Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайскоўцы, журналісты і культурніцкі мэнэджар. Адкуль у Беларусі столькі «здраднікаў дзяржавы»


Мэдыямэнэджар Павал Белавус, асуджаны за «здраду дзяржаве» ў траўні 2023 году.
Мэдыямэнэджар Павал Белавус, асуджаны за «здраду дзяржаве» ў траўні 2023 году.

Колькі беларусаў абвінавачваюцца ў «здрадзе дзяржаве», што ім інкрымінуецца, чаму ім даюць такія шалёныя тэрміны? Якую шкоду дзяржаве могуць нанесьці простыя вяскоўцы альбо заснавальнік Symbal. by?

Артыкул 356 («Здрада дзяржаве») у абноўлены Крымінальны кодэкс перайшоў у спадчыну яшчэ з савецкіх часоў. У СССР здрадай дзяржаве лічыліся «наўмыснае дзеяньне, накіраванае на страту дзяржаўнай незалежнасьці, ваеннай магутнасьці; пераход на бок ворага; шпіянаж; выдача дзяржаўнай альбо ваеннай тайны; уцёкі за мяжу альбо невяртаньне; аказаньне замежнай дзяржаве дапамогі ў правядзеньні варожай дзейнасьці», а таксама «змова з мэтай захопу ўлады».

З 1990-х па 2020 год у Беларусі паводле гэтага артыкула судзілі толькі за шпіянаж у вайсковай сфэры і выдачу дзяржаўнай таямніцы. Суды былі закрытыя, інфармацыі пра іх мала.

«Гэта яскравы прыклад нявызначанасьці»

У артыкуле 356 Крымінальнага кодэксу здрада дзяржаве апісваецца так:

1. Выдача замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, а таксама зьвестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты іншых дзяржаў, або шпіянаж, або пераход на бок ворага падчас вайны або збройнага канфлікту, альбо іншае аказаньне дапамогі замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам у правядзеньні дзейнасьці, накіраванай на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна зьдзейсьненыя грамадзянінам Рэспублікі Беларусь (здрада дзяржаве), — караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў са штрафам ці бяз штрафу.

2. Здрада дзяржаве, учыненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца, караецца тэрмінам ад 10 да 20 гадоў.

Павал Сапелка
Павал Сапелка

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка кажа, што фармулёўка «іншае аказаньне дапамогі замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам» — надзвычай расплывістая, неканкрэтная.

«Гэта яскравы прыклад нявызначанасьці і дыспазыцыі, якая дазваляе адвольна выкарыстоўваць закон у самых розных па характары, сэнсе, зьмесьце сытуацыях. Гэта пакідае для сьледчых, сілавікоў, КДБ шырокае поле дзейнасьці і дае ўсе інструмэнты для перасьледу грамадзян з палітычных матываў, што і адбываецца сёньня», — лічыць Павал Сапелка.

У канцы лютага старшыня КДБ Іван Тэртэль казаў, што паводле 356-га артыкула асудзілі 45 чалавек. Больш сьвежай статыстыкі не прыводзілася.

Іван Тэртэль на прыёме ў Лукашэнкі, травень 2024
Іван Тэртэль на прыёме ў Лукашэнкі, травень 2024


Цяпер «здраднікаў дзяржаве» можа быць істотна больш.

Прайшлі закрытыя завочныя суды над лідэрамі апазыцыі (у тым ліку над Сьвятланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам, Марыяй Мароз, Вольгай Кавальковай, Сяргеем Дылеўскім; таксама над прадстаўнікамі ByPol Аляксандрам Азаравым, Мацьвеем Купрэйчыкам, Уладзімерам Жыгарам, Алегам Талерчыкам, Андрэем Астаповічам ды іншымі, якіх абвінавацілі і ў здрадзе дзяржаве, прысудзіўшы ім ад 10 да 25 гадоў зьняволеньня. Такім чынам, колькасьць асуджаных, у тым ліку і паводле 356-га артыкула, набліжаецца да васьмі дзясяткаў.

Некалькі дзясяткаў «здраднікаў» пад сьледзтвам. Сярод іх і вядомыя людзі. Каталіцкі сьвятар з Валожына Генрых Акалатовіч мае сур’ёзныя праблемы са здароўем — перанёс інфаркт і складаную анкалягічную апэрацыю на страўніку.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Belarus Security Blog, спэцыяліст у праблемах бясьпекі Андрэй Паротнікаў быў затрыманы ў Маскве і ўжо амаль паўтара года ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ.

Бадай, першымі «за здраду дзяржаве» пачалі судзіць вайскоўцаў, якіх абвінавачвалі ў «зьліве інфармацыі» незалежным СМІ. Потым дадаліся і журналісты, мэдыямэнэджары, прафсаюзныя лідэры, праграмісты, дзеячы культуры.

Рэкардсмэн у тэрміне зьняволеньня — Мікалай Аўтуховіч. Па вэрсіі сьледзтва, ён кіраваў «тэрарыстычнай групоўкай», якая нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі ў Горадні, нелегальна правозіла зброю і выбухоўку з Украіны, рыхтавала тэракты. Сярод прызнаных вінаватымі ў справе Аўтуховіча — актывіст з інваліднасьцю, пэнсіянэрка, сям’я сьвятара.

Аўтуховіча прыгаварылі да 25 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле 10 артыкулаў, сярод якіх і «здрада дзяржаве».

Самая масавая групоўка, асуджаная ў тым ліку і па 356-м артыкуле, — 10 прадстаўнікоў «Рабочага руху», яны атрымалі ад 11 да 15 гадоў зьняволеньня.

Дзяніс Урад
Дзяніс Урад


Вайскоўцы — ад 10 да 19 гадоў турмы

Першым пасьля 2020 году за «здраду радзіме» быў асуджаны капітан Генэральнага штабу Дзяніс Урад, які расказаў пра пляны прыцягнуць войска для здушэньня пратэстаў на Дзень Волі. Ён нібыта сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных спраў міністру абароны і «даслаў польскаму тэлеграм-каналу». Справа разглядалася ў Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме, вырак вынес судзьдзя Аляксандар Лупіновіч — 18 гадоў турмы.

У сакавіку 2021-га дзяржтэлеканал ОНТ паказаў фільм «Манкурты», у якім паведамлялася, што падпалкоўнік КДБ Аляксандар Храловіч у лістападзе 2020-га перадаў тэлеграм-каналу Nexta запісы тэлефонных перамоваў Натальлі Эйсмант з чыноўнікамі, падчас якіх абмяркоўваліся падзеі, зьвязаныя са сьмерцю Рамана Бандарэнкі. Храловічу прысудзілі 10 гадоў зьняволеньня.

Дзьмітры Самсонаў, падпалкоўнік галоўнага выведнага ўпраўленьня Міністэрства абароны, служыў у сакрэтнай частцы № 15738. Гэтае ўпраўленьне мае доступ да матэрыялаў, атрыманых КДБ, у тым ліку і шляхам праслухоўваньня. Крыніцы сьцьвярджаюць, што Самсонаў мог быць датычны да гучных зьліваў перамоваў Эйсмант, Шакуты і Баскава восеньню 2020-га. Ён асуджаны на 19 гадоў турмы.

На такі ж тэрмін — 19 гадоў — асуджаны і былы вайсковец, капітан Павал Кучынскі. Падрабязнасьці і дэталі невядомыя.

Журналісты і мэдыямэнэджары — ад 8 да 14 гадоў

Журналістку тэлеканалу «Белсат» Кацярыну Бахвалаву (Андрэеву) затрымалі 15 лістапада 2020 году за стрым з «плошчы Перамен», у якім паказалі ў жывым этэры жорсткі разгром сілавікамі мірнай акцыі ў памяць забітага сілавікамі Рамана Бандарэнкі. Кацю з калегай Дар’яй Чульцовай асудзілі паводле «народнага» 342 артыкула на 2 гады.

Кацярына Андрэева
Кацярына Андрэева


Але ў 2022 годзе Кацярыне выставілі новае абвінавачаньне — у «здрадзе дзяржаве». Сьледзтва праходзіла ва ўмовах поўнай сакрэтнасьці — цягам 55 дзён пасьля пераводу з гомельскай калёніі ў СІЗА сваякі ня ведалі ні яе статусу, ні артыкулаў. Суд быў закрыты. Дагэтуль невядома, што канкрэтна ў дзейнасьці маладой журналісткі палічылі «здрадай дзяржаве». Прысуд — 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўленьня волі.

Карэспандэнта «Новага часу» і аўтара журналісцкіх расьсьледаваньняў Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ у сакавіку 2021 году «за ўмяшаньне ў дзейнасьць міліцыі». Увосень 2021-га на журналіста завялі справу аб «здрадзе дзяржаве». У сакавіку 2022 году КДБ абвінаваціў Івашына ў супрацоўніцтве з украінскай выведкай. Журналісту прысудзілі 13 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Журналіста і мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава і прадпрымальніцу Ірыну Злобіну, фігурантаў справы інфармагенцтва БелаПАН, затрымалі ў студзені 2021 году праз падазрэньне «ў фінансаваньні пратэставай дзейнасьці, фінансаваньні асоб, якія бралі ўдзел у пратэстах у Менску, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў і пакрыцьця сродкаў на ўтрыманьне ў ЦІП і ІЧУ». Пазьней Аляксандрава і Злобіну абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве».

У 2022 годзе на закрытым працэсе Аляксандраву прысудзілі 14 гадоў, Ірыне Злобінай — 9 гадоў.

Андрэй Аляксандраў
Андрэй Аляксандраў


Культурны мэнэджар, які «стымуляваў варожасьць суайчыньнікаў», — 13 гадоў

Культурны мэнэджар, заснавальнік і дырэктар пляцоўкі «Арт-Сядзіба», стваральнік і кіраўнік крамы Symbal. by Павал Белавус некалі прыдумаў беларускі Дзень вышыванак і ўвёў у моду так званыя «вышымайкі». А ў траўні 2023-га Паўла прызналі вінаватым у здрадзе дзяржаве. Вось фрагмэнт ягонага абвінавачаньня.

«Пад выглядам культурна-гістарычнага разьвіцьця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх зьяўлялася зьмена дзяржаўнай улады ў Беларусі.

Сьледзтвам устаноўлена, што абвінавачаны ў інтарэсах замежных арганізацый для больш хуткай зьмены дзяржаўнай улады стымуляваў варожасьць суайчыньнікаў у адносінах да радзімы. Сваімі злачыннымі дзеяньнямі Павал Белавус на працягу 10 гадоў ставіў пад пагрозу вонкавую і ўнутраную бясьпеку дзяржавы».

Павал Белавус атрымаў 13 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Бубнач — 9, ІТшнік — 10, бізнэсовец — 11 гадоў

32-гадовы Яўген Глушкоў скончыў вэтэрынарную акадэмію ў Віцебску, адслужыў у спэцназе памежных войскаў, некаторы час жыў ва Ўкраіне, граў на бубнах у музычных гуртах.

Яўген жыў у вёсцы Зябраўка, каля якой знаходзіцца аэрадром, дзе з пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну разьмяшчаліся расейскія вайскоўцы. Сілавікі знайшлі ў тэлефоне Глушкова старое фота аэрадрома і кантакты ўкраінцаў. Гэта стала падставай для абвінавачаньня ў «дзяржаўнай здрадзе». Прысуд — 9 гадоў.

Праграміст Дзьмітры Маставы — фігурант справы аб нападзе на расейскі самалёт у Мачулішчах. Па вэрсіі сьледзтва, Маставы арганізаваў онлайн-трансьляцыю з аэрадрома, які знаходзіцца недалёка ад ягонага дома. Пры гэтым арганізацыя BYPOL, якая ўзяла на сябе адказнасьць за атаку, заявіла, што ўсе яе ўдзельнікі пасьпяхова пакінулі Беларусь. Маставога асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Дзьмітры Маставы
Дзьмітры Маставы


Бізнэсоўца, заснавальніка візавага цэнтру Гішпаніі ў Беларусі Руслана Лабанка ў 2021 годзе затрымалі ў аэрапорце «Менск» супрацоўнікі КДБ — у той дзень ён зьбіраўся пакінуць Беларусь. Лабанка прыгаварылі да 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму па артыкулах аб «здрадзе дзяржаве» і «даваньні хабару». Дэталі справы невядомыя.

Вясковая сям’я Прохаравых з-пад Гомля асуджаная на тэрміны ад 8 да 11 гадоў. Этнічны ўкраінец, былы дэсантнік Васіль Прохараў асуджаны на 11 гадоў калёніі. Ягоная жонка Ларыса і сын Павал — на 8 гадоў зьняволеньня. Яшчэ аднаму фігуранту справы, настаўніку беларускай мовы Руслану Прахарэнку, прысудзілі 10 гадоў калёніі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, крымінальная справа тычыцца фатаграфаваньня розных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі.

Новыя «здраднікі» штотыдзень

Цяпер за здраду дзяржаве судзяць 18-гадовага Станіслава Шапеля з Быхава, якога паказалі ў прапагандысцкім фільме ОНТ «Дзеці на прыцэле». Нібыта ў студзені 2023 году хлопец (тады яму было яшчэ 16) шукаў працу ў інтэрнэце і натрапіў на махляроў, якія прапанавалі працаваць курʼерам — забіраць і перавозіць грошы.

Юнака прымусілі запісаць відэа, на якім ён заяўляе, што падтрымлівае Ўкраіну і быццам бы згаджаецца працаваць на СБУ. Яго асудзілі спачатку за махлярства, а пасьля абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве». Цяпер Шапелю пагражае ад 7 да 15 гадоў калёніі.

26 ліпеня ў Менскім гарадзкім судзе пачнецца суд па справе за «падрыхтоўку тэракту ў Дзень перамогі пад куратарствам Кіева». Па справе праходзяць 5 чалавек — чацьвёра ва ўзросьце да 30 гадоў і маці адной з абвінавачаных. У віну ім ставяцца адразу 6 артыкулаў, сярод якіх і «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Працэс у закрытым рэжыме будзе весьці Сяргей Хрыпач, вядомы сваімі жорсткімі прысудамі шмат у якіх палітычных справах.

«Сродак для палітычнага перасьледу»

Асаблівасьці выкарыстаньня артыкула 356 — «здрада дзяржаве» — Свабода папрасіла пракамэнтаваць праўніка, былога адваката Міхаіла Кірылюка.

Міхаіл Кірылюк
Міхаіл Кірылюк


Сам ён, працуючы ў Беларусі да 2020 году, на практыцы ніколі не сутыкаўся са справамі аб «здрадзе дзяржаве» і ня чуў ад калегаў, што такія справы былі. Зьяўленьне такой вялікай колькасьці абвінавачаных у «здрадзе дзяржаве» ў Беларусі Кірылюк тлумачыць спосабам ажыцьцявіць палітычны перасьлед.

«З пункту гледжаньня права гэты артыкул выкарыстоўваецца як сродак для палітычнага перасьледу. Каб пасадзіць чалавека ў турму і сапсаваць яму рэпутацыю — маўляў, ён здраднік. Суды ідуць у закрытым рэжыме. Калі б сапраўды былі сур’ёзныя доказы, што нейкія людзі выдавалі значныя дзяржаўныя сакрэты для замежных дзяржаў, я ўпэўнены, што суды былі б адкрытыя. Каб паказаць усім беларусам, як адміністрацыя Лукашэнкі абараніла іх ад распаўсюджваньня дзяржаўных таямніц. А тут усё наадварот. Ніякай сакрэтнай інфармацыі не было. Узровень доказаў такі слабы, што на публіку яго паказваць — атрымаць новую хвалю ганьбы і санкцый», — кажа Кірылюк.

Паводле юрыста, гэты артыкул КК, напісаны адміністрацыяй Лукашэнкі, з аднаго боку, вельмі дакладны — прынамсі першая частка, дзе ідзе пералік дзеяньняў, кшталту «выдача замежнай дзяржаве дзяржаўных сакрэтаў» альбо «шпіянаж». Аднак праўнік заўважае, што паняцьце дзяржаўнай таямніцы можа быць канкрэтна прапісана, і выдаць яе можа толькі той, хто нейкім чынам атрымаў да яе доступ. І выказвае сумнеў, што такія рэчы могуць ведаць журналісты, музыкі ці сьвятар.

Сярод абвінавачаных у здрадзе дзяржаве шмат людзей, які перадавалі інфармацыю пра перасоўваньне расейскай тэхнікі, жыхароў Гомельшчыны. Праўнік выказвае меркаваньне, што тэарэтычна іх маглі падазраваць у «пераходзе на бок ворага».

«Што тычыцца тых людзей, якія перасылалі зьвесткі ў „Беларускі гаюн“ ці СМІ аб перасоўваньні расейскіх войскаў на памежных тэрыторыях — у маіх вачах здраджваюць радзіме не яны, а тыя людзі, што абслугоўвалі расейскія самалёты, якія з тэрыторыі Беларусі ляцелі бамбіць Украіну, адчынялі вароты танкавым калёнам, якія ішлі ва Ўкраіну.

Суд мог выкарыстоўваць фармулёўку „пераход на бок ворага падчас вайны альбо збройнага канфлікту“. Але ж наша дзяржава не ваюе, ня ўдзельнічае ў канфліктах. Адміністрацыя Лукашэнкі не прызнае, што яна ўдзельнічае ў вайне Расеі супраць Украіны. Хоць згодна зь міжнародным правам гэты ўдзел абазначаны: прадастаўленьне тэрыторыі, абслугоўваньне тэхнікі. Таму лягічна згодна зь іхнай лёгікай выкарыстоўваць гэты артыкул», — адзначае юрыст Міхаіл Кірылюк.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG