Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Магу толькі маліцца Богу, каб яна была жывая». Марыя Калесьнікава не выходзіла на сувязь з роднымі больш за 18 месяцаў


Марыя Калесьнікава, архіўнае фота
Марыя Калесьнікава, архіўнае фота

Палітзьняволеная застаецца ў рэжыме інкамунікада, і ніхто ня ведае, які яе цяперашні стан здароўя і што зь ёй адбываецца.

Апошні раз сваякі размаўлялі з Марыяй Калесьнікавай 18 месяцаў таму. Пасьля сувязь абарвалася, і з таго часу прыходзілі толькі навіны, са словаў іншых зьняволеных, якія былі ў той самай гомельскай жаночай калёніі, пра просьбы Калесьнікавай аб мэдычнай дапамозе.

Бацька палітзьняволенай Аляксандар Калесьнікаў праз тэлефон расказаў карэспандэнту Associated Press, што спробы наведаць дачку ў Гомлі не прыносяць посьпеху. Паездка ў Гомель некалькі месяцаў таму зноў ня дала плёну — ахоўнік на пытаньні пра адсутнасьць усякай сувязі адказаў: «Калі яна не тэлефануе і ня піша, значыць, ня хоча».

Аляксандр Калесьнікаў, архіўнае фота
Аляксандр Калесьнікаў, архіўнае фота

42-гадовая Марыя Калесьнікава, як вынікала са словаў былой зьняволенай, якая сядзела ў той самай калёніі, трапіла ў шпіталь у траўні або чэрвені. Але падрабязнасьці невядомыя. Жанчына, якая перадавала гэтую інфармацыю, назвалася Натальляй, свайго сапраўднага імя не назвала, бо баіцца наступстваў і помсты ад уладаў.

«Я магу толькі маліцца Богу, каб яна была жывая. Улады ігнаруюць мае запыты на сустрэчы і лісты — гэта жудаснае адчуваньне бездапаможнасьці для бацькі», — сказаў Аляксандар Калесьнікаў.

Сястра Калесьнікавай Тацяна Хоміч раней расказала Associated Press, што былыя зьняволеныя сказалі ёй, што Калесьнікава, пры росьце 175 см, важыла ўсяго каля 45 кіляграмаў.

«Яны павольна забіваюць Марыю, і я лічу, што гэта крытычны пэрыяд, бо ў такіх умовах ніхто ня выжыве», — кажа Хоміч, якая жыве за межамі Беларусі.

Апошні раз Калесьнікава пісала з турмы ў лютым 2023 году. Лісты да яе «пэрсанал калёніі рве на яе вачах», сказала яе сястра, перадаючы словы іншых былых зьняволеных.

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG