Як паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», ператрусы, у прыватнасьці, адбываюцца ў памяшканьнях «Адзінства — Нацыянальнага руху» і «Кааліцыі за перамены».
Заснавальніка апазыцыйнай партыі «Ахалі», лідэра «Кааліцыі за перамены» Ніка Гварамію паліцыя затрымала каля офісу дзьвюх партый — хаўрусьніц руху, у якіх паліцыя праводзіла ператрусы.
Паліцыя таксама затрымала сябра «Кааліцыі за перамены» Гелу Хасаю.
Раней паліцыя зайшла ў будынак адміністратара Facebook-плятформы «Даітовэ» Ільлі Глонці. Гэта плятформа, на якой удзельнікі і арганізатары пратэстаў абмяркоўваюць інфармацыю аб акцыях.
28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ абвясьціў аб прыпыненьні перамоваў з ЭЗ і адмове ад грантаў Эўразьвязу да 2028 году. Пры гэтым прэм’ер падкрэсьліў, што грузінскія ўлады застаюцца верныя сваёй мэце і краіна будзе гатовая да ўступленьня ў ЭЗ да 2030 году. Рашэньне ўладаў выклікала масавыя пратэсты перад будынкам парлямэнту ў Тбілісі. Дэманстранты спрабавалі ўзьвесьці барыкады, пачаліся сутычкі з паліцыяй. Для разгону пратэстоўцаў паліцыя ўжывала вадамёты і сьлезацечны газ.
Пасьля парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку, на якіх кіроўная партыя «Грузінская мара» набрала 54% галасоў, апазыцыя і заходнія ўрады заявілі, што галасаваньне было азмрочанае парушэньнямі і расейскім уплывам.
Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што лічыць парлямэнт нелегітымным і застанецца на сваёй пасадзе да выбраньня новага парлямэнту. Выбары прэзыдэнта ў Грузіі прызначылі на 14 сьнежня.
Форум