Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спадзяюся, Маша напіша прашэньне аб памілаваньні». Сястра Калесьнікавай пра заявы Лукашэнкі


Тацяна Хоміч
Тацяна Хоміч

Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію брытанскаму журналісту Стывэну Розэнбергу сказаў, што гатовы разгледзець магчымасьць памілаваньня палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай, калі паступіць такая просьба, і заявіў, што яе сям'я, магчыма, ня хоча сустрэцца зь ёй. Сястра Калесьнікавай Тацяна Хоміч пракамэнтавала гэтыя заявы.

«Наша сям’я вітае гатоўнасьць Лукашэнкі, агучаную ў ягонай учорашняй заяве, разгледзець пытаньне аб памілаваньні Марыі. Мы вельмі чакаем яе на свабодзе. Аднак сувязі са сваякамі і адвакатам (так, і адваката як такога няма) да гэтага часу няма», — напісала Тацяна Хоміч у Фэйсбуку.

Яна адзначыла, што адзінае спатканьне Калесьнікавай з бацькам было яшчэ ў сьнежні 2022 году адразу пасьля яе апэрацыі і «доўжылася ўсяго 10 хвілін у мэдчастцы калёніі».

У камэнтары «Настоящему времени» Тацяна Хоміч таксама адзначыла, што ня ведае, ці пісала Марыя Калесьнікава прашэньне аб памілаваньні і ці ёсьць у яе такое жаданьне.

«Але мы чулі, што ў апошнія месяцы ў беларускія калёніі прыходзілі прадстаўнікі пракуратуры і розных структур, якія размаўлялі зь іншымі палітвязьнямі, зьбіралі гэтыя прашэньні. І я спадзяюся, што ў Машы таксама будзе магчымасьць напісаць прашэньне аб памілаваньні. Я спадзяюся, што яна гэта зробіць насамрэч, таму што ёй трэба ратаваць сябе, ёй трэба папраўляць здароўе», — сказала Тацяна Хоміч.

На думку сястры палітзьняволенай, цяпер Марыя Калесьнікава «гэтаксама, як і многія іншыя палітвязьні, павінны разглядаць усе магчымасьці, каб выйсьці на волю, каб захаваць сваё жыцьцё».

Таксама сястра палітзьняволенай абвергла заявы Лукашэнкі, што сям’і Марыі нібыта ня хоча зь ёй сустрэцца.

«Сьцьвярджалася, што сям’я ў гэтым „не зацікаўленая“, і гаварылася пра тое, што незразумела, якая сям’я. Але ў нас такая сытуацыя, што з блізкіх Машы ў Беларусі толькі тата, — патлумачыла сястра Калесьнікавай. — Я зьехала зь Беларусі яшчэ ў 2020 годзе і дагэтуль знаходжуся за мяжой. А нашай мамы ня стала пяць гадоў таму, у 2019 годзе. А агулам такую сустрэчу могуць запытваць самыя блізкія родныя. Будзем зараз зноў зьвяртацца наконт магчымай сустрэчы таты з Машай», — сказала яна.

Хоміч падкрэсьліла, што многія месяцы ў яе і іншых родных няма ніякай сувязі з Марыяй Калесьнікавай: не перадаюць ніякія лісты і не перадаюць яе лісты родным і сябрам з калёніі.

«З Машай няма ніякай сувязі, ня тое каб спатканьняў. Ужо год і восем месяцаў, зь сярэдзіны лютага 2023 году, — падкрэсьліла Хоміч. — Ні лістоў, ні званкоў, няма ні спатканьняў з роднымі, ні сустрэч з адвакатам. Адваката як такога таксама няма. Калі адвакат мог яе наведваць, гэта, хутчэй за ўсё, быў 2022 год, то бок гэта было два гады таму, можа быць, нават болей. Маша пыталася, дзе яе лісты і перадачы, і ёй адказалі, што „вас усе забылі“».

Хоміч асьцярожна адзначыла, што цяперашняя хваля адносна масавых памілаваньняў палітвязьняў у Беларусі «здаецца, дае надзею на Машына магчымае вызваленьне».

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG