Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журы Беларускага конкурсу кінафэстывалю «Паўночнае зьзяньне» назвала пераможцу


Кінафэстываль «Паўночнае зьзяньне». Постэр
Кінафэстываль «Паўночнае зьзяньне». Постэр

Пераможцам Беларускага конкурсу «Паўночнага зьзяньня» стала драма «складанай барацьбы за справядлівасьць перад няпраўдай і прыгнётам», натхнёная гісторыяй Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша.

Міжнароднае журы фэсту Post Northern Lights Film Festival in Belarus прысудзіла ўзнагароду фільму «Пад шэрым небам» беларуска-польскай рэжысэркі Мары Тамковіч аднагалосна. Фільм прысьвечаны гісторыі сямейнай пары беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, якія застаюцца ў зьняволеньні ў Беларусі.

У склад журы конкурсу ўвайшлі эстонская кінапрадусарка Марэянэ Острат, кінапрадусарка і дырэктарка кінафэстывалю goEast Гэлеэн Хэрытсэн, беларуская рэжысэрка і журналістка Ганна Бадзяк.

Яны абгрунтавалі выбар пераможцы так:

«Праз разумныя і ўпэўненыя мастацкія выбары рэжысэрка дае нам прымераць боты сьмелай беларускай журналісткі, арыштаванай за вядзеньне трансьляцыі з жорсткага падаўленьня мірных пратэстаў. Мы разумеем і ўхваляем экзыстэнцыйны выбар галоўнай гераіні і спачуваем яе мужу, пакуль яна працягвае змагацца зь дзяржавай, якая разбурае іх ранейшае сямейнае жыцьцё».

Спэцыяльнымі адзнакамі экспэрты ўганаравалі два фільмы — дакумэнтальную карціну «Непажаданае сваяцтва» і поўнамэтражную вэрсію сэрыялу Андрэя Кашперскага «Працэсы».

«Журы вырашыла прысудзіць ганаровую адзнаку фільму [„Непажаданае сваяцтва“] пра ўдзел Беларусі ў вайне Расеі ва Ўкраіне. Зьняты далёка ад лініі фронту, твор уздымае вострае пытаньне адказнасьці, ён прапаноўвае рэжысэрскі погляд, але засяроджваецца на цывільных ахвярах вайны і іх ашаламляльных сьведчаньнях, падкрэсьленых яркім кантрастам са спакойнымі, сьветлымі кадрамі. Журы цэніць маральную інтраспэктыўнасьць карціны, якая заходзіць далёка за лінію фронту», — сказана ў тлумачэньні выбару журы.

Гаворачы пра карціну Андрэя Кашперскага «Працэсы», журы назвала яе «сьмелай сатырай пра прыгнёт, гвалт і палітычную індактрынацыю» і адзначыла, што «эпізодная структура фільму дазваляе агледзець Беларусь нібы праз калейдаскоп, як тэатар абсурду». Канцэпт і арыгінальнасьць фільму ўразілі журы».

  • Фэстываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краінаў сёлета праходзіў з 4 па 21 лістапада. У рамках яго можна было паглядзець 14 фільмаў Беларускага конкурсу і дзьве стужкі пазаконкурснай сэкцыі «Міждысцыплінарнае мастацтва».
  • Паказы адбываліся онлайн і офлайн у Таліне і Вільні, а таксама ўпершыню ў Варшаве.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG