Расейскія вайскоўцы 7 лістапада нанесьлі чарговы авіяўдар па Запарожжы. Бомбы трапілі па жылых дамах і бальніцы, паведаміў кіраўнік рэгіянальнай ваеннай адміністрацыі.
Паводле апошняй інфармацыі, 4 чалавекі загінулі, яшчэ прынамсі 40 чалавек параненыя, паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі Іван Фёдараў. У лякарнях у стане сярэдняй цяжкасьці цяпер каля 30 чалавек. Ратавальнікі працягваюць разьбіраць завалы, таму колькасьць ахвяраў і пацярпелых яшчэ можа павялічыцца.
Паводле Фёдарава, сярод пацярпелых — чацьвёра дзяцей: чатырохмесячная дзяўчынка, аднагадовы, 5-гадовы і 15-гадовыя хлопчыкі.
Агулам па Запарожжы нанесьлі пяць удараў ракетамі і карэктаванымі авіяцыйнымі бомбамі, удакладніў Фёдараў. У выніку ўдараў разбураныя шматкватэрны дом, прыватныя дамы, а таксама пашкоджаны будынак анкалягічнай бальніцы, напісаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Сёньняшнюю атаку расейскія ўлады на момант публікацыі навіны не камэнтавалі.
- Расея ў 2022 годзе заявіла пра анэксію Запароскай вобласьці, нягледзячы на тое, што ніколі не кантралявала сам горад Запарожжа.
- Раней у выніку расейскага ўдару па Запарожжы ў ноч на пятага лістапада загінулі сем чалавек, 25 атрымалі раненьні. Як паведамлялі мясцовыя ўлады, удар быў нанесены па аб’екце інфраструктуры, дзе ўзьнік пажар.
- За апошнія содні расейскія войскі таксама нанесьлі ўдар па тэрыторыі Ўкраіны дронамі «Шахед». У выніку падзеньня бесьпілётнікаў у Кіеве і Адэсе ўспыхнулі пажары. Паветраную трывогу абвяшчалі ў дзевяці абласьцях Украіны.
Форум