Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў у кіраўніцтва ўнутранымі войскамі МУС камандзіра менскага спэцназу


Дзьмітры Мікша
Дзьмітры Мікша

Аляксандар Лукашэнка зьмяніў намесьніка камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Беларусі, паведаміла 5 лістапада прэс-служба Лукашэнкі.

Новым намесьнікам камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Мікалая Карпянкова стаў палкоўнік Дзьмітры Мікша, які да гэтага займаў пасаду камандзіра вайсковай часткі 3214 (3-я асобная брыгада спэцыяльнага прызначэньня, базуецца ў менскім раёне Ўручча).

Палкоўнік Сяргей Грабеньнікаў звольнены з ваеннай службы ў запас па ўзросьце з правам нашэньня вайсковай формы і знакаў адрозьненьня.

У канцы 1990-х Дзьмітры Мікша ўзначальваў роту выведкі спэцыяльнага прызначэньня ў складзе вайсковай часткі 3214. Па словах палкоўніка запасу Зьмітра Паўлічэнкі, рота Мікшы займалася «вышукам, ліквідацыяй базаў РНЕ [Рускага нацыянальнага адзінства], „Белага легіёну“, „Беларускай партыі свабоды“». «Экстрэмісты, якія спрабавалі дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне, стваралі летнія лягеры, дзе вучылі моладзь спосабам супрацьстаяньня супрацоўнікам міліцыі», — казаў тады Паўлічэнка.

Частка 3214 Унутраных войскаў МУС удзельнічала ў разгонах масавых пратэстаў, у тым ліку і ў 2020 годзе. Вайскоўцаў в\ч 3214 спэцыяльна навучаюць разганяць масавыя мерапрыемствы. Дэманстрацыю такога разгону паказвалі Аляксандру Лукашэнку падчас яго наведваньня вайсковай часткі ў ліпені 2020 году.

У час міграцыйнага крызісу 2021 году вайсковая частка 3214 удзельнічала ў ахове беларуска-польскай мяжы.

У свой час часткай 3214 камандаваў Дзьмітрый Паўлічэнка. 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Паўлічэнкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG