«12 лістапада 2020 году ад рук беларускага рэжыму загінуў Раман Бандарэнка. Амаль праз чатыры гады ў беларускай калёніі памёр палітвязень Дзьмітрый Шлетгаўэр. З 2020 году ў беларускіх турмах памерлі сем палітвязьняў. Абарвалася занадта шмат жыцьцяў», — гаворыцца ў сумеснай заяве шэрагу акрэдытаваных у Беларусі дыпляматычных місій заходніх краін.
«Мы памятаем аб гэтых ахвярах і заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітзьняволеных», — адзначылі дыпляматы.
Увечары 11 лістапада 2020 году невядомыя зрэзалі белыя і чырвоныя стужкі, якія ўпрыгожвалі «плошчу Перамен» (двор на вуліцы Чарвякова ў Менску). 31-гадовы Раман Бандарэнка паспрабаваў умяшацца, яго зьбілі, даставілі ў УУС Цэнтральнага раёну Менску, адкуль ён празь некалькі гадзін паступіў у бальніцу хуткай дапамогі ў стане комы. Памёр на наступны дзень, не прыходзячы ў прытомнасьць.
Улады і дзяржаўныя СМІ паспрабавалі ачарніць Бандарэнку пасьля сьмерці, заявіўшы, што ён нібыта быў п’яны. 13 лістапада гэтае сьцьвярджэньне дакумэнтальна абвергла ў сваім артыкуле журналістка Кацярына Барысевіч. Праз тыдзень яе і лекара Арцёма Сарокіна, які падаў адпаведнае мэдычнае заключэньне, затрымалі. Пасьля за разгалошваньне мэдычнай таямніцы Барысевіч прыгаварылі да 6 месяцаў пазбаўленьня волі (вызвалілася 19 мая 2021 году), Сарокіна — да 2 гадоў, але з адтэрміноўкай на год.
15 лістапада 2020 году ў адной з кватэраў дому на «плошчы Перамен» затрымалі журналістку Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) і апэратара Дар’ю Чульцову, якія вялі жывы этэр зь месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць Бандарэнкі. Абедзьвюм прысудзілі 2 гады калёніі нібыта за «дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (у ліпені 2022-га Андрэеву таксама прызналі вінаватай у «здрадзе дзяржаве» і пакаралі яшчэ 8 гадамі калёніі, Чульцова ў верасьні таго ж году выйшла на волю).
18 лютага 2021 году Генпракуратура паведаміла аб завядзеньні крымінальнай справы «па факце наўмыснага прычыненьня цяжкага цялеснага пашкоджаньня, якое пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць Бандарэнкі Рамана Ігаравіча» (ч. 3 арт. 147 КК).
Пры гэтым было заяўлена, што «датычнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да прычыненьня Бандарэнку Р. І. цялесных пашкоджаньняў не ўстаноўлена». Празь сем месяцаў гэтае ж ведамства прыпыніла расьсьледаваньне «з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».
У жніўні 2022 году «Кібэрпартызаны» апублікавалі запіс тэлефонных размоў прэс-сакратара Аляксандра Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, старшыні Фэдэрацыі хакею Дзьмітрыя Баскава (цяпер чалец Савету Рэспублікі) і спартсмэна Дзьмітрыя Шакуты пра паездку на «плошчу Перамен» 11 лістапада 2020, а пасьля — пра абставіны сьмерці Бандарэнкі. Дзяржаўныя СМІ ня сталі адмаўляць сапраўднасьць аўдыёзапісаў, але назвалі іх інсцэніроўкай, якая праводзілася пад кантролем беларускіх спэцслужбаў.
Праваабаронцы перакананыя, што Бандарэнка загінуў «у выніку ўзгодненых дзеяньняў прадстаўнікоў МУС і арганізаванага зь ведама і пры адабрэньні ўладаў атраду карнікаў-добраахвотнікаў зь ліку прыхільнікаў і набліжаных да Лукашэнкі».
22-гадовы палітвязень, грамадзянін Расеі Дзьмітры Шлетгаўэр памёр у Магілёўскай калёніі 11 кастрычніка, аднак вядома пра гэта стала толькі 1 лістапада.
Акрамя Шлетгаўэра, у 2022–2024 гадах у беларускіх месцах несвабоды памерлі яшчэ шэсьць чалавек, якіх беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнавалі палітычнымі зьняволенымі: Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік і Аляксандар Кулініч.
Па стане на на 12 лістапада палітвязьнямі ў Беларусі прызнаныя 1279 чалавек.
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
- 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
- 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
- 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».
Форум