Беларусь афіцыйна стала краінай-партнэрам BRICS, паведаміла 11 лістапада прэс-служба Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Аляксандар Лукашэнка падпісаў ліст у адрас прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пра гатоўнасьць Менску «падключыцца да BRICS у якасьці партнэра». Дакумэнт, завізаваны 5 лістапада, кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў перадаў паслу РФ Барысу Грызлову 11 лістапада.
Як патлумачылі ў МЗС, афіцыйны адказ на пісьмовае запрашэньне зьяўляецца «абавязковым элемэнтам узгодненай дзяржавамі — чальцамі працэдуры атрыманьня партнэрскага статусу» і «менавіта з гэтага моманту краіна афіцыйна лічыцца партнэрам BRICS».
Што такое BRICS
Першапачаткова BRICS была створаная ў 2006 годзе як кааліцыя 4 краін — Бразыліі, Расеі, Індыі і Кітаю — і мела назву BRIC (ад першых літараў назваў краінаў).
У 2010 годзе да BRIC далучылася Паўднёвая Афрыка, пасьля чаго садружнасьць перайменавалі ў BRICS. З пачатку 2024 году арганізацыя ператварылася ў BRICS+ (часта «+» у назьве апускаюць), калі ў яе прынялі Іран, Саудаўскую Арабію, Эгіпет, Этыёпію і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.
Мэта групы — аб’яднаць найбольш важныя краіны сьвету, якія не належаць да «Вялікай сямёркі» краінаў, што традыцыйна мелі найбольш разьвітую эканоміку.
Беларусь падала заяўку на ўступленьне ў арганізацыю ў 2023 годзе. Лукашэнка лічыць, што Беларусь адпавядае ўсім стандартам і крытэрам, у прыватнасьці, «зьяўляецца дзяржавай з уплывам у рэгіёне і сьвеце, мае дыпляматычныя адносіны з усімі дзяржавамі BRICS, не далучалася да санкцыяў у абыход Рады Бясьпекі ААН, прасоўвае мір і бясьпеку на міжнародным і рэгіянальным узроўнях, падтрымлівае ўстойлівае сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё».
У 2020-х заяўкі на ўступленьне ў BRICS таксама падалі Альжыр, Банглядэш, Бахрэйн, Інданэзія. Цікавасьць да патэнцыйнага далучэньня праявілі Ангола, Афганістан, Вэнэсуэла, Габон, Гвінэя-Бісаў, Гандурас, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Зымбабвэ, Казахстан, Каморы, Куба, Мэксыка, Нігерыя, Нікарагуа, Пакістан, Сэнэгал, Сырыя, Судан, Тайлянд, Туніс, Турэччына, Уганда і Уругвай.
Што дае статус краіны-партнэра BRICS
Статус краіны-партнэра BRICS, апроч іншага, прадугледжвае ўдзел на сталай аснове ў спэцыяльных сэсіях самітаў і сустрэчаў міністраў замежных спраў BRICS.
Таксама магчымае запрашэньне партнэраў на іншыя мерапрыемствы міністэрскага ўзроўню, у прыватнасьці па тэматыцы гандлю, на сустрэчы прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы і форум парлямэнтароў.
Партнэры могуць далучацца да выніковых дакумэнтаў BRICS, пашыраючы тым самым іх геаграфічны ахоп і ўзмацняючы голас аб’яднаньня ў міжнародных справах.
24 кастрычніка ў інтэрвію расейскім «Известиям» Лукашэнка скрытыкаваў наяўнасьць прамежкавага зьвяна на шляху краінаў, якія жадаюць далучыцца да BRICS:
«Партнэрамі сталі 12 ці 13 дзяржаў, у тым ліку Беларусь. А чаму не прымаюць у BRICS іншыя дзяржавы? Аб чым BRICS хацела б, перш чым прымаць іншыя дзяржавы, падумаць? А чаму Турэччыну не прыняць? Адзіны чалец NATO, які праявіў цікавасьць. Пры гэтым буйная краіна, эканоміка магутная. Чаму не прыняць? Не, не прынялі. Прыдумалі гэты „прылазьнік“ у выглядзе партнэра», — заявіў тады Лукашэнка.
Форум