Колькі ні лавілі НКВДысты апавядальнікаў антысавецкіх анэкдотаў і выканаўцаў крамольных прыпевак, колькі ні выдумлялі „фальклярысты“ ў пагонах псэўданародных ідэйна правільных выслоўяў, з вуснаў у вусны пераходзілі сапраўды народныя показкі, выслоўі, прыпеўкі пра наступствы „Вялікага Кастрычніка“. Дзелімся з чытачамі жывой народнай мудрасьцю.
Так ёй і трэба!
Калгасны сход. Старшыня ўзнагароджвае найлепшых калгасьнікаў.
— 3-я прэмія — даярцы Ганьне Красулі: хустка.
— 2-я прэмія — конюху Якубу Хвасту: патэфон.
— 1-я прэмія — сьвінарцы Прузыне Парсюк: поўны збор твораў Леніна!
Голас у залі:
— Так ёй, сьцерве, і трэба!
Запісаў ад асуджаных за анэкдоты Аўген Калубовіч