У групе, якая вядзе расьследаваньне прычын катастрофы самалёта DHL у Вільні, пакуль не знайшлі доказаў вонкавага ўмяшаньня ў самалёт перад ягоным падзеньнем у Вільні 25 лістапада.
Як паведаміла выданьне LRT, сьледчыя падкрэсьлілі што выбуху перад падзеньнем самалёта не было.
«Пакуль у нас няма доказаў незаконнага ўмышаньня ў авіяцыйныйную дзейнасьць або пажару ўнутры самалёту», — сказаў кіраўнік аддзела расьсьледаваньня авіяцыйных здарэньняў і інцыдэнтаў Лаўрынас Наўёкайціс.
Першыя допыты чальцоў экіпажу, якія выжылі, таксама робяць усё менш імавернай вэрсію аб дывэрсіі.
«У іх таксама не было ніякіх пабойваньняў, што ўнутры нешта адбываецца — ці былі дым, хаос, нейкі пах. Такіх зьвестак няма», — паведаміў часовы міністар абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас.
Кіраўнік Цэнтра кіраваньня крызіснымі сытуацыямі Вілмантас Віткаўскас дадаў, што перашкоды GPS, якія былі ў той дзень, не маглі стаць прычынай крушэньня самалёту.
«GPS-сувязь, якая для гэтага самалёта не патрэбная, паколькі выкарыстоўваецца іншая сыстэма, у момант пасадкі працавала», — пераконвае Вілмантас Віткаўскас.
У Генэральнай пракуратуры паведамілі, што цяпер сярод імаверных вэрсій расьсьледуюцца і неасьцярожныя паводзіны.
«Першапачаткова сабраная інфармацыя ня сьведчыла аб неабходнасьці расьследаваньня больш сур’ёзнага крымінальнага злачынства», — сказаў пракурор Генэральнай пракуратуры Літвы Артурас Урбяліс.
Прадстаўнік Генпракуратуры Літвы заклікаў палітыкаў пазьбягаць заяў аб імаверным тэракце.
«Цяпер мы ня можам выказваць здагадкі, а ў публічнай прасторы ўжо былі заявы палітыкаў. Я б, напэўна, пазьбягаў такіх разважаньняў аб магчымыя тэракце ці аб нейкіх іншых дзеяньнях», — дадаў Артурас Урбяліс.
- Раніцай 25 лістапада самалёт DHL, які вылецеў з аэрапорта Ляйпцыгу, пацярпеў крушэньне непадалёк ад аэрапорту Вільні. Адзін з чатырох чальцоў экіпажу загінуў, трое іншых, у тым ліку адзін грамадзянін Нямеччыны, у бальніцы. Жыхары раёну, у якім упаў самалёт, не пацярпелі.
- Прычыну крушэньня самалёта высьвятляюць. Сьледчыя спадзяюцца, што змогуць атрымаць важную інфармацыю пасьля аналізу чорнай скрыні і прылады аўдыёзапісу, якія ўдалося знайсьці ў абломках самалёта. Як паведаміла выданьне Der Spiegel са спасылкай на прадстаўніка Міністэрства юстыцыі Літвы, апрацоўка зьвестак можа доўжыцца каля месяца. На месцы працуюць таксама спэцыялісты зь Нямеччыны, Гішпаніі і ЗША.
Форум