Кіраўніца Міністэрства ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла, што больш жорсткае міграцыйнае заканадаўства паспрыяла зьніжэньню міграцыйных патокаў зь Беларусі, Украіны і Расеі.
«Больш жорсткія захады кантролю ўжо даюць адчувальныя вынікі — сёньня мы больш эфэктыўна кіруем міграцыйнымі патокамі і прадухіляем злоўжываньні міграцыйнымі працэдурамі, што дазваляе лепш забясьпечваць нацыянальную бясьпеку», — заявіла Агне Білатайце.
Як адзначаецца на афіцыйным сайце літоўскага ведамства, на 1 сьнежня 2024 году ў Літве жывуць 213 338 іншаземцаў на падставе дазволаў на жыхарства супраць 221 848 на 1 студзеня. Найбольш (111 725) дазволаў на часовае пражываньне выдадзена на падставе працы.
Колькасьць грамадзян Расейскай Фэдэрацыі скарацілася з 15 888 да 15 105, грамадзян Беларусі — з 62 167 да 59 399, а колькасьць грамадзян Украіны — з 86 353 да 68 166.
З пачатку году да 1 лістапада 2024-га анулявалі або адмовілі ў выдачы 24 368 дазволаў на пражываньне (у 2023 годзе гэтая лічба складала 10 767).
Апроч таго, сёлета Літва забараніла ўезд на сваю тэрыторыю 577 грамадзянам Беларусі і 278 грамадзянам Расеі.
Форум