Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксей Ганчарэнка паведаміў аб скасаваньні пасяджэньня парлямэнту, якое мусіла адбыцца 22 лістапада.
«Пасяджэньня Рады заўтра не адбудзецца. Мусіла быць гадзіна пытаньняў да ўраду. [...] Наступнае пасяджэньне Рады плянуецца ўжо ў сьнежні», — паведаміў Аляксей Ганчарэнка ў сваім Telegram-канале.
Украінская служба Радыё Свабода ўдакладніла праз свае крыніцы, што народным дэпутатам рэкамэндавалі не прыяжджаць ва ўрадавы квартал 22 лістапада, а пасяджэньне скасавалі праз пагрозу абстрэлу цэнтру Кіева.
Увечары 21 лістапада прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў зь неанансаваным зваротам да грамадзян, у якім, сярод іншага, заявіў, што Расея нанесла ўдар па Ўкраіне балістычнай ракетай і назваў гэта адказам на дазвол Захаду Ўкраіне атакаваць мэты на тэрыторыі Расеі далёкабойнай зброяй.
Уладзімір Пуцін удакладніў, што для ўдару па Дніпры Расея выпрабавала найноўшую балістычную ракету «Арэшнік» у бязьядзерным гіпэргукавым абсталяваньні. Паводле яго, гэта была ракета сярэдняй далёкасьці, а не міжкантынэнтальная ракета, як паведамілі ва Ўкраіне. Балістычныя ракеты сярэдняй далёкасьці здольныя пераадольваць адлегласьць ад 3000 да 5500 кілямэтраў, міжкантынэнтальныя балістычныя ракеты — больш за 5500 км.
Раней пра гэтую ракету не паведамлялі ні расейскія СМІ, ні вайскоўцы, таму якой-кольвек інфармацыі пра яе няма. Пуцін падкрэсьліў, што гэтую ракету нібыта ня могуць перахопліваць сучасныя, у тым ліку амэрыканскія, сыстэмы супрацьракетнай абароны.
Пуцін таксама заявіў, што Расея пакідае за сабой права выкарыстоўваць і ў далейшым гэтыя ракеты, аднак зьбіраецца загадзя папярэджваць «грамадзян дружалюбных дзяржаваў», якія могуць знаходзіцца ў месцах, куды плянуецца ўдарыць ракетай.
Пасьля выступу Пуціна ягоны прэс-сакратар Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Расея папярэдзіла ЗША пра пуск «Арэшніка» па лініі Расейскага нацыянальнага цэнтру памяншэньня ядзернай небясьпекі за 30 хвілінаў да пуску. Неўзабаве ў Пэнтагоне гэта пацьвердзілі.
Форум