Літва і Польшча дадуць люстраны адказ у выпадку закрыцьця мяжы з боку Беларусі і спыняць пропуск на Захад грузаў, папярэдзіў літоўскі прэм’ер Саўлюс Сквярняліс.
«Калі будуць зь іх боку такія крокі, то адказ будзе адэкватным, — сказаў кіраўнік ураду літоўскім журналістам. — З гэтай краіны проста ня змогуць выехаць грузавыя аўтамабілі — ні празь Літву, ні праз Польшчу. Гэта будзе яшчэ адным ударам па эканоміцы, якая і так цяжка хворая».
Саўлюс Сквярняліс падкрэсьліў, што пасьля заяваў Аляксандра Лукашэнкі аб закрыцьці межаў пакуль ніякіх рэальных дзеяньняў суседняя краіна не распачала.
Лукашэнка напярэдадні заявіў, што Беларусь закрывае мяжу з Польшчай і Літвой і ўзмацняе ахову дзяржаўнай мяжы з Украінай, а таксама дадаў, што «палова арміі» накіроўваецца на ахову заходніх межаў.
Камандуючы Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустам Любаеў паведаміў, што цяпер рух на памежных пунктах зь Беларусьсю ажыцьцяўляецца ў звычайным парадку.