Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве з пачатку 2025 году беларусам будзе складаней здаць іспыты на права кіраваньня машынай


Паліцыя на дарогах у Вільні. Ілюстрацыйнае фота
Паліцыя на дарогах у Вільні. Ілюстрацыйнае фота

Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну Літва паступова ўскладняе працэдуру легалізацыі на сваёй тэрыторыі для грамадзян Беларусі і Расеі.

У Літве з 1 студзеня 2025 году іспыты на права кіраваньня аўтраранспартам будуць праходзіць толькі на літоўскай мове або іншай афіцыйнай мове Эўрапейскага зьвязу.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні Міністэрства ўнутраных спраў Літвы, адпаведнае распараджэньне падпісала кіраўніца ведамства Агне Білатайце.

«Гэтае рашэньне будзе спрыяць зьніжэньню ўплыву вонкавых пагроз на нацыянальную бясьпеку. Мы займаем выразную і каштоўнасную пазыцыю — дзяржаўныя паслугі ў Літве ня могуць аказвацца на мове краіны-агрэсаркі. Як краіна ЭЗ мы забясьпечваем доступ да паслуг на ўсіх афіцыйных мовах Эўразьвязу. Выключэньні будуць зробленыя для ўкраінцаў, якія пражываюць у Літве і маюць часовую абарону Эўразьвязу», — заявіла Агне Білатайце.

Згодна з распараджэньнем МУС Літвы, тэарэтычная частка іспыту будзе праходзіць на літоўскай або іншай дзяржаўнай мове ЭЗ, а на практычную частку асобы, якія ня ведаюць літоўскай, могуць запрасіць перакладчыка зь літоўскай на выбраную афіцыйную мову Эўразьвязу.

У той жа час дакумэнт прадугледжвае пераходны пэрыяд на выкарыстаньне гэтых нормаў для тых грамадзян, якія пачалі падрыхтоўку да іспытаў паводле дзейнага парадку. Да канца году ахвотнікі атрымаць права на кіраваньне транспартнымі сродкамі могуць здаваць тэарэтычныя іспыты на літоўскай, ангельскай і расейскай мове, а практычныя — зь перакладчыкам зь літоўскай на любую мову, у тым ліку расейскую. Новыя нормы тычацца ўсіх грамадзян краін, якія не ўваходзяць у склад Эўрапейскага зьвязу.

Згодна з інфармацыяй МУС Літвы, у 2023 годзе тэарэтычныя іспыты на расейскай мове здавалі 10381 разоў (у гэтым выпадку мова ідзе не аб колькасьці грамадзян, бо ў Літве тэарэтычныя іспыты можна здаваць некалькі разоў пасьля няўдачы. — РС), а сёлета за 11 месяцаў — 11 560 разоў. Найбольш іншаземцы здаюць іспыты, каб атрымаць права на кіраваньне ў катэгорыі В (легкавыя аўтамабілі), пасьля, паводле колькасьці, ідуць катэгорыя C (грузавікі) і катэгорыя A (матацыклы).

У Літве ўсе іспыты — і тэорыя, і практыка — платныя, паўторныя спробы таксама. Пасьля здачы тэарэтычнай часткі грамадзянін можа здаваць практычны іспыт цягам аднаго году. У выпадку, калі цягам году практычны іспыт не ўдаецца здаць, прэтэндэнту давядзецца здаваць тэорыю другі раз.

У Літве на 1 сьнежня 2024 году жывуць 213 338 іншаземцаў на падставе дазволаў на жыхарства (супраць 221 848 на 1 студзеня). Найбольш (111 725) дазволаў на часовае пражываньне выдадзена на падставе працы.

Колькасьць грамадзян Расейскай Фэдэрацыі скарацілася з 15 888 да 15 105, грамадзян Беларусі — з 62 167 да 59 399, а колькасьць грамадзян Украіны — з 86 353 да 68 166.

Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну Літва паступова ўскладняе працэдуру легалізацыі на сваёй тэрыторыі для грамадзян Беларусі і Расеі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG