Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«І ў аптэкі забягалі, і ў царкву — лавілі, выцягвалі людзей». Беларусы расказваюць пра разгон пратэстаў у Грузіі


Пратэсты ў Тбілісі ў ноч на 2 сьнежня
Пратэсты ў Тбілісі ў ноч на 2 сьнежня

Пратэстоўцы страляюць пэтардамі і фаервэркамі. Сілавікі паліваюць вадой і газам, моцна б’юць. Свабода пагаварыла зь беларусамі Грузіі пра тое, як праходзяць акцыі пратэсту.

28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі Іраклій Кабахідзэ заявіў, што грузінскі бок прыпыняе перамовы аб уступленьні краіны ў Эўразьвяз да 2028 году. Гэта выклікала самыя масавыя пратэсты грузінаў за апошні час. Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі стала на бок пратэстоўцаў.

Асноўныя падзеі абдываюцца ў сталіцы краіны Тбілісі. Эпіцэнтар пратэстаў — тэрыторыя каля парлямэнту, Адміністрацыі прэзыдэнта і будынка кіроўнай прарасейскай партыі «Грузінская мара». Мітынгоўцы перакрываюць і займаюць значную частку праспэкта Руставэлі. Акцыі пратэсту адбываюцца таксама ў многіх гарадах па ўсёй краіне.

Раней сёлета пратэсты ў Грузіі праходзілі таксама ў канцы кастрычніка супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў у парлямэнт. Паводле афіцыйных падлікаў, перамагла прарасейскай партыя «Грузінская мара». Сёлета ўвесну цягам двух месяцаў праходзілі пратэсты супраць закону «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву».

«Страляюць у вадамёт пэтардамі і фаервэркамі»

На выходных, 30 лістапада і 1 сьнежня, паводле юрыста і праваабаронцы Беларускай дыяспары Аджарыі Рамана Кісьляка, у цэнтры Тбілісі на пратэстах было вельмі многа людзей. Ён мяркуе, што 1 сьнежня прыйшло ня менш за 50 тысяч чалавек. Праспэкт Руставэлі, зь ягоных словаў, быў заняты «на палову перагону ад адной станцыі мэтро да другой». Гэта больш, чым было на папярэдніх мітынгах супраць фальсыфікацыі выбараў у парлямэнт сёлета ў кастрычніку.

Паводле другога суразмоўцы, грамадзкага актывіста Віктара* (Імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС), у першы дзень пратэстаў 28 лістапада на вуліцы выйшлі каля 10-15 тысяч чалавек.

Найбольш людзей прыходзіла позьнім вечарам. Частка застаецца на ўсю ноч на раніцы. Потым людзі разыходзіліся, а бліжэй вечара вярталіся. Ноччу, калі людзей становіцца менш, сілавікі адцясьняюць іх ад урадавых будынкаў, расказвае Кісьляк.

«Пакуль людзей было шмат, не было ніякага шанцу кагосьці адцясьніць. З аднаго боку яны (пратэстоўцы. — РС) страляюць у вадамёт пэтардамі і фаервэркамі. А з другога сілавікі паліваюць вадой з вокнаў (будынку парлямэнту. — РС). Відаць, працягнулі брандспойты», — кажа Раман Кісьляк.

Разгон удзельнікаў пратэстаў на праспэкце Руставэлі ў Тбілісі
Разгон удзельнікаў пратэстаў на праспэкце Руставэлі ў Тбілісі

Многія пратэстоўцы, паводле Кісьляка, у масках, ахоўных акулярах, адгазьніках, касках. На акцыі прыходзяць у асноўным маладыя людзі. Дзяцей на вечаровыя акцыі ўжо не бяруць. МУС Грузіі зьвярнулася да бацькоў, каб забралі з пратэстаў непаўналетніх дзяцей, бо яны могуць пацярпець.

«Настрой у людзей вельмі добры, прыўзьняты, вясёлы», — камэнтуе Кісьляк.

Паводле актывіста Віктара, на пратэсты прыходзіць шмат студэнтаў, а таксама прадстаўнікоў культуры і «сфэры гасьціннасьці».

Ён расказаў, што 28 лістапада вакол будынку парлямэнту паставілі мэталічную агароджу.

«Група людзей грукала ў мэталічны плот. Атрымалася зьняць адзін са шчытоў. Яго сталі выкарыстоўваць як барыкаду, каб абараняцца людзям ад спэцназаўцаў», — расказаў маладзён.

«Яны і ў аптэкі забягалі, і ў царкву, выцягвалі людзей»

Сілавікі разганялі ўдзельнікаў дэманстрацыі ня толькі вадой, але і сьлезацечным газам, расказаў Віктар. Ён чуў, што некаторыя пратэстоўцы меркавалі, што ў ваду ў вадамётах таксама падмешваюць нейкае рэчыва, якое «есьць» вочы, бо яны мелі апёкі і сьлёзы, калі трапілі пад вадамёт.

«Адной з журналістак дзесьці 20 хвілін прамывалі вочы фізрастворам», — кажа ён.

Суразмоўцы Свабоды мяркуюць, што гвалт з боку сілавікоў толькі злуе людзей, таму ўсё больш іх выходзіць на пратэсты. Яны адзначылі, што цяпер сілавікі праяўлялі да пратэстоўцаў такую жорсткасьць, якой раней не было.

Пратэстоўцы на праспэкце Руставэлі ў Тбілісі
Пратэстоўцы на праспэкце Руставэлі ў Тбілісі

«Найбольшая жорсткасьць была ў другую ноч (на 1 сьнежня. — РС). Затрымалі больш за сто чалавек. Яны (сілавікі. — РС) бегалі, і ў аптэкі забягалі, і ў царкву — лавілі, выцягвалі людзей. Кагосьці не адпускалі, супрацоўнікі аптэкі адбівалі хлопцаў... Ужо потым не разьбіраюцца, хто страляе, хто не страляе. Б’юць усіх запар», — кажа праваабаронца.

Ён адзначае, што ў Грузіі ня так шмат спэцназу, як у Беларусі. Паліцыянтаў мабілізавалі ў сталіцу зь іншых гарадоў.

«Гэта было так хаатычна. Немагчыма было прадказаць, як яны цяпер будуць сябе паводзіць. У нейкі момант яны пабеглі натоўпам на людзей. Пачалі рандомна людзей біць. На адну асобу магло быць 5-6 амапаўцаў. Эскаляцыя жорсткасьці пачалася пад ранак... Ёсьць відэа, як забягалі ў аптэку, у краму, каб затрымаць тых людзей, якія там хаваліся», — кажа Віктар пра акцыю пратэсту 28 лістапада.

Ён дадаў, што затрымалі таксама ягоную сяброўку, пабілі яе ў машыне, яна страціла прытомнасьць. Потым, са словаў Віктара, яе выкінулі з машыны і далі ёй бутэльку вады.

Грузінская паліцыя падчас разгонаў пратэстаў, Тбілісі
Грузінская паліцыя падчас разгонаў пратэстаў, Тбілісі

«„Касманаўты“, спэцназ цалкам закрылі твары»

Суразмоўцы Свабоды расказваюць, што ў Грузіі распаўсюджваюцца чуткі, што сярод сілавікоў, якія разганяюць пратэсты ў Тбілісі, могуць быць расейцы. Аднак пацьверджаньня гэтаму няма. Актывіст Віктар расказаў, што ягоная знаёмая грузінка чула, як некаторыя сілавікі размаўлялі паміж сабой па-расейску. Яна пачынала гаварыць зь імі па-грузінску, аднак тыя не адказвалі.

«„Касманаўты“, спэцназ цалкам закрылі твары. Немагчыма разабраць, ці грузіны гэта», — дадаў праваабаронца Кісьляк.

На відэа з вуліц Тбілісі відаць, як сілавікі групамі нападаюць на асобных пратэстоўцаў, б’юць іх рукамі, дручкамі, нагамі на зямлі.

«Як дзень сурка, ноч сурка. Штодня гэта паўтараецца. Дзесьці больш людзей, дзесьці менш. Ёсьць супрацьстаяньне, страляюць пэтарды. Яны (сілавікі. — РС) гэтую злосьць назапашваюць. Калі людзей становіцца менш, яны пачынаюць бегаць, адцясьняць, лавіць, затрымліваць і злосьць сваю выплюхваць», — камэнтуе Кісьляк.

«Б’юць у жывот, па галаве, па твары»

Паводле беларускага праваабаронцы, жорсткасьць з боку сілавікоў магчымая, бо яны ніяк не абазначаныя.

«Няма ні знакаў, ні нумароў. Аднаго супрацоўніка ад другога немагчыма адрозьніць. Гэта фармуе пачуцьцё беспакаранасьці. За гэта адказныя начальнікі паліцыі. Яны пэрыядычна нападаюць на журналістаў, б’юць. Удары бываюць вельмі моцныя. Я перажываю, каб кагосьці не забілі», — прызнаўся Кісьляк.

Ён заўважыў, што сілавікі ходзяць з ружжамі, але што гэта за від зброі, ён ня ведае.

«Самая праблема, што яны нападаюць з кулакамі. Б’юць у жывот, па галаве, па твары. Бывае, душаць, хапаюць. Аднаго карэспандэнта ўдарылі, ён упаў. У яго пераломы касьцей чэрапа і адной хрыбеткі. Я бачыў дзяўчыну-журналістку, якая страціла прытомнасьць. Яна была ў «хуткай», — расказвае Раман Кісляк.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя Грузіі, 30 лістапада мэдыцынская дапамога са шпіталізацыяй пасьля акцыі пратэсту на праспэкце Руставэлі спатрэбілася 44 асобам. Сярод іх 27 удзельнікаў акцыі, 1 прадстаўнік СМІ і 16 супрацоўнікаў МУС. Паводле ведамства, жыцьцю пацярпелых нічога не пагражае. Частка зь іх застаецца ў шпіталях.

Пратэстоўцы ля будынку парлямэнту ў Тбілісі
Пратэстоўцы ля будынку парлямэнту ў Тбілісі

Затрыманьне беларуса

У ноч на 29 лістапада на акцыі пратэсту ў Тбілісі затрымалі беларуса Яўгена Муравіцкага. Вядома, што Яўгену 25 гадоў. Жыве ў Тбілісі. Сваякоў у Грузіі ў яго няма. Праваабаронцы высьветлілі, што Яўгена вывезьлі ў ізалятар у турыстычнае мястэчка Сыгнагі за 109 кілямэтрах ад Тбілісі. Раніцай 2 сьнежня Муравіцкага вызвалілі з-пад варты. На 3 сьнежня яму прызначаны візыт у міграцыйную службу.

Раман Кісьляк адзначыў, што дыяспара сочыць за лёсам затрыманага беларуса. Праваабаронцы даслалі заяву грузінскім органам улады, просяць не вывозіць яго ў бок Беларусі або Расеі.

Кісьляк заўважыў, што атрымліваць інфармацыю аб затрыманых у Грузіі прасьцей, чым у Беларусі. Ёсьць тэлефон, па якім выдаюць такія зьвесткі. Да таго ж грузінскія ўлады не хаваюць інфармацыю пра затрыманых, як гэта робяць у Беларусі. Адзіная перашкода — трэба добра ведаць грузінскую мову.

«З 28 лістапада па 1 сьнежня на гарачую лінію сеткі прававой дапамогі паступіла інфармацыя пра больш як 200 затрыманьняў. Сярод затрыманых — непаўналетнія, жанчыны, журналісты, прадстаўнікі культурнай сфэры і супрацоўнікі НДА», — паведамілі ў «Асацыяцыі маладых юрыстаў Грузіі».

«Народнае абурэньне»

Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі стала на бок пратэстоўцаў. Актывіст Раман бачыў кадры, як яна спрабуе размаўляць зь сілавікамі, але тыя ёй не адказваюць. Суразмоўца мяркуе, што Зурабішвілі цяпер дае голас народу.

Аднак, на думку праваабаронцы Кісьляка, чыста палітычныя мерапрыемствы, мітынгі, у якіх, у тым ліку, брала ўдзел прзыдэнтка, грузіны ня надта падтрымлівалі.

«Цяпер гэта народнае абурэньне, тут ня важныя палітыкі. Гэта народны бунт, народны пратэст. Насамрэч сытуацыя не падобная да Беларусі (пратэстаў 2020 году. — РС). Можна параўнаць да Беларусі толькі ў 1995 годзе», — мяркуе Кісьляк.

Пратэстоўцаў, якія выйшлі на вуліцы, падтрымліваюць людзі, арганізацыі, сьвятары і нават дзяржаўныя супрацоўнікі, кажуць суразмоўцы. На месца пратэстаў прыносілі ежу, ваду, цёплыя напоі. Раздавалі гарачы суп.

Каля царквы Кашвэці паклалі сухую цёплую воратку. Яе можна было бясплатна браць і пераапранацца пасьля таго, як людзі трапілі пад вадамёты. Людзі таксама разводзілі вогнішчы на праспэкце і сушылі каля іх адзеньне.

Некаторыя ўнівэрсытэты, школы, іншыя вучэльні прыпынілі вучэбны працэс, абвесьцілі, што і 2 сьнежня заняткаў ня будзе. Праз пратэсты адмяняюць таксама некаторыя культурныя мерапрыемствы.

«Рускія» — гэта ўжо лаянка»

Раман Кісьляк кажа, што пасьля вынікаў выбараў у парлямэнт няшмат людзей выходзілі ў Грузіі на пратэсты.

«Спачатку энэргіі было мала. Не было такой энэргіі, як была ў Беларусі. Але цяпер усё больш... За гэтыя чатыры дні пратэст усё больш разварочваецца. Колькасьць людзей штодня павялічваецца. Людзі радасныя, сьвішчуць, крычаць, сварацца на Іванішвілі (кіраўнік кіроўнай партыі „Грузінская мара“. — РС). „Рускія“ — гэта ўжо лаянка», — адзначае Кісьляк.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG