«Вольны хор», які ў жніўні 2020 году знайшоў крэатыўны спосаб супраціву, выпусьціў новы кліп, прысьвечаны масавым пратэстам пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня чатыры гады таму .
«Тры гады мы жывем у выгнаньні. Тры гады прагнем вярнуцца дадому. Тры гады нясем беларускія песьні па сьвеце і апавядаем пра наш край. Беларусь! Мы прысьвячаем табе гэтую песьню, мы сьпяваем для цябе. Ты ў нашых думках і сэрцах. Жыве Беларусь!», — адзначаецца ў анатацыі да кліпу.
Словы і музыку песьні «Зорачкі» напісаў Сяргей Новік-Пяюн, апрацоўка Галіны Казіміроўскай.
«Вольны хор» узьнік у жніўні 2020 году. Паводле ўдзельнікаў, гэта стала рэакцыяй на палітычныя падзеі ў краіне. Хор нечакана зьяўляўся ў публічных месцах Менску — у мэтро, на вакзале, у опэрным тэатры, бібліятэцы, у філярмоніі, цырку, у гандлёвых цэнтрах, на мэмарыяле «Яма» — і выконваў кампазыцыі, якія сталі асабліва папулярнымі падчас беларускіх пратэстаў. Ён таксама ўдзельнічаў у дваровых канцэртах падчас пратэстаў у гарадах.
«Гэта аб’яднаньне музыкаў, якія ня могуць маўчаць, для якіх сьпевы і песьні — гэта сродак выказваньня сваёй пазыцыі», — кажуць пра сябе артысты.
У 2021 годзе многія ўдзельнікі «Вольнага хору» мусілі выехаць зь Беларусі ад перасьледу і ціску. У чэрвені 2023 году калектыў выступаў на пленарным пасяджэньні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
Форум