Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста сьветлагорскага «Ранка», які ўцёк ад рэпрэсіяў, хочуць выслаць з Польшчы ў Беларусь


Андрэй Ліпскі, архіўнае фота
Андрэй Ліпскі, архіўнае фота

Журналіст сьветлагорскага выданьня «Ранак» Андрэй Ліпскі вымушана ўцёк зь Беларусі праз пагрозу палітычнага перасьледу. Ён прасіў палітычнага прытулку ў Нямеччыне, а пасьля атрыманьня адмовы двойчы спрабаваў легалізавацца ў Польшчы. Нядаўна яму прыйшло рашэньне ад польскіх памежнікаў, што ён абавязаны добраахвотна вярнуцца ў Беларусь. Пра гэта Ліпскі распавёў у інтэрвію «Еўрарадыё».

«30 кастрычніка атрымаў заказны ліст ад камэнданта памежнікаў. Гэта было рашэньне аб абавязацельстве замежніка выехаць у Беларусь і забарона на ўезд на тэрыторыю Польшчы і іншых краін Шэнгенскай дамовы на працягу аднаго года. Пад гэтым стаялі мае зьвесткі: прозьвішча, імя, грамадзянства — Беларусь», — распавёў Андрэй Ліпскі выданьню.

Журналіст знаходзіўся ў Польшчы з сакавіка 2024 году. Яго вывезьлі туды зь лягеру ўцекачоў у нямецкім горадзе Шайнфэльд, празь нейкі час пасьля адмовы ў наданьні статусу ўцекача. Прычым пашпарт беларусу не вярнулі.

Паводле Ліпскага, калі яго прывялі на размову да польскага афіцэра на мяжы, ён патлумачыў сытуацыю і сказаў, што хацеў бы падацца на міжнародную абарону. Яму сказалі «ок», праанкетавалі, далі першасны дакумэнт і праінструктавалі, як запаўняць анкету, каб ня ехаць самому ва Ўпраўленьне па справах замежнікаў у Варшаве. Пасьля Ліпскага спыталі, куды ён паедзе, на што беларус адказаў, што ў Лодзь, дзе ў яго ёсьць сябры. Яго падвезьлі на чыгуначную станцыю і ён паехаў у горад Лодзь, дзе жыве дагэтуль.

У Лодзі Ліпскі запоўніў анкету і разам з пратаколамі затрыманьня, судовымі рашэньнямі, пасьведчаньнем журналіста і іншымі дакумэнтамі адправіў поштай у Варшаву. 15 сакавіка ягоную анкету атрымалі. Журналіст зрабіў мэдыцынскую страхоўку і пачаў наведваць дактароў. 26 траўня яму патэлефанавалі з фірмы, якая арганізоўвае наведваньне мэдустановаў у рамках страхоўкі, і сказалі, што страхоўка больш не працуе — маўляў, ім прыйшло паведамленьне з «ужонда» (мясцовая адміністрацыя). Андрэй Ліпскі пачаў тэлефанаваць на інфалінію, пісаў лісты, але нічога канкрэтнага яму не сказалі.

Паводле журналіста, 25 чэрвеня яму ўрэшце ператэлефанавалі з інфалініі і сказалі, што займаюцца ягонай справай і «зь ёй усё нармальна», але папрасілі наведаць мясцовае памежнае ўпраўленьне і скласьці заяву з просьбай падоўжыць працэдуру міжнароднай абароны. Беларус паехаў да памежнікаў і патлумачыў, што яго папрасілі напісаць заяву аб падаўжэньні працэдуры, але там, паводле Ліпскага, «толькі пасьмяяліся і сказалі, што закрылі справу яшчэ 14 сакавіка» ў сувязі з тым, што ён «не зьявіўся ў цэнтры ўтрыманьня замежнікаў». Андрэй на гэта палумачыў, што адразу казаў пра тое, што будзе жыць у сяброў.

Камэндант памежнага ўпраўленьня спытаў у журналіста, дзе пашпарт. Андрэй сказаў, што спадзяецца, што яго пашпарт нарэшце перадалі ў Польшчу, бо да ягонай дэпартацыі зь Нямеччыны рыхтаваліся некалькі месяцаў. На гэта памежнік адказаў, што «па-чалавечы» яго разумее, але «пашпарта няма — значыць, я схільны лічыць, што вы знаходзіцеся ў краіне нелегальна, і адкрываю адміністрацыйную вытворчасць аб вашым выправаджэньні ў Беларусь». У той жа час Андрэя паспрабавалі супакоіць, што гэта простая фармальнасьць.

Каб Андрэя Ліпскага ня выправадзілі ў Беларусь, ён павінен быў папрасіць міжнародную абарону яшчэ раз. Журналіст запоўніў і падаў дакумэнты, яго «строга папрасілі» патэлефанаваць у цэнтар утрыманьня для мігрантаў і папярэдзіць, што ён не прыедзе, а таксама абавязалі кожны месяц прыяжджаць у памежнае ўпраўленьне і адзначацца, што ён нікуды не паедзе. Новую справу аб наданьні міжнароднай абароны адкрылі, беларусу аднавілі дапамогу.

Беларус спадзяваўся, што на гэты раз праблемаў ня ўзьнікне, але 30 кастрычніка атрымаў заказны ліст ад камэнданта памежнікаў, у якім было рашэньне аб абавязацельстве выехаць у Беларусь і забарона на ўезд на тэрыторыю Польшчы і іншых краінаў Шэнгенскай дамовы на год.

Андрэй Ліпскі зьвярнуўся ў ініцыятыву па наданьні дапамогі мігрантам «Partyzanka» і Цэнтар беларускай салідарнасьці па юрыдычную дапамогу. Юрыст сказаў яму, што на час разгляду прашэньня аб наданьні міжнароднай абароны «такія дзеяньні, як выправаджэньне або дэпартацыя, рабіцца не павінны».

«Усё вельмі заблытана. Пакуль я падаў скаргу на памежнікаў і чакаю рашэньня „ўжонда“ аб міжнароднай абароне. Калі рашэньне будзе адмоўным, яго таксама можна спрабаваць абскардзіць. Адвакат абяцаў дапамагчы. Ня ведаю, наколькі гэта рэальна, але буду старацца застацца тут», — кажа журналіст.

У Беларусі Андрэй Ліпскі працаваў у сьветлагорскім выданьні «Ранак». У чэрвені 2023-га на Сьветлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце адбылася буйная тэхнагенная аварыя, у выніку якой загінулі тры чалавекі. «Ранак» асьвятляў гэта здарэньне. Праз тры дні пасьля гэтага 9 чалавек з рэдакцыі «Ранка» затрымалі, частцы прысудзілі штрафы, астатні адправілі на «суткі» паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП — сярод іх быў і Андрэй Ліпскі. Паралельна мэдыя заблякавалі, а сацсеткі прызналі «экстрэмісцкімі».

Пасьля «сутак» Андрэй Ліпскі хутка перавучыўся і нейкі час працаваў не паводле прафэсіі. Аднак у пачатку жніўня ў яго кватэру ўварваліся сілавікі і паказалі санкцыю пракурора — справа нібыта тычылася абразаў і пагрозаў на адрас супрацоўніка Сьледчага камітэта. Пасьля ператрусу Андрэя судзілі паводле артыкула аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Атрымаўшы штраф у 740 рублёў, журналіст зразумеў, што яму можа пагражаць далейшы перасьлед і нават крымінальная справа і зьехаў зь Беларусі ў Нямеччыну, дзе запрасіў міжнародную абарону.

У Нямеччыне Андрэй Ліпскі знаходзіўся каля і за гэты час зьмяніў чатыры лягеры для ўцекачоў. Тады журналіст расказваў Свабодзе пра ўмовы ўтрыманьня ў гэтых лягерах. Урэшце беларусу адмовілі ў статусе ўцекача ў Нямеччыне і дэпартавалі ў Польшчу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG