Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За тысячу дзён вайны Расея выпусьціла па Ўкраіне больш за 10 тысяч ракет. Як гэта адбіваецца на расейскім бюджэце?


Рэшткі расейскай ракеты «Кінжал» у Кіеве, студзень 2024 году
Рэшткі расейскай ракеты «Кінжал» у Кіеве, студзень 2024 году

Расея зноў можа нанесьці ўдар па Ўкраіне балістычнай ракетай «Арэшнік» найбліжэйшымі днямі. Экспэрты ацанілі, як спраўляецца з вайной расейскі бюджэт.

Пра магчымы новы расейскі ўдар «Арэшнікам» заявіла прэс-сакратарка Пэнтагону Сабрына Сінгх. Паводле яе слоў, папярэджаньне ЗША заснаванае на новай ацэнцы амэрыканскай выведкі.

Уладзімір Пуцін амаль на ўсіх публічных выступах, пачынаючы з 21 лістапада, калі гэтай расейскай ракетай ударылі па Дніпры, расказваў ці хаця б згадваў пра гэтую нібы новую расейскую распрацоўку. Паводле слоў Пуціна, у Расеі наладжана сэрыйная вытворчасьць «Арэшніка» і запас гэтых ракет таксама нібыта ёсьць. Пазьней ён дадаў, што ў Расеі іх «некалькі», піша CurrentTime.

На думку расейскіх і ўкраінскіх экспэртаў, ракета «Арэшнік» — вельмі дарагая. Украінскі авіяэкспэрт Валерый Раманенка ацэньвае яе кошт прыкладна ў 40 мільёнаў даляраў. Расейскі ваенны экспэрт Ян Мацьвееў — амаль у 2,5 раза больш. Прасьцей за ўсё разьлічыць кошт вытворчасьці ракеты было б зь яе экспартнага кошту, але «Арэшнік» Расея пакуль нікому не прадавала.

Паводле падлікаў Украінскай службы Радыё Свабода, за тысячу дзён вайны Расея выдаткавала на ракеты, выпушчаныя па Ўкраіне, амаль 16 мільярдаў даляраў — гэта амаль 10 гадавых бюджэтаў Іркуцкай вобласьці. 134 ракеты «Кінжал» каштавалі 1,3 мільярда даляраў, 927 «Калібраў» — амаль мільярд, больш за дзьве тысячы ракет Х-101 — амаль 2,5 мільярды даляраў.

«У маштабах РФ гэта вельмі невялікія грошы, — тлумачыць эканаміст Дзьмітрый Някрасаў. — Апошнія 25 гадоў у Саудаўскай Арабіі без усялякай вайны вайсковыя выдаткі складаюць 9% ВУП. Ізраіль 30 гадоў запар жыў з вайсковымі выдаткамі 19% ВУП. Расея выдаткоўвае 6,5%». Даволі нязначнае павелічэньне вайсковых выдаткаў было прафінансавана павелічэньнем падаткаў, якія зьбіраюцца».

Прыкладна 20 мільярдаў даляраў за 1000 дзён вайны — лічба для вайсковага бюджэту Расеі не катастрафічная, упэўнены эканаміст. І гэта затраты толькі на вытворчасьць ракет, сюды не ўваходзіць вытворчасьць вайсковай тэхнікі, авіяцыі, боепрыпасаў, забесьпячэньне пяхоты. Большая частка выпушчаных па Ўкраіне ракет была створана задоўга да вайны. Хаця, калі верыць Пуціну, Расея вырабляе велізарную колькасьць гэтага віду зброі.

«Што тычыцца вытворчасьці адпаведных ракетных сыстэм і адпаведнай тэхнікі, то ў Расеі яна ў 10 разоў большая, чым сукупная вытворчасьць усіх краін NATO разам узятых. І ў наступным годзе яна будзе павялічана яшчэ на 25-30%», — паабяцаў Пуцін падчас свайго выступленьня на саміце АДКБ 28 лістапада.

Праверыць заяўленыя Пуціным лічбы немагчыма. І невядома, ці ведае ён сам рэальныя лічбы вайсковай вытворчасьці краін NATO. Ваенны экспэрт Павел Лузін назваў гэтую заяву «пустой рэплікай», а павелічэньне вытворчасьці ў разы ў параўнаньні з даваенным — сумнеўным.

У якасьці падмацаваньня сваёй гіпотэзы Лузін успомніў, што нягледзячы на заявы высокіх асобаў, у тым ліку Пуціна і Шайгу, расейцы пачалі браць снарады з ракетамі ў Паўночнай Карэі.

Газэта New York Times пісала пра павелічэньне вытворчасьці ракет у Расеі, аднак адзначала пры гэтым, што на вайне супраць Украіны іх трацяць так шмат, што прамысловасьць няздольная пакрыць лічбы.

Прадстаўнік міністэрства абароны Эстоніі Кусьці Сальма заявіў, што ЗША і краіны Эўропы вырабляюць у 7 разоў менш снарадаў за Расею. Розьніца ў першую чаргу ў тым, што вытворчасьць у Расеі ў 10 разоў таньнейшая. Заходнія санкцыі, якія абмежавалі ўвоз у Расею тавараў падвойнага прызначэньня, толькі на час змаглі запаволіць працу расейскага ВПК. Ужо ў канцы 2022 году ланцужкі паставак запрацавалі праз Армэнію і Турэччыну. У расейскіх ракетах нямала заходніх складнікаў, але тыя ж чыпы — прадукцыя ў тым ліку грамадзянская.

«Не расейская выведка будзе закупляць гэтыя чыпы, а проста людзі, якія хочуць зарабіць. Знойдуцца тысячы розных людзей, якія жадаюць зарабіць грошы на перапродажы. І пракантраляваць гэта ніякім чынам немагчыма», — гаворыць Дзьмітрый Някрасаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG