбіраць лужы анучамі».

Акрамя асноўнай працы, зьняволеныя могуць бясплатна прыцягвацца да выкананьня работ «калектыўнага самаабслугоўваньня», што звычайна ўключае ў сябе прыбіраньне памяшканьняў і тэрыторыі турмаў і калёній. Зьняволеныя жанчыны часта займаліся разгрузкай прадуктаў для кухні, цягалі цяжкія мяхі з бульбай і гароднінай, паведамляе «Вясна».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG