Прааналізаваўшы сайты goszakupki.by і icetrade.by, дзе разьмешчаныя тэндэры на дзяржаўныя закупкі, zerkalo.io зрабіла выснову, што больш за ўсё сродкаў вайсковая частка 3214 выдаткоўвае на будаўніцтва гаражоў і мыйкі для сваіх аўтамабіляў. У прыватнасьці, рэканструкцыя сховішчаў тэхнікі ў аўтамабільным парку будзе каштаваць бюджэту 6,568 мільёна рублёў, рэканструкцыя будынка боксаў пад аўтамыйку — 4,072 мільёна рублёў.
Таксама будзе набытая і спэцыяльная зброя, у тым ліку для трэніроўкі стральбы — 30 стралковых комплексаў «Блік» за 500 тысячаў рублёў. Яшчэ 210 тысячаў рублёў пойдзе на чатыры ручныя комплексы супрацьдзеяньня бесьпілётнікам.
100 страйкбольных аўтаматаў і пісталетаў з боепрыпасамі абыдуцца дзяржаўнаму бюджэту ў 180 тысячаў рублёў.
Не забыліся і пра спэцыяльную амуніцыю. Будзе набыты 341 ахоўны гарнітур за 78 000 рублёў. Іх прызначэньне — «для абароны скурных пакроваў чалавека ад атрутных рэчываў (у тым ліку і ад моцнадзейных атрутных рэчываў), біялягічных сродкаў, радыяактыўнага пылу, а таксама для зьніжэньня заражэньня абмундзіраваньня і рыштунку».
У сьпісе закупаў — і 158 відэакамэраў за 50 тысячаў рублёў.
- Частка 3214 Унутраных войскаў МУС удзельнічала ў разгонах масавых пратэстаў, у тым ліку і ў 2020 годзе.
- У свой час часткай 3214 камандаваў Дзьмітрый Паўлічэнка. 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.