Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка скрытыкаваў статус Беларусі ў BRICS і дапусьціў, што на выбарах-2020 былі фальсыфікацыі


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на саміце BRICS
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на саміце BRICS

У інтэрвію «Известиям» Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў новы статус Беларусі як партнэра BRICS, а таксама дапусьціў магчымасьць фальсыфікацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году, у якіх, паводле ЦВК Беларусі, ён атрымаў 80,1% галасоў.

Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію «Известиям», фрагмэнт якога апублікавала ягоная прэс-служба, зазначыў, што статус партнэра BRICS, які атрымала Беларусь, — толькі прамежкавы крок на шляху да паўнапраўнага сяброўства ў арганізацыі, назваў гэты статус «прылазьнікам» і выказаў занепакоенасьць бюракратычнымі затрымкамі.

«Я часта кажу: калі спынімся, дык тыя, хто ідзе за намі, нас растопчуць», — заявіў Лукашэнка, падкрэсьліўшы, што BRICS трэба актыўна разьвівацца, інакш калектыўны Захад «пераможа і будзе з нас проста сьмяяцца».

Ён таксама задаўся пытаньнем, чаму такія буйныя краіны, як Турэччына, не прынялі адразу ў BRICS, нягледзячы на іх яўную цікавасьць і эканамічную моц.

«Чаму не прымаюць? Прыдумалі гэты „прылазьнік“ у выглядзе партнэра», — сказаў Лукашэнка.

Сярод іншага, Лукашэнка ў інтэрвію закрануў тэму прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі. Адказваючы на пытаньне наконт вынікаў галасаваньня, ён прызнаў магчымасьць іх фальсыфікацыі «ў межах 5 працэнтаў», але заявіў, што ніхто пры гэтым не аспрэчваў ягоную перамогу:

«Я прызнаў, што гэта [фальсыфікацыі] магчыма... ну, няхай 3% — не 82%, а 78%. Ну няхай 5% — хай 75% я рэальна набраў», — сказаў Лукашэнка.

Прыпіскі, паводле Лукашэнкі, маглі быць вынікам ініцыятывы мясцовых уладаў, якія імкнуліся палепшыць вынікі галасаваньня на месцах.

  • Прэзыдэнцкія выбары 2020 году ў Беларусі прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.
  • Паводле агучаных ЦВК зьвестак, Аляксандар Лукашэнка набраў 80,1%, Сьвятлана Ціханоўская — 10,2%. Шмат на якіх участках незалежныя назіральнікі фіксавалі несумненную перавагу Ціханоўскай. Ужо ўвечары 9 жніўня пачаліся масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і жорсткія затрыманьні.
  • Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2024 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне, якія пачаліся пасьля выбараў, працягваюцца дагэтуль. На 24 кастрычніка ў турмах Беларусі застаецца 1300 чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў. Сотні тысяч чалавек зьехалі зь Беларусі ў іншыя краіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG