Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча адпрэчыла абвінавачваньні ў сьмерці мігранта на мяжы зь Беларусьсю


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Польскі памежнік ля польска-беларускай мяжы
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Польскі памежнік ля польска-беларускай мяжы

Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы «рашуча адпрэчыла» абвінавачваньні ў сьмерці мігранта, знойдзенага 22 кастрычніка ў памежным Камянецкім раёне Берасьцейскай вобласьці, паведамляе партал onet.pl.

Паводле прэс-сакратара ведамства Януша Сеймея, на гэтым участку «не было выпадкаў перасячэньня мяжы або якіх-небудзь падзеяў, зьвязаных з актыўнасьцю мігрантаў», пры гэтым «ва ўказаны час узрасла актыўнасьць беларускіх службаў у гэтым раёне».

«Гэта яшчэ адзін прыклад зьяўленьня ў мэдыя фэйкавых навінаў, накіраваных супраць Польшчы. Хочам адзначыць, што вайна, якую вядзе Расея, выходзіць за рамкі ваенных дзеяньняў і выходзіць за межы тэрыторыі нашага ўсходняга суседа», — падкрэсьліў Сеймей.

У Памежнай ахове Польшчы onet.pl адмовілі ў камэнтары на гэтую тэму. «Мы не камэнтуем матэрыялы, разьмешчаныя ў інтэрнэце беларускімі службамі, разглядаючы іх як чарговыя элемэнты правакацыі і дэзінфармацыі», — паўтарыў прэс-сакратар памежнага ведамства Анджэй Юзьвяк.

23 кастрычніка Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што напярэдадні ўвечары ў Камянецкім раёне «паблізу польскага плота» знайшлі цела «ўцекача з Банглядэш». У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі абвінавацілі ўлады Польшчы ў тым, што яны «маюць намер афіцыйна адмяніць правы на прытулак, у рэчаіснасьці ўжо пазбавілі ўцекачоў права на жыцьцё». Польская міграцыйная палітыка, сьцьвярджае ведамства «са студзеня забіла шэсьць уцекачоў».

Частковае прыпыненьне права на прытулак у сувязі з крызісам на мяжы прапанаванае новай міграцыйнай стратэгіяй Польшчы, прынятай 15 кастрычніка.

  • Беларускія ўлады рэгулярна заяўляюць пра пакуты, фізычныя траўмы і гібель замежнікаў на мяжы з краінамі Эўразьвязу, нязьменна ўскладаючы адказнасьць за гэта на супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Польшчы, Літвы і Латвіі.
  • Міграцыйны крызіс на граніцы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
  • 27 кастрычніка 2023 году, камэнтуючы плыні нелегальнай міграцыі зь Беларусі ў краіны Эўразьвязу, Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Мы не адстойнік, мы нікога тут лавіць ня будзем. Тым больш вы (краіны Захаду. — рэд.) іх паклікалі. Няхай ідуць».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG