У ноч з 11 на 12 лістапада літоўскія памежнікі перахапілі 14 мэтэазондаў з цыгарэтамі, якія прыляцелі з тэрыторыі Беларусі, — агулам затрымалі больш за 25 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Для параўнаньня: з 19 кастрычніка да 11 лістапада літоўскія памежнікі перахапілі і канфіскавалі толькі 2 мэтэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі.
Агулам з пачатку 2024 году ў Літве зафіксавалі 351 мэтэазонд, які прыляцеў зь Беларусі, на працягу 2022 году выпадкаў кантрабанды зь Беларусі з дапамогай мэтэазондаў не было, а ў 2023 годзе зафіксавалі толькі 3 такія спробы, паведамляе ведамства.
Таксама напярэдадні літоўскія памежнікі арганізавалі некалькі пасьпяховых засадаў і затрымалі 5 чалавек, якія маюць дачыненьне да кантрабанды цыгарэт паветраным шляхам. Літоўскія памежнікі пры гэтым не выключаюць, што колькасьць затрыманых можа вырасьці.
Найбольшую колькасьць выпадкаў кантрабанды выявілі ў паўднёвай Літве. Па фактах распачалі дасудовае расьсьледаваньне і некалькі адміністрацыйных працэсаў.
У Літве адзначаюць, што агулам аб’ём кантрабанды цыгарэт зь Беларусі значна скараціўся дзякуючы закрыцьцю памежных пунктаў пропуску Шумск і Цьверач летась 18 жніўня і пунктаў пропуску Лаварышкі і Райгорад сёлета ў сакавіку, а таксама дзякуючы ўсталяваньню фізычнага бар’еру, сыстэмы маніторынгу VSAT і ўзмацненьню аховы на мяжы зь Беларусьсю ў сувязі зь міграцыйным крызісам.
З пачатку 2024 году літоўскія памежнікі затрымалі больш за 1 мільён 124 тысячы пачкаў нелегальных цыгарэт зь Беларусі, у той час як за аналягічны пэрыяд летась гэтая лічба склала больш за 2 мільёны 441 тысячу пачкаў, за аналягічны пэрыяд 2022 году — больш за 3 мільёны 128 тысяч пачкаў.
Форум