Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У фінскім Тампэрэ закрываюць музэй Леніна — апошні па-за межамі Расеі


Сымболіка музэю Леніна ў Тампэрэ
Сымболіка музэю Леніна ў Тампэрэ

Музэй бальшавіцкага правадыра дзейнічаў у буйным фінскім горадзе амаль 80 гадоў.

Музэй Уладзіміра Леніна, які працуе ў Тампэрэ з 1946 году, у нядзелю, 3 лістапада зачыняецца назаўсёды. У гонар гэтага ў апошні дзень музэй адчыніў дзьверы для ўсіх ахвотных.

За сваю амаль 80-гадовую гісторыю музэй зьведаў зьмены ад асабістага пакланеньня Леніну і напаўафіцыйнага пратаколу ўсходняй палітыкі да кур’ёзу, які нават карыстаецца рэпутацыяй культу, піша фінскае выданьне MTV.

Музэй у Тампэрэ цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў заставаўся апошнім музэем бальшавіцкага правадыра ў заходніх краінах. Ён разьмешчаны ў старой бальнай залі Дому рабочых Тампэрэ, дзе Ленін і Сталін убачыліся адзін з адным вясной 1905 году на сакрэтнай сустрэчы. Нібыта на той сустрэчы абмяркоўвалася канцэпцыя, якая ў будучыні легла ў аснову стварэньня СССР.

«Так, мы зыходзім з таго, што Савецкі Саюз — гэта вынаходніцтва з Тампэрэ. Гэта не найлепшае вынаходніцтва, але, безумоўна, самае вядомае,» — сказаў дырэктар музэю Кале Каліё.

Таварыства Фінляндыя-Расея адмовілася ад уласнасьці на музэй у 2013 годзе, і ён стаў часткай Рабочага музэю Вэрста. Новы гаспадар практычна цалкам адрамантаваў экспазыцыю.

«У той час мы рабілі грунтоўныя апытаньні наведвальнікаў, і яны паказалі, што наведвальнікі музэю хочуць больш інфармацыі пра КДБ, лягеры, дысыдэнтаў і савецкія будні, а таксама савецкі гумар. Згодна зь імі, мы потым зьмянялі музэй. Уласна, мы ўжо тады маглі адмовіцца ад назвы „Музэй Леніна“», — кажа Каліё.

У музэі экспануюцца, між іншым, мініяцюрны макет лягеру ГУЛАГа, скураная куртка афіцэра НКВД, экіпіроўка савецкай зборнай у хакеі, цэлая гасьцёўня савецка-эстонскай сям'і 1980-х гадоў і адно з самых вядомых у сьвеце савецкіх вынаходніцтваў — кампутарная гульня тэтрыс.

У сярэдзіне лютага 2025 году ў тым самым памяшканьні адкрыецца новы музэй усходніх адносін Nootti, які разглядае адносіны паміж Фінляндыяй і яе ўсходнімі суседзямі ў больш шырокім ракурсе, чым цяперашні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG