Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быў віцэ-мэрам Вільні, меў умоўны вырак, да 2020 году выступаў за дыялёг з уладамі Беларусі. Што вядома пра новага прэм’ера Літвы


Гінтаўтас Палуцкас у часе складаньня прысягі дэпутата Сейму Літвы, 14 лістапада 2024. Ілюстрацыйнае фота
Гінтаўтас Палуцкас у часе складаньня прысягі дэпутата Сейму Літвы, 14 лістапада 2024. Ілюстрацыйнае фота

Сейм Літвы падтрымаў кандыдатуру Гінтаўтаса Палуцкаса на пасаду прэм’ер-міністра краіны. Яго вылучыла Сацыял-дэмакратычная партыя Літвы, якая перамагла сёлета на парлямэнцкіх выбарах, а прэзыдэнт Гітанас Наўседа афіцыйна ўнёс на галасаваньне ў парлямэнт.

Ад падтрымкі кандыдатуры Гінтаўтаса Палуцкаса адмовіліся фракцыі кансэрватараў і Зьвязу сялянаў і зялёных. Сярод выказаных прэтэнзіяў — падпісаньне кааліцыйнай дамовы зь лідэрам партыі «Нёманская зара» Рэмігіюсам Жамайтайцісам, які рабіў антысэміцкія заявы, а гэта, паводле парлямэнцкай апазыцыі, падрывае міжнародны аўтарытэт краіны і ўраду.

Апроч таго, гэтыя фракцыі крытыкуюць Гінтаўтаса Палуцкаса за адсутнасьць зразумелай пазыцыі па Кітаі, выказваньні аб неэфэктыўнасьці санкцый супраць недэмакратычных рэжымаў, а таксама за датычнасьць да карупцыі. На зацьвярджэньне кандыдатуры Гінтаўтаса гэта не паўплывала — дастаткова было простай большасьці галасоў.

У час, прадугледжаны для пытаньняў кандыдату на пасаду кіраўніка ўраду, дэпутат Аўдронюс Ажубаліс запытаў Гінтаўтаса Палуцкаса, ці гатовы будзе ягоны ўрад працягваць палітыку непрызнаньня вынікаў сфальсыфікаваных выбараў у Беларусі ў 2020 годзе і цяпер у Грузіі.

Гінтаўтас Палуцкас, не ўдакладняючы назвы краін, заявіў аб заганах у замежнай палітыцы папярэдняга ўраду.

«Калі ў замежнай палітыцы былі недахопы, то гэта найперш – безупынная ваяўнічасьць без папярэдняга пошуку шырокага кансэнсусу ў Сейме, перагінаньне палкі ў замежнай палітыцы некаторымі дыпляматамі, больш за тое – па прыбыцьці на месца, ня маючы поўнай інфармацыі пра сытуацыю, прымаюць рашэньні і гавораць ад імя дзяржавы», – сказаў ён.

Паводле яго, паводзіны новага ўраду ў падобных сытуацыях будуць вызначацца на падставе збору поўнай інфармацыі аб сытуацыі, пошуку міжпартыйнае згоды і пазьбяганьня варожасьці і суб’ектыўнасьці, што закрывае шлях да дыялёгу.

Кандыдатуру Гінтаўтаса Палуцкаса падтрымалі 88 дэпутатаў і 34 выказаліся супраць.

Пасьля падтрымкі ў Сейме Гінтаўтас Палуцкас абмяркуе зь літоўскім прэзыдэнтам фармаваньне ўраду.

Раней Гітанас Наўседа выказваўся супраць прызначэньня ва ўрад прадстаўнікоў партыі «Нёманская зара», якую ачольвае Рэмігіюс Жамайтайціс. Пракуратура за ягоныя антысэміцкія выказваньні пачала дасудовае расьсьледаваньне паводле артыкулу 170 Крымінальнага кодэксу Літвы («Распальваньне варожасьці паводле прыкметы нацыянальнасьці, полу, паходжаньня, рэлігіі», караецца штрафам, абмежаваньнем волі, арыштам або пазбаўленьнем волі да 3 гадоў).

Што вядома пра новага прэм’ера

Гінтаўтас Палуцкас нарадзіўся ў Панявежы. Пасьля мясцовай гімназіі вывучаў ангельскую мову ў каледжы Чарльза Дыкенса ў Лёндане. Мае дыплём спэцыяліста ў кампутарных сыстэмах Віленскага ўнівэрсытэту, вучыўся ў Міжнароднай школе бізнэсу і на юрыдычным факультэце Віленскага ўнівэрсытэту.

Працоўную дзейнасьць пачаў з працы ў Літоўскай установе сацыяльнага страхаваньня (SoDra), быў памочнікам дэпутата Эўрапарлямэнту і дырэктарам адміністрацыі Віленскага гарадзкога самакіраваньня.

У 2015–2019 гадах быў віцэ-мэрам Вільні, ачольваў Літоўскую сацыял-дэмакратычную партыю. У выніку выбараў у 2020 годзе стаў дэпутатам Сейму — Сацыял-дэмакратычная партыя тады заняла другое месца, але ён усё роўна падаў у адстаўку з пасады кіраўніка гэтай палітычнай сілы «празь нездавальняючыя вынікі на выбарах». Тады ж партыю ачоліла Вілія Блінкявічуце, якая цяпер мусіла ўзначаліць урад Літвы як лідэр партыі-пераможцы на выбарах 2024 году. Але яна адмовілася ад гэтай пасады, каб прадоўжыць сваю працу ў якасьці дэпутаткі Эўрапарлямэнту.

Быў асуджаны за карупцыю і выступаў за інтэграцыію мігрантаў

У 2010 годзе суд прысудзіў Гінтаўтасу Палуцкасу 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на адзін год. Справа тычылася яго злоўжываньняў на пасадзе кіраўніка адміністрацыі Віленскага гарадзкога самакіраваньня ў часе публічнага тэндэру на паслугі зьнішчэньня грызуноў у Вільні. Суд таксама абавязаў палітыка выплаціць кампэнсацыю Віленскаму гарадзкому самакіраваньню у памеры больш як 57 тысяч літаў (на той момант прыблізна 5 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС).

У пік першага мігранцкага крызісу ў Эўропе 2015 году прапаноўваў сталічным уладам разгледзець пытаньне аб стварэньні арабскамоўных груп у дзіцячых садках для дзяцей уцекачоў.

Як ставіўся да Беларусі

У 2019 годзе Гінтаўтас Палуцкас выступаў за дыялёг зь Беларусьсю і лічыў, што вынікам яго адсутнасьці стала будаўніцтва Беларускай АЭС на мяжы зь Літвой.

«Падтрымліваць дыялёг з суседам — гэта нармальна, бо было б абсалютна ненармальна не падтрымліваць ніякіх дачыненьняў, нягледзячы на геапалітычную сытуацыю, нягледзячы на іншыя, вядома, вельмі важныя рэчы. Усё ж хачу сказаць, што гэтае супрацоўніцтва адбываецца дагэтуль. І дыпляматычныя адносіны ня спыненыя, і эканамічнае супрацоўніцтва дастаткова інтэнсіўнае, і грузы праз Клайпедзкі порт інтэнсіўна перавозяцца... Без сумневаў, толькі падчас дыялёгу, кантактаў можна выказаць і тую самую крытыку наконт правоў чалавека, абмежаваньня правоў палітычных актывістаў і апазыцыі ў Беларусі. Але ўвогуле без дыялёгу, без размоў мы можам пабачыць, да чаго гэта прыводзіць: мы бачым Астравецкую АЭС, якая пабудаваная і пачне дзейнічаць. Можа быць, калі б мелі больш інтэнсіўныя зносіны, гэтага б не адбылося», — казаў Гінтаўтас Палуцкас.

Сёлета, ужо ў часе новай электаральнай кампаніі, Гінтаўтас Палуцкас заявіў журналістам Балтыйскай рэдакцыі тэлеканалу «Настоящее время» аб «значным унёску беларусаў у эканоміку Літвы».

«Я нагадаю, што беларусаў мы як дзяржава запрасілі самі. Запрасілі, імкнучыся стварыць для іх дэмакратычныя і бясьпечныя ўмовы для жыцьця, працы і адкрыцьця бізнэсу, пасьля таго, як спадар Лукашэнка чарговы раз — у двукосьсі — „перамог“ на выбарах у Беларусі. Казаць, што беларусы, якія прыехалі сюды, робяць нешта дрэннае, у мяне асабіста язык не павернецца. Тым больш што яны сапраўды робяць свой унёсак у нашу эканоміку і зьяўляюцца ўдзельнікамі рынку працы», — сказаў палітык.

Паводле Палуцкаса, ніхто зь беларусаў не стаіць на біржы працы з працягнутай рукой, просячы сацыяльнай дапамогі. Беларусы, на яго думку, дапамагаюць эканоміцы Літвы расьці.

«Што да розных выклікаў у галіне бясьпекі, без сумневу, мы разумеем, што розныя выведныя службы дзейнічаюць — тыя ці іншыя працэсы адбываюцца па ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Літве. Нам трэба аналізаваць, ацэньваць і назіраць за пэўнымі рэчамі, якія знаходзяцца ў плашчыні нацыянальнай бясьпекі. Аднак штучныя абмежаваньні накшталт забаронаў вяртацца на радзіму ці бачыцца са сваякамі, няўстойлівыя і нелягічныя», — заявіў Палуцкас.

Ён дадаў, што супрацоўнікі беларускай выведкі, якія жадаюць уплываць на дыяспару і тых беларусаў, якія пераехалі ў Літву, могуць рабіць гэта і проста ў Літве, а ня толькі на тэрыторыі Беларусі.

«Задача літоўскага Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі палягае ў тым, каб гэтага не было. А штучныя абмежаваньні не працуюць. Мы бачым прыклад Польшчы, дзе падобных абмежаваньняў няма, і, зыходзячы з гэтага, мяркуем, што такую палітыку маглі б праводзіць і ў Літве», — заявіў Гінтаўтас Палуцкас.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG