Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканская зорка Тэйлар Сьвіфт зноў стала самай папулярнай на музычнай плятформе Spotify


Тэйлар Сьвіфт.
Тэйлар Сьвіфт.

Другі год запар амэрыканская сьпявачка Тэйлар Сьвіфт названая першай паводле колькасьці праслухоўваньняў артысткай на папулярнай музычнай плятформе Spotify, паведамляе агенцтва Associated Press.

4 сьнежня стрымінгавы гігант прадставіў Spotify Wrapped 2024 — свой штогадовы агляд індывідуальных тэндэнцыяў праслухоўваньня, а таксама тэндэнцыяў папулярнай музыкі з усяго сьвету.

Тэйлар Сьвіфт (Taylor Swift) стала першай па праслухоўваньнях у сьвеце ў 2024 годзе, набраўшы больш за 26,6 мільярда праслухоўваньняў. За ёй ідуць канадзкі сьпявак, вядомы публіцы як The Weekend, пуэртарыканскі рэпэр Bad Bunny, канадзкі рэпэр Дрэйк (Drake) і амэрыканская сьпявачка Білі Айліш (Billie Eilish) ва ўказаным парадку.

У ЗША сьпіс самых папулярных артыстаў і гуртоў выглядае так: на першым месцы — Тэйлар Сьвіфт, за ёю Дрэйк, пасьля — амэрыканскі кантры-музыка Зак Браян (Zach Bryan), кантры-музыка і сьпявак Морган Уолэн (Morgan Wallen) і рэпэр Канье Ўэст (Kanye West).

Летась Тэйлар Сьвіфт пасунула з музычнага «трону» зорку рэггетону Bad Bunny, які ўтрымліваў запаветны тытул тры гады запар з 2020 году, і заняла першае месца ў сьвеце.

Сёлета Тэйлар Сьвіфт таксама атрымала званьне аўтаркі першага паводле колькасьці праслухоўваньняў альбома ў сьвеце ў 2024 годзе з «The Tortured Poets Department». За ім ідуць:

  • «Hit Me Hard and Soft» Білі Айліш,
  • «Short n’ Sweet» Сабрыны Карпэнтэр (Sabrina Carpenter),
  • «Mañana Será Bonito» Караль Джы (Karol G),
  • «eternal sunshine» Арыяны Грандэ (Ariana Grande).

Усе гэтыя альбомы новыя для 2024 году, за выключэньнем альбома Караль Джы, які выйшаў на пачатку 2023-га.

Найбольш папулярныя музычныя альбомы ў ЗША:

  • зноў жа «The Tortured Poets Department» Тэйлар Сьвіфт,
  • «One Thing At A Time» амэрыканскага сьпевака Ўолэна (Wallen), які выйшаў у 2023 годзе,
  • «Short n’ Sweet» Сабрыны Карпэнтэр (Sabrina Carpenter),
  • «Stick Season» сьпевака Ноа Каан (Noah Kahan),
  • «The Rise and Fall of a Midwest Princess» сьпявачкі Чапэл Роан (Chappell Roan), які выйшаў у 2023-м.

Тым часам Сабрына Карпэнтэр са сваім летнім гітом «Espresso» сёлета лідзіруе паводле колькасьці праслухоўваньня песьні як у ЗША, так і ва ўсім сьвеце — яна сабрала больш за 1,6 мільярда праслухоўваньняў.

У сьвеце за ёй ідуць «Beautiful Things» амэрыканскага сьпевака Бэнсана Буна (Benson Boone), «Birds of a Feather» Білі Айліш, «Gata Only» чылійскіх сьпевакоў Флой Мэнор і Крыса МДж (FloyyMenor and Cris MJ) і «Lose Control» амэрыканца Тэдзі Суімса (Teddy Swims).

У ЗША пасьля «Espresso» Сабіны Карпэнтэр самымі папулярнымі кампазыцыямі сталі «Not Like Us» Кендрыка Ламара (Kendrick Lamar), «A Bar Song (Tipsy)» Шабузі (Shaboozey), «I Had Some Help» Пост Малон і Моргана Ўолена (Post Malone and Morgan Wallen) і «Million Dollar Baby» Томі Рычмана (Tommy Richman).

Тое, што самыя вядомыя выканаўцы ва ўсім сьвеце занялі першыя месцы на Spotify Wrapped, не павінна выклікаць зьдзіўленьня — яны займаюць бачнае месца ў стрымінгавым сэрвісе, у тым ліку ў яго вельмі ўплывовых плэйлістах, на дадатак да таго, што могуць пахваліцца вернымі, адданымі фанатамі.

Spotify — найбуйнейшая ў сьвеце музычная стрымінгавая плятформа (на яе долю прыпадае прыкладна 31% рынку), штомесяц ёю карыстаюцца 626 мільёнаў чалавек. Яна мае 246 мільёнаў падпісчыкаў больш як на 180 рынках.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG