Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы ўжо самі забываемся аб правах чалавека


Учора ўвечары я рыхтавала прэзэнтацыю пра Марыю Калесьнікаву. Выступаць я зь ёй буду сёньня, у Дзень правоў чалавека, на мерапрыемстве, арганізаваным Amnesty International. Я перачытвала артыкулы пра Марыю, пераглядала яе фатаздымкі і чарговы раз думала, наколькі ж моцна апошнія чатыры гады зьмянілі нашае ўяўленьне пра норму.

Пра тое, што Марыя Калеснікава парвала пашпарт, калі яе спрабавалі вывезьці зь Беларусі, я даведалася, калі адбывала свой 7-дзённы арышт нібыта за ўдзел у маршы, на якім я насамрэч працавала як журналістка. Тады гэты тыдзень зьняволеньня быў гучнай справай, а цяпер і на прысуды ў два гады шмат хто рэагуе ўздыхам з палёгкай.

Падчас гэтай прэзэнтацыі я буду пераконваць аўдыторыю ў тым, што папулярнае ўяўленьне, нібыта ў Расеі найгоршыя рэпрэсіі і найгоршая сытуацыя з палітзьняволенымі, не адпавядае рэчаіснасьці. Напэўна, гэта адзін са спосабаў, як я даю рады з нашай рэальнасьцю — увесь час расказваю людзям зь іншых краін, што на нашым гаротным прыкладзе трэба вучыцца, наколькі кепска ўсё можа стаць у такі кароткі прамежак часу. Ну і крыўдна, вядома ж, чуць ад журналістак і журналістаў, якія нібыта спэцыялізуюцца на Беларусі, шчырае пытаньне: «У вас што, так жа кепска, як у Расеі?! Могуць арыштаваць ні за што?».

Я ў такія моманты заўжды спрабую прыбраць «субтытры» з аблічча, кантралюю міміку і расказваю, чаму нашыя палітзьняволеныя былі б шчасьлівыя сядзець у тых умовах, у якіх сядзяць расейскія. Расказваю, як зацята беларуская дыяспара ў Расеі змагаецца за кожнага, каму пагражае экстрадыцыя ў Беларусь. І дадаю, што нам бы павучыцца самапіяру ў расейцаў.

А потым разумею, што ўсё гэта ненармальна. Ненармальна, што мы апынуліся ў сытуацыі, калі трэба тлумачыць, што і сярод палітычных зьняволеных ёсьць градацыі. Ненармальна, што мы зайздросьцім палітзьняволеным у іншай краіне, бо іх катуюць менш. Ненармальна, што мы ўжо проста зьмірыліся з парушэньнем такіх правоў, як права на свабоду слова, права на свабоду саюзаў і сходаў, права на недатыкальнасьць перапіскі. Жыцьцё ў партызанскім рэжыме стала нашай новай нормай.

Безумоўна, добра, што мы здольныя адаптавацца — так наша псыхіка дазваляе нам у найлепшым выглядзе дажыць да перамен. Але наколькі лёгка будзе нам пераключыцца потым? Дый наколькі нармальна, што цяпер, чытаючы пра выракі, я заўважаю думку «менш за пяць гадоў — ужо някепска»?

Нам давядзецца нанова калібраваць сваё ўспрыманьне нармальнага і нанова вучыцца рэагаваць на ня самыя страшныя парушэньні правоў. Ясна, што калі сёньня ты атрымліваеш навіну, што тваю каляжанку катуюць у турме, дык заўтра ўжо наўрад ці атрымаецца востра адрэагаваць на чыйсьці завочны прысуд ці прызнаньне чарговага мэдыя экстрэмісцкім фармаваньнем. Але трэба хоць бы нагадваць сабе, што ўсе гэтыя прызнаньні і завочныя суды — гэта таксама жах і таксама парушэньне правоў чалавека. І за гэта вінаватыя таксама мусяць панесьці адказнасьць.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG