На сваім YouTube-канале 11 лістапада Лявон Вольскі апублікаваў новы кліп пад назвай «Беларусь не Лукашэнка!».
Вядомы музыка выпусьціў відэа пад песьню напярэдадні паказу фільму «Сем сымптомаў беларускасьці», у якім зьняўся сам.
«Што такое Беларусь? На постсавецкай і нават заходнеэўрапейскай прасторы часам прынята асацыяваць Беларусь з Лукашэнкам, калгасам, „моцнай рукой і гаспадаркай“, з традыцыйнымі савецкімі каштоўнасьцямі, але насамрэч Беларусь — гэта краіна з тысячагадовай гісторыяй, з палацамі, кляштарамі, старажытнымі замкамі, зь Вялікім княствам і культурай, упісанай у агульнаэўрапейскі кантэкст», — адзначаецца ў апісаньні да кліпу.
Песьня запісаная на студыі Everest Audio. Кампазытар і аўтар словаў — сам Лявон Вольскі, на бас-гітары граў Алесь Францішак Мышкевіч, на гітары — Павал Трыпуць.
«Сем сымптомаў беларускасьці» — фільм Якаба Вёленштайна, рэжысэра і кіраўніка беларускага офісу фонду Конрада Адэнаўэра, што месьціцца ў Вільні.
Форум